Гэтыя людзі штомесяц па ўласнай волі пераводзяць грошы хворым дзецям…

 Для Таццяны Салдаценка дабрачыннасць стала жыццём.

Для Таццяны Салдаценка дабрачыннасць стала жыццём.

Таццяна Салдаценка нарадзілася праз два дні пасля Чарнобыля. Чатыры гады апякуецца пацыентамі дзіцячага анкагематалагічнага цэнтра, але супадзенне датаў нараджэння і жахлівай катастрофы лічыць проста супадзеннем. Я заўсёды хацела камусьці дапамагчы, кажа Таццяна. Так яна ўрэшце і трапіла з групай валанцёраў у Бараўляны.

Дабрачыннасць у такім месцы — псіхалагічна цяжкая праца. Першыя гады Таццяна займалася акурат маральнай падтрымкай хворых — цэлымі днямі бавіла з імі час. Дзяўчыну папярэдзілі, што па статыстыцы каля 70% дзяцей адольваюць хваробу. Але яна і не ўяўляла сабе, што азначае рэшта гэтай сухой статыстыкі. Дзіма, Андрэй, Саша, зямлячка Люда…

Яны адыходзілі адзін за адным, а Таццяна давала сабе зарок больш не ездзіць у Бараўляны. Валанцёрства тут — гэта калі ты жывеш не сваім жыццём, а радасцямі і горам тых, каму дапамагаеш. Усе падапечныя Таццяны рабіліся яе сябрамі. Яна знаёмілася з іх роднымі, развітвалася з імі назаўсёды.

У пачатку гэтага года побач з бараўлянскім анкацэнтрам Таццяну збіла машына. Лячэнне і рэабілітацыя занялі восем месяцаў. Але няма ліха без дабра — дзякуючы таму здарэнню Таццяна знайшла сабе мужа. І пачала новы этап у жыцці.

Яна больш не магла аддаваць усю сябе маральнай падтрымцы хворых дзяцей, але і спыніцца не здолела. Вырашыла займацца дапамогай матэрыяльнай, якая дазваляе трымаць дыстанцыю з падапечнымі. Пры гэтым Таццяна катэгарычна супраць параўнання такой метамарфозы з паэтапным пазбаўленнем ад шкоднай звычкі. «Калі ўцягнуўся ў гэтую справу, то кінуць яе нашмат цяжэй, чым пачаць. Практычна немагчыма».

Сумнае лідарства Гомельшчыны

«Што б ні казалі, а гомельскіх у анкацэнтры шмат. І не так з вобласці, як акурат з Гомеля», — заўважае Таццяна. Страшная хвароба не шкадуе ні бедных, ні багатых. Шмат дзетак з неўладкаваных сем’яў. Здараецца і так, што моцныя сем’і руйнуюцца хваробай — хворага трэба доўга глядзець, хтосьці з бацькоў вымушаны месяцамі сядзець у бальніцы. Губляецца праца, муж пачынае піць…

Побыт бацькоў у Бараўлянах варты асобнай тэмы. Паўстае пытанне начлегу, харчавання, асабістай гігіены. «Спяць, як удасца, бо адмысловых пакояў для родных не прадугледжана», — кажа валанцёрка. Для малых дзетак патрэбныя памперсы, на якія ў іх мацярок, якія часта застаюцца са сваёй бядой сам-насам, проста не стае грошай.

З гэтымі пытаннямі Таццяна сутыкнулася з першых дзён сваёй дзейнасці, актуальнымі яны застаюцца і цяпер.

Сацыяльныя сеткі — бяда і шчасце

Пры канцы 80-х газета «Піянер Беларусі» (сёння — «Раніца») ініцыявала першы ў краіне збор сродкаў для лячэння скалечанага электратокам хлопчыка. Тады гэта было ў навінку і ўгаворваць ахвяраваць грошы арганізатарам амаль не давялося.

Сёння ж многія газеты маюць адмысловыя рубрыкі. Падобнымі гісторыямі, калі некаму тэрмінова трэба сродкі на аперацыю за мяжой, перапоўнены інтэрнэт. Людзі перасычаныя, прызнае Таццяна, многіх апаноўвае перакананне, што «ўсім не дапаможаш», а каго-нікаго жаласлівыя гісторыі пачынаюць раздражняць не менш, чым навязлівыя піяр-кампаніі мабільных аператараў.

І тым не менш, Таццяна лічыць, што развіццё інфармацыйных тэхналогій дае нашмат больш перавагаў, чым шкоды. Дзякуючы сацыяльным сеткам і блогам яна значна пашырыла кола дабрачынцаў. Пры гэтым Таццяна адчула палёгку ад таго, што цяпер працуе найбольш з незнаёмымі людзьмі, якім яна ні чым не абавязаная, як, зрэшты, і яны ёй. З’яўленне сістэмы электронных плацяжоў таксама спрыяе валанцёрам.

