Былы прэм’ер-міністр Міхаіл Чыгір расказаў, чаму ўзяў удзел у альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбарах, што можа зрабіць Расія з нашай краінай і чым скончыцца цяперашняя эканамічная палітыка беларускіх уладаў.

-- Чаму Лукашэнка пасля перамогі менавіта вас запрасіў стаць прэм'ер-міністрам Беларусі? Нагадаю, што ў 1991—1994 вы былі старшынёй праўлення акцыянернага камерцыйнага Белаграпрамбанка. Вы не былі вядомым публічным палітыкам, вы не былі ў перадвыбарнай камандзе Лукашэнкі. Чаму менавіта вы?

-- Па-першае, хачу запярэчыць з нагоды сцверджання, што я «не быў вядомым публічным палітыкам». Я выйшаў з сістэмы дзяржаўнага банка. Працаваў у абласной і рэспубліканскай структурах ЦК партыі. Мяне ведалі многія кіраўнікі прамысловых прадпрыемстваў і практычна ўсе кіраўнікі аграпрамысловага комплексу.

Ведалі мяне ў Саўміне і Вярхоўным Савеце. У Вярхоўным Савеце, дэпутатам якога быў А. Лукашэнка, мяне неаднаразова слухалі на камісіях і сесіях.

Па-другое, з Лукашэнкам мне даводзілася мець зносіны асабіста. Саўгас, дырэктарам якога ён быў, абслугоўваўся ў падпарадкаваным мне банку. Аднойчы Лукашэнка звярнуўся да мяне са скаргай на аддзяленне Шклоўскага аддзялення і прасіў дапамагчы вырашыць пытанне, якое буксавала там.

-- Што гэта было за пытанне?

-- Лукашэнка чамусьці вырашыў перавесці свой саўгас на абслугоўванне ў іншы банк, але ў раёне яму катэгарычна адмаўляліся выдаць дакументы. Мне давялося патэлефанаваць у Шклоўскае аддзяленне і запатрабаваць, каб аддзяленне выканала просьбу кліента.

Аднак, думаю, абраў мяне А. Лукашэнка перш за ўсё таму, што лічыў прыхільнікам адміністрацыйнага развіцця дзяржавы. Чатыры гады я працаваў у эканамічным аддзеле ЦК КПБ. Ведаў, як мусіць працаваць адміністрацыйная эканоміка.

Калі я ўжо быў прэм'ерам, Лукашэнка мне часам задаваў пытанне: «А як бы зрабілі ў ЦК?»

Калі ён мяне запрасіў стаць прэм'ерам, я спачатку не згаджаўся. У мяне быў выдатны банк, я хацеў яго далей развіваць, заробак там значна большы, чым у прэм'ер-міністра. Таму Лукашэнка пачаў на мяне псіхалагічна ціснуць: маўляў, вось вы, банкіры, добра ўладкаваліся, а калі трэба на Радзіму папрацаваць, то вы адразу ўбок.

Урэшце я пагадзіўся, аднак дамовіліся - я не ўмешваюся ў палітыку, а ён дасць мне свабоду дзеянняў у эканоміцы. І першапачаткова так і было, але вельмі хутка пра маю свабоду ў сферы эканомікі Лукашэнка стаў забываць.

-- Як толькі вы былі прызначаныя, адразу з'явіліся размовы: таму што Белаграпрамбанк матэрыяльна дапамагаў Лукашэнку падчас выбарчай кампаніі.

-- Ды ну, пра што вы кажаце. Гэта была, па сутнасці, дзяржаўная структура, чым яна можа дапамагчы на выбарах? Гэта можа ці прыватны банк, ці той банк, дзе робяць нешта левае.

