Тут не рэкамендуецца адкрыта хадзіць па вуліцах з фотаапаратам і тым больш фатаграфаваць адміністрацыйныя будынкі. Тут мала людзей з мабільнікамі ды танныя прадукты. Рэпартаж з Прыднястроўя – рэспублікі, якой фактычна няма.

 Зверху вакзал здымаць не рэкамендуецца, можна нарвацца на мясцовую міліцыю.

Зверху вакзал здымаць не рэкамендуецца, можна нарвацца на мясцовую міліцыю.

 Любоў да Расіі і яе кіраўніцтва падкрэсліваецца паўсюль.

Любоў да Расіі і яе кіраўніцтва падкрэсліваецца паўсюль.

 Мемарыял ахвярам канфлікту 1990-1992 гг.

Мемарыял ахвярам канфлікту 1990-1992 гг.

 Будынак парламента і адміністрацыя прэзідэнта. Фота з Вікіпедыі, бо зняць будынак уласнаручна не ўдалося, шмат міліцыі.

Будынак парламента і адміністрацыя прэзідэнта. Фота з Вікіпедыі, бо зняць будынак уласнаручна не ўдалося, шмат міліцыі.

 Гісторыя Бендэраў у жалезе. Уручаюць ключы ад Бендэрскай крэпасці князю Пацёмкіну.

Гісторыя Бендэраў у жалезе. Уручаюць ключы ад Бендэрскай крэпасці князю Пацёмкіну.

 Адтуліны ад куль на будынку школы - спадчына бітвы за Бендэры ў 1992 г.

Адтуліны ад куль на будынку школы - спадчына бітвы за Бендэры ў 1992 г.

 Фанаты БАТЭ запалілі фаер + бел-чырвона-белыя сцягі.

Фанаты БАТЭ запалілі фаер + бел-чырвона-белыя сцягі.

 Залатая восень у Бендэрах.

Залатая восень у Бендэрах.

 Катоў у Бендэрах вельмі шмат, але зусім няма, таксама як у Ціраспалі, галубоў і вераб'ёў.

Катоў у Бендэрах вельмі шмат, але зусім няма, таксама як у Ціраспалі, галубоў і вераб'ёў.

Наведаць матч Лігі Еўропы «Шэрыф» — БАТЭ было цікава не толькі з футбольнага гледзішча. Гульня мелася прайсці ў Ціраспалі — сталіцы самаабвешчанай непрызнаванайПрыднястроўскай Малдоўскай Рэспубліцы — дзяржаве, якая ўжо 20 гадоў існуе нібы ў паралельным свеце.

Яна ўсіх прызнае, яе — ніхто

(апроч часткова Абхазіі, Паўдн. Асеціі і Карабаха). Каб прыехаць у Прыднястроўе, патрабуецца спецдазвол ад іх Міністэрства ўнутраных спраў.

Самалёт-чартэр з БАТЭ ляцеў да Кішынёва, бо аэрадром у Ціраспалі не функцыянуе. Каманда спынілася ў сталіцы Малдовы (у Ціраспалі ніяк не дабудуюць пяцізоркавы гатэль пры спарткомплексе «Шэрыф»), а большасць журналістаў вырашыла дабірацца да Прыднястроўя. Цікава паглядзець, чым жыве непрызнаная рэспубліка.

Дарэчы, на вуліцах Кішынёва паўсюль гучыць расейская мова.

«Аўдыяльна» падаецца, што яе куды больш, чым малдоўскай. Па-расейску нам з ахвотай падказвалі дарогу ў газетных кіёсках ці накіроўвалі на вуліцах, калі пыталіся пра маршрут, у гасцініцы і абменніку (у адным з іх можна было абмяняць бел. рублі),

Дабрацца да Ціраспаля можна маршруткамі, што адпраўляюцца ад вакзала кожныя 15 хвілінаў. Адну з маршрутак спынілі проста па дарозе на вакзал. 30 леяў (прыкладна 9 тыс. рублёў) — і ты едзеш у кірунку ПМР, якой кіруе Ігар Смірноў,, якому забаронены ўезд у краіны ЕС. Але, здаецца, ён з гэтай прычыны не надта бядуе.

За тры кіламетры да Бендэраў (малд. Бендэр, рум. Цігіна) — КПП.

Мяжа Прыднястроўя. Над КПП лунае прыднястроўскі (стары савецка-малдоўскі сцяг): чырвоны з зялёнай паласой пасярэдзіне.