Клуб 5000

Пераключыўшыся з маральнай дапамогі на матэрыяльную, Таццяна нейкі час збірала грошы па сябрах і знаёмых. Давалі хто колькі зможа. Хтосьці саромеўся, што мала ахвяруе, многія ленаваліся пераказаць грошы.

Тады ўзнікла ідэя стварыць суполку, сябры якой ахвяравалі б раз на месяц фіксаваную суму. Так, год таму ўтварыўся Клуб пяцітысячнікаў — кожны, хто да яго далучаецца, пераказвае на рахунак EasyPay 5000 рублёў у месяц. Ахвяраванні дзеляцца паміж падапечнымі клуба — пацыентамі дзіцячага анкагематалагічнага цэнтра.

На сёння іх чатыры чалавекі, сярод іх супрацоўніца Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай анкалогіі і гематалогіі Віялета Гаўрына, якая аддала працы з дзецьмі 17 год. Складкі ідуць на самае неабходнае, бо па большасці падапечныя клуба — дзеці з малазабяспечаных сем’яў.

Насці Навумавай у чэрвені набылі мабільны тэлефон для сувязі з мамай і бабуляй. Крысціне Лук’янчык трэба адмысловыя прэпараты, каб пераадолець наступствы хваробы. Дзянісу Мажараву — спецыяльнае харчаванне. Cваім падапечным апекуны набываюць дыетычны харч, лекі, часам не зарэгістраваныя ў Беларусі, біялагічна актыўныя дадаткі.

«Мёртвым грошы не патрэбныя»

Кажуць, свет не без добрых людзей. Але хапае між нас і нелюдзяў. Аднойчы «вконтакте» да Таццяны звярнуўся незнаёмец. Прапанаваў стварыць сайт падтрымкі канкрэтнага хворага дзіцяці, арганізаваць збор сродкаў, а потым… забраць іх сабе. «Мёртвым грошы не патрэбныя, а мы можам зарабіць дзясяткі тысяч даляраў», — угаворваў «разумнік».

«Мяне палохае і абурае, што такія людзі ёсць. І тое, што хтосьці можа прыняць такую прапанову», — кажа яна.

Недавер да акцый па зборы грошай для хворых мае падставы. Адна сям’я пачала збіраць грошы на перасадку спіннога мозгу для сваёй дачкі. Сабралі 40 тысяч даляраў, потым 100, а затым і ўсе 200. І толькі пасля гэтага высветлілася, што аперацыя не патрэбная, што, пачаўшы збіраць грошы, бацькі нават не парупіліся адшукаць неабходную клініку. Акцыя шырока асвятлялася і прыцягнула ўвагу. Тым часам камусьці аперацыя сапраўды была жыццёва неабходная...

Давярай ды правярай. Таццяна раіць усім, хто займаецца падобнымі справамі, наведвацца ў такія сем’і, каб пераканацца ў неабходнасці збору сродкаў, пабачыць на ўласныя вочы неабходныя дакументы.

Валанцёрамі нараджаюцца

Валанцёр — гэта не прафесія, гэта стан душы, жаданне за проста так дапамагаць іншым людзям. Людзі такімі нараджаюцца. І іх мала. Штодзень Таццяна праз сацыяльныя сеткі знаёміць са справамі клуба каля 40 чалавек. З іх у сярэднім 4 чалавекі дэкларуюць уступленне ў клуб. І толькі адзін застаецца.

На сёння ў клубе каля 2000 чалавек, з іх сотня ахвяруе грошы больш-менш рэгулярна (за месяц набягае ад 300 да 600 тысяч рублёў). З іх толькі паўтара дзясятка адважваюцца на нешта большае за паход да бліжэйшай пошты. Гэтыя пятнаццаць выявіліся сапраўднымі валанцёрамі.

Таццяна прызнаецца, што ў самой яе валанцёрства займае каля паловы яе вольнага часу. Але гэта сухі падлік, бо, насамрэч, гэтым жывеш увесь час.

***

Пералічыць грошы на лячэнне Віялеты Гаўрынай можна на рахунак:

ААТ «ААБ Беларусбанк», аддзяленне № 176, Ф-л № 511

УНН 100349858

Код банка: 153001815

Рахунак № 01022572

Транзітны рахунак № 3819382103561

Адрас банка: г. Мінск, вул. Ванеева, 18.

Грошы таксама можна пералічыць праз інтэрнэт на кашалёк ЕаsуРау № 08492425, не забудзьцеся пазначыць: на лячэнне Віялеты Гаўрынай.

Клуб 5000: УКантакце, facebook, livejournal.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?