Працу Белаграпрамбанка ў 1999—2001 праверыла група з 24 следчых і аператыўных працаўнікоў. Гэта не лічачы экспертаў і спецыялістаў, якія прыцягваюцца падчас следства. Апытаныя сотні работнікаў банка і кліентаў. Кожны дакумент за маім подпісам аналізаваўся. І што знайшлі? На думку прадстаўнікоў сённяшняй дзяржавы, працуючы ў банку, я ставіўся да працы нядбайна, бо запланаваў будаўніцтва банка больш самавітага і амбіцыйнага, чым заслугоўваюць працаўнікі аграпрамысловага комплексу, калгаснікі.

Вяртаючыся да прэзідэнцкай кампаніі Лукашэнкі, нагадаю: подпісы тады збіраліся свабодна, падпісваліся ўсе без страху, на працоўных месцах... Іншыя былі парадкі і часы.

-- На якім этапе Лукашэнка перастаў слухаць іншых людзей? У першай камандзе прэзідэнта былі людзі, якія маглі выказаць яму нязгоду - вы, старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч, генпракурор Васіль Капітан, віцэ-прэм'ер Віктар Ганчар. Калі Лукашэнка вырашыў, што ніхто яму не ўказ?

-- Паступова, пачынаючы з канца 1995-га. Пакуль ён быў мала знаёмы з працай дзяржаўнага арганізму, не ведаў, як гэта ўсё робіцца, то слухаў іншых. Я часта гутарыў з ім да позняй ночы. Трэба сказаць, ён вельмі хутка ўсё схопліваў і вельмі добра запамінаў. Калі ты яму падчас гутаркі нешта асказваў, ён гэтага ўжо не забываў.

У першыя месяцы Лукашэнка часам нават выказваў адчай, сумнеў, казаў: «Навошта нам была гэтая ўлада? У нас нічога не выходзіць, усё дрэнна».
Таму тое, што сёння з ім адбываецца, я нават супаставіць з ранейшым не магу, я бачу перад сабой зусім іншага чалавека, настолькі ён змяніўся.

«Міхаіл Іванавіч, а як бы зрабілі ў ЦК?» 1995.

«Міхаіл Іванавіч, а як бы зрабілі ў ЦК?» 1995.

Шарэцкі пераконваў Чыгіра, што выбары 1999 года ўхваленыя Масквой, узгодненыя з заходнімі пасольствамі.

Шарэцкі пераконваў Чыгіра, што выбары 1999 года ўхваленыя Масквой, узгодненыя з заходнімі пасольствамі.

Міхаіл Чыгір і Міхаіл Марыніч. 2009.

Міхаіл Чыгір і Міхаіл Марыніч. 2009.

-- Чаму гэты чалавек настолькі змяніўся, што пайшоў у 1996 годзе на рэферэндум, які даваў яму амаль неабмежаваную ўладу? Нехта яму падказаў з каманды або з-за межаў Беларусі?

-- Думаю, гэта яго асабістае рашэнне. Калі я ўжо збіраўся сыходзіць, Лукашэнка мне даказваў: «Я выйграю рэферэндум». Кажу: «Дык я не сумняюся ў гэтым». А ён мне: «Чаго тады сыходзіш?»

Мы з ім розныя: ён ўладу любіць бязмежна і празмерна. Мяркую, яму цяжка было зразумець, як гэта можна -- добраахвотна сыходзіць ад улады.

-- Вашае рашэнне тады падаць у адстаўку перад рэферэндумам – гэтым вы выказалі вашыя асабістыя погляды ці хацелі такім чынам паўплываць на падзеі?

-- Пайшоў, таму што не хацеў быць удзельнікам будаўніцтва Беларусі ў тым выглядзе, у якім яе пачалі ляпіць. Ніякіх палітычных планаў у мяне тады не было.