Заходзіць дзяўчына-памежніца і забірае пашпарты. Мы — чацвёрка журналістаў — кажам, што едзем па асобным спісе, які меўся прадаставіць на мяжу «Шэрыф» , таму праблем з яе перасячэннем 20–21 кастрычніка ўзнікнуць не павінна.

Але праз хвіліну нас клічуць да акенца памежніка. Той спачатку ўпіраецца рогам. «Знаць не знаю, што за спіс, і наогул «Шэрыф» нам тут на мяжы не ўказ». Мы зноў тлумачым пра спіс, пра будучы матч.

Спачатку падалося, што памежнік намякае на грошы, але затым зразумеў, што такія паводзіны характэрныя для ПМРаўскіх сек’юрыці. Прынцып такі:

лепш я адразу не пушчу, чым потым буду адчытвацца перад начальствам і мець у такі спосаб праблемы.

Вось і наш памежнік спыняе сваю песню літаральна на паўслове: перагортвае чарговы аркуш паперы — і нечакана кажа: «О так, спіс «Шэрыфа» ёсць, усё — ок».

Мы вяртаемся ў мікрааўтобус, а кіроўца нібы апраўдваецца перад намі: «Выбачайце, хлопцы, такія ў нас парадкі». Ды ладна, самі мы не з ЕС прыехалі, а з краіны, дзе пастаўлена на паток вытворчасць крыштальных сасудаў.

Праз 100 метраў — прыднястроўская мытня. Мытнік заходзіць, вітаецца, распытвае пра нашыя сумкі і зусім без надзеі ў голасе задае пытанне: «Ці не хочам мы задэклараваць свае рэчы?».

Бягучы радок над будынкам мытні абавязуе дэклараваць рэчы на суму большую за $100.

Мы адмаўляемся, бо маем толькі ўласныя рэчы і журналісцкія прылады.

Спыняемся каля супермаркета «Шэрыф», каб памяняць грошы — тут можна таксама скінуць пазасталыя малдаўскія леі — наўрад ці яны нам яшчэ спатрэбяцца. На грошах наміналам 1, 5, 10, 25 прыднястроўскіх рублёў — партрэт Суворава (будаўнік Ціраспаля), на 200 рублях — граф Румянцаў-Задунайскі. На манетах (капейках) — выява савецка-малдоўскага герба.

Надпісы на трох мовах: расійскай, украінскай і малдоўскай (кірыліцай). У Прыднястроўі — тры дзяржаўныя мовы. Мясцовыя газеты пішуць, што пераважае расейская мова, радзей ужываецца ўкраінская. Так, прэзідэнт Смірноў час ад часу дэманстратыўна ўжывае колькі фразаў па-ўкраінску. Малдоўская мова амаль не ўжываецца. А Ціраспаль размаўляе выключна па-расейску. Малдоўская мова прысутнічае хіба толькі на афіцыйных шыльдах. Румынская — у песнях гурту «Марандзі» — мегапапулярнага тут.

У Ціраспалі — зусім таннае малдоўскае віно, таннейшае, чым у Кішынёве. Па 16–20 прыднястроўскіх рублёў. Г.зн. 1,5–2 даляры за пляшку.

Сувенірная пляшка каньяка «Квінт» — 6,5 даляраў. Прадукты таксама вельмі танныя. Спрыяе бяспошліннны ўвоз прадуктаў з-за ўкраінскай мяжы. Калега Руслан кажа, што ва Украіне гэтыя самыя прадукты каштуюць куды даражэй. Ёсць і беларускія прадукты, прыкладам, вафлі «Віцьба».

Вярталіся пасля прэс-канферэнцыі гал. трэнера БАТЭ Віктара Ганчарэнкі недзе пасля 20-й,

а ўражанне, што на гадзінніку недзе пасля апоўначы.

Тралейбусы ад спарткомплекса «Шэрыф» перастаюць хадзіць а 19-й — пазней не рэнтабельна, дабрацца можна толькі маршруткай, праезд у якой вельмі танны. Так, праезд тралейбусам каштуе 1,80 рубля, маршруткай — 2,50 (прыкладна 750 беларускіх).

