23.10.2010 / 08:52

Як выбраць зімовыя шыны 7

Першы снег — ён жа апошні званочак аб тым, што трэба «пераабуваць» аўто.

Першы снег — ён жа апошні званочак аб тым, што трэба «пераабуваць» аўто.

Наколькі ўпэўнена будзе трымацца аўтамабіль на заснежанай дарозе або на галалёдзе — шмат у чым залежыць ад зімовых шын. Можна ўсю зіму праездзіць і на летняй гуме, рызыкуючы і ўласнай машынай, і машынамі калегаў па дарожным руху. У той жа час розныя мадэлі зімовых шын зусім па-рознаму паводзяць сябе ў тых ці іншых умовах. Адназначна сказаць, што нейкія адны зімовыя шыны найлепшыя — нельга. Але ўсё ж агульныя рэкамендацыі па выбары зімовага «абутку» для аўто зрабіць можна.

Шыпаваныя шыны.

Шыны з асіметрычным малюнкам пратэктара.

Памер шынаў пазначаецца тут.

Шыпаваная або нешыпаваная (фрыкцыйная)

З тэарэтычнага пункту гледжання, шыпы павінны забяспечваць вышэйшы каэфіцыент счаплення колаў з дарогай, што асабліва важна ў галалёд. Але часам нешыпаваная зімовая гума паводзіць сябе на слізкай дарозе лепей за шыпаваную. Бо паводзіны аўтамабіля на дарозе залежаць і ад хімічнага складу гумы, і ад малюнка пратэктара.

Шыпаваныя зімовыя шыны

Ва ўмовах галалёду або накатанага снегу шыпы даюць большы каэфіцыент счаплення шын з дарогай.

Існуюць два варыянты: альбо Вы адразу набываеце шыпаваныя зімовыя шыны, альбо вырабляеце ашыпоўку звычайнай зімовай гумы. Чым больш шыпоў на шыне, тым лепш паводзіць сябе аўто (скароціцца тармазны шлях, знізіцца верагоднасць прабуксоўкі). А 

для большай эфектыўнасці шыпы павінны размяшчацца на паверхні шыны не па адной лініі, а хаатычна.
Але ашыпаваць можна не кожную гуму — удакладняйце гэтае пытанне з прадаўцом.

З імпартных шыпаваных шын на слізкай дарозе добра сябе зарэкамендавала мадэль Nokian Hakkapeliitta. Іх асаблівасць (пачынаючы ад чацвёртай мадэлі) у тым, што шыпы маюць квадратнае сячэнне, а не круглае як у іншых. Гэта паляпшае счапленне з дарогай. Апошняя мадэль 2006 года пад індэксам 5 у залежнасці ад неабходнага тыпапамераў абыйдзецца нятанна: каля 200 у.а.

Нешыпаваныя зімовыя шыны

Пры яздзе па глыбокім снезе на кіравальнасць аўтамабіля ўплывае не толькі наяўнасць шыпоў, але і малюнак пратэктара зімовай гумы.

Найбольш эфектыўныя — шыны з мноствам прастакутных шашачак, размешчаных у шахматным парадку.
Важная таксама і глыбіня малюнка — у большасці мадэляў гэты параметр складае ад 9 да 10 мм. На счапленне з дарогай уплывае і наяўнасць дробных палосак (ламеляў) на пратэктары шын. За кошт іх і шыпаваныя, нешыпаваныя зімовыя шыны лепш трымаюцца за дарогу.
Калі вы жывеце ў вялікім горадзе, дзе дарогі пільна чысцяць, і з галалёдам сутыкаецеся рэдка, варта браць нешыпаваныя зімовыя шыны.
Па-першае, шыпы будуць малаэфектыўныя пры разгоне і тармажэнні на асфальтавай дарозе. Па-другое, з-за шыпоў памяншаецца плошча кантакту колаў з дарогай, ад чаго змяншаецца каэфіцыент счаплення і, як следства, пагаршаецца кіраванасць аўтамабілем. Па-трэцяе, падчас язды па асфальце, шыпаваныя зімовыя шыны будуць дадатковай крыніцай гуду.

На што ж звярнуць увагу, выбіраючы нешыпаваныя зімовыя шыны?

На мокрым снезе лепей слухаецца аўтамабіль «абуты» ў гуму з накіраваным малюнкам пратэктара, які спрыяе адводу снегавой юшкі з-пад колаў. Малюнкам такія зімовыя шыны падобныя да летніх дажджавых: структура пратэктара нагадвае ялінку.

Сярод нешыпаваных зімовых шын аднымі з найлепшых лічацца Continental ContiVikingContact3. Цана на іх — між 75 і 210 у.а.

Агульныя рэкамендацыі па выбары зімовых шын

Зімовыя шыны ў сярэднім служаць 2–4 сезоны. Калі яны сціраюцца —

глыбіня пратэктара робіцца меншай за 4 мм — час іх мяняць.