"У 1999 годзе Шарэцкі пераконваў мяне, што ўсё дамоўлена ў Маскве, ўзгоднена ў заходніх амбасадах»

-- Вы сапраўды сышлі з палітыкі, працавалі на фірме ў Маскве. Але потым вярнуліся -- і ў Беларусь, і ў палітыку. Нагадаю, гэта былі альтэрнатыўныя прэзідэнцкія выбары ў траўні 1999-га, прызначаныя Вярхоўным Саветам. Вас арыштавалі ў канцы сакавіка. Ці не лічыце, што вас папросту «спалілі» на тых выбарах?

-- Мусіць, сапраўды можна ўжыць гэтае слова. Я працаваў у Маскве, прыязджаў сюды на выходныя, меў зносіны з палітыкамі і з іх словаў рабіў высновы пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Часцей гэта былі Сямён Шарэцкі і Віктар Ганчар.

Шарэцкі пераконваў мяне, што выбары ўхваленыя Масквой, Барысам Ельцыным, узгодненыя з заходнімі пасольствамі.

Я паверыў. А калі кампанія пачалася, убачыў, што ўсё зусім не так, як малявалі Ганчар і Шарэцкі. Можна сказаць, яны мяне ўвялі ў зман наконт сітуацыі.

-- А калі б не дэзінфармавалі, вы б удзельнічалі ў гэтай кампаніі 1999-га?

-- Наўрад ці. У мяне была шыкоўная праца, мне плацілі вельмі добрыя грошы, я ездзіў па Еўропе... Наўрад ці.

-- Гэта значыць, для вас, наколькі я зразумеў, у адрозненне ад Лукашэнкі, улада не з'яўляецца самамэтай?

-- Шматлікія людзі, якія імкнуцца да ўлады, не зусім разумеюць, што гэта такое. Узяць Лукашэнку. Нармальны чалавек за гэтыя 16 гадоў ужо як мінімум стаміўся б ці наогул не вытрымаў.

Што гэта такое -- працаваць наверсе? Па-першае, ты вымушаны пераварваць тоны негатыўнай інфармацыі. Я сядзеў на працы з 8 раніцы да 8 вечара і не мог спаць без снатворнага. Як сышоў, сон адразу аднавіўся.

Гэта вельмі цяжкая праца. Здавалася б, ёсць намеснікі, памочнікі. Але калі ты будзеш перадавяраць, перадаручаць, то ўлада пачне сыходзіць з-пад ног, і ты пачнеш страчваць рычагі кіравання.

Што б ні казалі пра Лукашэнку, але ён працуе. Калі я быў прэм'ерам, тэлефанаваў сярод ночы: «Міхаіл Мікалаевіч, сяджу над паперамі, не разумею».

Раз патэлефанаваў, другі, і я яму кажу: «Аляксандр Рыгоравіч, я ўначы звычайна сплю, давайце я вам раніцай растлумачу». Працуе ён больш чым дастаткова.

«Мне сказалі: «Падайце на калені»

-- У сакавіку 1999 падчас гэтай кампаніі альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбараў вас арыштавалі. Калі трапляюць за краты беларускія апазіцыянеры ці бізнэсоўцы, то, магчыма, многія з іх маральна да гэтага гатовыя. А што адчуваў, апынуўшыся ў турме, былы прэм'ер-міністр?

-- Я таксама не выключаў такога зыходу падзеяў. Мяне за некалькі дзён папярэдзілі аб арышце, сказалі, што такое рашэнне прынятае, -- трэба з'язджаць. Але я адказаў, што ніякіх злачынстваў не здзяйсняў і ўцякаць не збіраюся.

Наіўна верыў у правасуддзе. Цяпер на сабе і сваёй сям'і адчуў, што створаная сістэма, здольная зрабіць з чалавекам усё, што пажадае. Лукашэнка можа нават сцэнар не распрацоўваць, толькі намякнуць, што некага варта прыбраць з яго шляху як палітычнага апанента.

-- Вы адзін з нямногіх беларускіх зняволеных, хто адмовіўся ад амністыі ў адказ на просьбу аб пакаянні.

-- Мне прапаноўвалі -- «падайце на калені». Не пагадзіўся, бо для мяне гэта тое ж, што прызнанні віны перад народам... Упэўнены, за маральныя і фізічныя пакуты маёй сям'і адкажуць усе вінаватыя, прыйдзе дзень і момант.

-- А чым вы цяпер займаецеся?

-- Я пенсіянер. Атрымліваю пенсію, з якой з мяне утрымліваюць па рашэнні суда 20 адсоткаў. На мне паводле судовага рашэння вісіць абавязак у мільён даляраў, на сына павесілі 600 тысяч даляраў.

Частка маёй маёмасці пад арыштам да цяперашняга часу. Іншая частка адабраная і знаходзіцца невядома дзе. Выкрадзеныя тыя асабістыя прадметы, якія вывезеныя з маёй кватэры.

Зніклі, дарэчы, і тыя запчасткі, якія дэманстравала БТ у сваіх рэпартажах супраць майго сына. Іх не паказалі ў судовым працэсе і адмаўляюцца патлумачыць, дзе падзеліся яны пасля гэтых рэпартажаў. Пытанне, дзе яны, задаем на розных узроўнях. Два гады таму задалі яго і сённяшняму генпракурору. Пакуль маўчыць.

«Расія лёгка можа выклікаць эканамічны калапс у Беларусі»

-- Як вы ставіцеся да сённяшніх палітычных падзеяў, асабліва да зменаў у адносінах з Расіяй?

-- Расія Беларусі ўвесь час каласальна падтрымлівала. А цяпер з яе робяць нейкага ворага. Лукашэнка ў свой час правільна сказаў: «Я буду прэзідэнтам да таго часу, пакуль мяне падтрымлівае Расія».

Праз тое, што сёння адбываецца, думаю, у Лукашэнкі паўстануць вельмі вялікія праблемы. Калі Расія перакрые мяжу і з намі пачне гандляваць як з усімі астатнімі па нафце і газу, то праз паўгода тут будзе эканамічны калапс. Не ўтрымаецца ва ўладзе ні Аляксандр Рыгоравіч, ні любы іншы, які прыйшоў да ўлады на выбарах -- пакуль не адновіць нармальныя добразычлівыя адносіны з Расіяй.

Мы за гэтыя гады дапусцілі масу эканамічных памылак. Мы выгналі «Форд», не дазволілі зборку «Шкоды». Да сённяшняга дня ў адпаведнасці з падпісанымі пагадненнямі «Форд» павінен быў ужо збіраць аўтамабілі са стоадсоткавай камплектацыяй ў Беларусі. А мы ўмацоўвалі войска, міліцыю, спецслужбы -- але яны ж грошай не зарабляюць!

-- Цяпер улада вырашае свае эканамічныя праблемы ў асноўным тым, што бярэ крэдыты за мяжой, размяшчае дзяржаўныя аблігацыі і гэтак далей. Як доўга гэта можа працягвацца?

-- Вельмі нядоўга. Сапраўды, наша цяперашняя замежная пазыка пакуль некрытычная. Але калі б яна ўтваралася на аснове таго, што мы стваралі нейкія магутнасці, вытворчасці… Дык не, гэтыя грошы проста праядаюцца, ідуць на падтрыманне курсу, не інвестуюцца ў вытворчасць. Калі ўжо сёння грошай не хапае, то адкуль яны заўтра возьмуцца, каб жыць і яшчэ аддаваць пазыкі?

Такое ўражанне, што ўсе баяцца браць на сябе адказнасць, ніхто нічым не кіруе.

У нас каласальнае адмоўнае гандлёвае сальда, а мы працягваем есці часнок кітайскі, грушы кітайскія, моркву нідэрландскую, будматэрыялы на рынку ўсе польскія. Яны што, не разумеюць, што іх дзецям і ўнукам давядзецца аддаваць гэтыя пазыкі?
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?