На вуліцах зусім мала народу, толькі па галоўнай вуліцы ходзяць людзі. На перпендыкулярных ёй — вобмаль. Пакуль прыкладна з кіламетр ішлі ад вуліцы Суворава да вакзала (за ім быў наш гатэльчык), за ўсю дарогу сустрэлі толькі трох чалавек. Хоць удзень гэта вуліца досыць ажыўленая. Паводле афіцыйных звестак, у Ціраспалі пражываюць 140 тыс. чалавек,

а горад выглядае на райцэнтр кшталту Шклова ці Вілейкі.

Чыгуначны вакзал — будынак у стылі другой паловы ХІХ ст. пакідае гнятлівае ўражанне.

Праз горад за суткі праходзяць усяго чатыры цягнікі.

Рэшта адменена. У тым ліку і Мінск — Кішынёў. Натуральна, што, а 21-й гадзіне там зачынены ўсе касы.

Побач — у гэтым жа будынку — аўтавакзал, але ён таксама зачынены. Праўда, насупраць таўкліся адразу некалькі таксістаў. Цікава, каго яны вылаўлівалі ў горадзе з яго мінімумам народу.

Першы цягнік мы пачулі ў 01:37 ночы. Гэта быў Кішынёў — Масква. Наступны меўся прайсці толькі, а 9-й раніцы.

Гатэль «Транзітны»

Яго адчынілі пры аддзяленні мытні летам, перадусім для кіроўцаў, што праязджаюць праз горад. Адвялі пад гасцініцу другі паверх — шэсць двухмясцовых і аднамясцовы нумары. За суткі з чалавека — 15 даляраў (150 рублёў), жывеш ты адзін у нумары ці ўдвох. Але як засяляешся, а 21-й, значыць можаш жыць да 21-й гадзіны наступнага вечара, і ніякага дэдлайна да 12-й. «Вы плаціце ж суткі, значыць цэлыя суткі ў вашым распараджэнні», — рэзонна тлумачыць жанчына на імправізаваным рэсэпшне.

Можна зняць нумар на палову сутак, праўда, без сняданка.

У нумары ёсць тэлевізар. У ім недзе пад 20 каналаў,

але сярод расійскіх, украінскіх, двух прыднястроўскіх — ніводнага малдоўскага.

Відаць, каб не пасеяць зерня сумнення ў прыднястраўчанаў. Затое ўласнае прапаганды больш чым дастаткова, нават у навінах спорту.

Амаль кожны з выступоўцаў (былі сюжэты пра веславанне, юніёрскі гандбол, дзіцячы тэніс) лічыў за лепшае падкрэсліць правільную і дальнабачную палітыку прыднястроўскага кіраўніцтва ў галіне спорту. Беларускія тэлеканалы ў параўнанні з такімі навінамі спорту — узор лібералізму і вольнага слова. Зрэшты, і сапраўды, навіны спорту на БТ зроблены вельмі прафесійна: ніякіх зацягнутых сюжэтаў, паўтораў ды інш.

Усеагульная падазронасць

Напружыла, значная колькасць «ціхароў» і празмерная пільнасць у горадзе. На стадыёне пастаянныя пытанні ад аховы: «А чаго вы туды ідзяце, а навошта?» «Як навошта, мы прыехалі сюды працаваць».

Падчас трэніроўкі БАТЭ падалося, што была празмерная колькасць рабочых, якія стараліся лішні раз выйсці з падсобных памяшканняў і прасачыць, куды ты ідзеш. Пры тым, што рабочы дзень скончыўся — трэніроўка пачалася, а 18-й.

Вось і калі падышлі да вакзала і па няведанні пачалі яго абыходзіць з іншага боку, аператыўна выйшаў супрацоўнік вакзала з сабакам і дзелавіта-строга запытаўся: «Куды мы ідзём».

Сеў за разгалошванне дзяржтайны

Раніцай наступнага дня пасля сняданку, што ўваходзіў у аплату за нумар (тры смажаныя яйкі, тры кавалкі хлеба і чай) выбраліся ў горад. Вырашылі яго збольшага абследаваць — а раптам з вечара ў нас пра Ціраспаль склалася памылковае ўражанне.

Зайшлі ў інфармацыйнае агенцтва «Новый регион-2» — яно зарэгістраванае ў Екацярынбургу, але мае прадстаўніцтвы. Адзін з супрацоўнікаў — усяго ў агенцтве ў Ціраспалі працавалі чатыры чалавекі — сядзіць ад красавіка за разгалошванне дзяржаўнай таямніцы.

Каму і дзе ён яе разгалосіў, невядома, бо суда яшчэ не было.