Склад гумовай сумесі для зімовых шын падбіраецца такім чынам, што кола як бы «прыліпае» да слізкай паверхні. Таму для язды па заснежаных дарогах або галалёдзе больш падыходзяць мяккія шыны. На асфальтавым пакрыцці ў зімовы час мяккія шыны будуць таксама эфектыўныя, але хутчэй зносяцца — трэба больш цвёрдая гума. Навобмацак гэты фактар вызначыць цяжка, але нешта канкрэтнае можа параіць прадавец (на падставе водгукаў пакупнікоў).

Больш

эфектыўнымі часцяком аказваюцца зімовыя шыны з асіметрычным малюнкам пратэктара.
Пры гэтым, напрыклад, вонкавая частка шыны адказвае за рух па асфальтавым пакрыцці, унутраная — за рух па заснежаным. Варта, толькі правільна ставіць такія шыны — згодна з нанесенай на іх маркіроўкай.

Памер зімовых шын

Памеры зімовых шын (зрэшты як і летніх) варта выбіраць з тых, што рэкамендуюць аўтавытворцы. Калі браць нашмат большыя па шырыні, то плошча кантакту колаў з дарогай, натуральна, павялічыцца. Але пры гэтым маса аўтамабіля размяркуецца так чынам, што счапленне шыны з паверхняй дарогі зменшыцца.

Калі ўжо не знайшлося неабходнага памеру, лепш выбраць крыху вузейшую мадэль зімовых шын, але пры гэтым вялікую па вышыні профілю.

Эксплуатацыя зімовых шын

Многія «абуваюць» свой аўтамабіль у зімовыя шыны толькі пасля першага снегу і з’яўлення галалёду на дарогах. Гэта часта становіцца прычынай павелічэння колькасці аварый у пачатку зімы. Рэкамендуецца мяняць гуму на зімовую ужо пры тэмпературы 7 градусаў цяпла.

Прычым зімовыя шыны як з шыпамі, так і без іх, патрабуюць асцярожнай эксплуатацыі на першых некалькіх сотнях кіламетраў.

Абкатка без рэзкіх тармажэнняў, з плаўнымі разгонамі і акуратнымі ўваходамі ў паварот рэкамендуецца для таго, каб шыны захавалі свае ўласцівасці на доўгі час.
Асабліва гэта паўплывае на тое, колькі пратрымаюцца шыпы ў гуме.

Многіх цікавіць, ці можна паставіць зімовую гуму толькі на вядучыя колы, і такім чынам зэканоміць. Натуральна, пры кратанні з месца адчуецца прыкметнае паляпшэнне, але ў паводзінах аўтамабіля на дарозе могуць паўстаць непрыемныя моманты. Напрыклад, на заднепрывадных аўто падчас тармажэння маса пераносіцца на пярэднія колы — у выніку карысць ад зімовай гумы на задніх колах невялікая. Або пры ўваходзе ў паварот на галалёдзе заднепрывадны аўтамабіль з шыпаванай гумай на задніх колах будзе дрэнна слухацца руля.

Такой праблемы не пазбаўленыя і пярэднепрывадныя аўто. Зімовыя шыны толькі на пярэдніх колах дазволяць хутчэй кранацца. Але пры тармажэнні, і нават пры скіданні хуткасці заднія колы пойдуць юзам. Таму, калі купляць, дык ужо поўны камплект зімовай гумы. Вядома, калі ездзіць спакойна, Вы можаце і не адчуць розніцы. Але

ў нечаканых сітуацыях, якіх на зімовай дарозе хапае (экстранае тармажэнне, занос) Ваш аўтамабіль будзе больш упэўнена трымацца на трасе пры камплектацыі аднолькавай зімовай гумай.
І лепей слухацца.

Калі Вы купіце шыпаваную зімовую гуму, але з-за зменлівага надвор’я прыйдзецца «выгнаць» аўто на асфальт, прыйдзецца ездзіць акуратна.

Рэзкі старт і экстранае тармажэнне недапушчальныя, калі не хочаце за адзін раз пагубляць усе шыпы.
Таксама не забывайце наляпіць на сваё аўто знак «Ш» — іншыя кіроўцы будуць мець на ўвазе, што ў Вас карацейшы тармазны шлях. І, адпаведна, будуць трымаць большую дыстанцыю.

СМ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Шараваркін / Адказаць
23.10.2010 / 09:29
Лепей бы напісалі як заробіць на зімовыя шыны
0
Швэдзюк / Адказаць
23.10.2010 / 15:06
Як вызначыць русака на беларускіх вуліцах увосень, узімку і ўвесну? Правільна, па характэрнаму бразгатанню шыпоў. Беларусы на іх амаль не ездзяць, таму што ў нашым клімаце яны бясплённыя і нават шкодныя.
0
Кнехт / Адказаць
23.10.2010 / 17:21
Каб не было праблем з выбарам шын, раю купляць аўто ў салоне адпаведна пары года. Сп Шараваркіну жадаю перажываць зіму ў цёплых краінах на летніх шынах.
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру