Ад прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта, сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталя Рымашэўскага падатковыя органы патрабуюць дэкларацыю аб даходах за восем гадоў.

Як паведаміў Рымашэўскі, 22 кастрычніка ён атрымаў паведамленне з падатковай інспекцыі Фрунзенскага раёна Мінска аб неабходнасці падачы дэкларацыі аб даходах пачынаючы з 2003 года. Рымашэўскі патлумачыў, што ў красавіку ўжо наведваў падатковую інспекцыю, дзе ад яго патрабавалі прадставіць дэкларацыю аб даходах як мінімум за апошнія восем гадоў, а таксама растлумачыць куплю і продаж аўтамабіля (гэтыя здзелкі былі ажыццёўленыя ў больш раннія тэрміны).

Рымашэўскі заявіў, што дэкларацыю аб даходах ён тады прадставіў. «Больш за тое, я павінен прадставіць дэкларацыю аб даходах за 2009 год ў выпадку рэгістрацыі мяне кандыдатам у прэзідэнты. Мяне выклікалі ў падатковую інспекцыю яшчэ і 14 верасня, дзе я даведаўся аб праверцы, што праводзіцца ў дачыненні да мяне», — сказаў палітык.

Рымашэўскі адзначыў,

што 7 кастрычніка ён атрымаў позву з Фрунзенскага РУУС з патрабаваннем прайсці працэдуру дактыласкапіі.

За некалькі дзён да атрымання позвы з гэтага РУУС яму тэлефанаваў следчы Дзямідчык, які пагражаў прымусовай дастаўкай у выпадку няяўкі.

Палітык лічыць, што такая ўвага да яго з боку фіскальных і праваахоўных органаў з’яўляецца «чарговай спробай аказання ўціску» як на яго, так і ў цэлым на ход выбарчай кампаніі. «Улады выбіраюць удалы момант для стварэння перашкод, калі ў нас найбольш напружаны перыяд збору подпісаў. Для мяне і маёй каманды важная кожная хвіліна. Чаму менавіта цяпер, калі ў мяне зусім няма часу, я павінен збіраць паперкі для падаткавікоў за восем гадоў?» — сказаў Рымашэўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?