Але ўтрыманне пад вартай пастаянна працягваюць, і калі будзе суд, толькі ніхто не ведае.

Мясцовыя журналісты былі вельмі акуратныя ў сваіх ацэнках. Ну і мы збольшага пра Беларусь ім распавядалі і абмяркоўвалі будучы футбол.

Грошай на выданне няма

Прыязджаючы ў той ці іншы горад, купляю альбом ці кнігу пра гэты горад-краіну.

У Ціраспалі немагчыма не тое, што купіць альбом ці кнігу пра горад або агулам аб Прыднястроўі, але немагчыма набыць набор сучасных паштовак, не кажучы ўжо пра традыцыйныя магніцікі на лядоўню.

Толькі ў музеі горада знайшлі брашуры і паштоўкі, выдадзеныя ў пачатку 1990-х. Цяпер няма грошай на выданне.

Кнігі, прысвечаныя Прыднястроўскаму канфлікту, у пачатку 1990-х, разыходзіліся як гарачыя піражкі. Цяпер цікавасць да канфлікту зменшылася. Дый Ціраспаль баявыя дзеянні не закранулі, гучала хіба кананада.

Сапраўдныя баі ішлі ў Дубасарах, Парканах, Бендэрах.

Але менавіта ў Ціраспалі зроблены вялікі манумент у памяць пра ахвяры канфлікту 1990—1992 гг., натуральна, з прыднястроўскага боку. Супрацоўніца музея, што водзіць нас па залах, цішком кажа: «Наламалі тады дроў з аднаго і другога боку, столькі народу паклалі. Ніхто не хацеў саступаць праз свае амбіцыі. Вінаваты і адзін і другі бок».

Бендэры

Адпраўляемся ў Бендэры — горад на правым беразе Днястра, ці не адзіны, што кантралюецца Прыднястроўем на тым беразе ракі (Малдова ж кантралюе шэсць сёлаў на левым беразе).

Да 1940 г. Бендэры (Цігіна) былі румынскімі, але пасля вайны сюды прыехала шмат расейцаў, украінцаў, малдаванаў з левага берага. Дарэчы, у Бендэрах — найбольшая ў Малдове суполка беларусаў (мясцовае аб’яднанне налічвае больш за 700 чалавек).

Ад Ціраспаля да Бендэраў ходзіць тралейбус (маршрут № 19). Ехаць 15–20 хвілінаў. Кошт — 1 рубель 80 капеек. Тралейбусы — мінскія. Некалі наша сталіца падарыла Ціраспалю некалькі машынаў. Такія — з трыма дыягальнымі палоскамі — хадзілі ў нас па маршруце №33.

На некаторых машынах — надпіс «Мінчане — ціраспальчанам».

З 19 па 21 чэрвеня 1992 г. у Бендэрах адбылася знакамітая бітва за горад, калі малдоўскія салдаты імкнуліся ўзяць горад, які заявіў пра сваю незалежнасць ад Кішынёва. Бендэрчане з дапамогай 14-й арміі адбіваліся. За тры гады канфлікту загінулі сотні людзей, тысячы, калі не дзясяткі тысяч сталі бежанцамі.

Да гэтага часу на вуліцах Леніна і Першамайскай, Суворава захаваліся дамы са слядамі ад куляў. На адной з вуліц, проста ля ходнікаў — магіла загінулага. Сваю смерць ён знайшоў 20 чэрвеня 1992 г. Баі былі сур’ёзныя. Жанчына-кіяскёрка, у якой мы спыталіся дарогу, запратэставала:

«Навошта вам гэта бачыць, нам да сёння баліць».

Але Бендэры розняцца ад Ціраспаля ў лепшы бок. Горад выглядае больш заможным, больш сонечным, утульным. Можна нават знайсці сучасныя паштоўкі і кнігу пра горад.

Перад заходам сонца тым жа тралейбусам вяртаемся ў Ціраспаль. Месцы для журналістаў на трыбунах знаходзяцца на ВІП-трыбуне. Білет на матч каштуе ад 2,5 да 10 даляраў, ВІП-квіток — $50, сюды уваходзіць абслугоўванне ў бары (каньяка Квінт там незлічона).

За журналісцкім шэрагам — шэраг для мясцовай эліты, паводле трапнай заўвагі Сяргея Новікава з «Прессбола» — партгасактыву. Яны застаўляюць увесь свой шэраг пластыкавымі стаканчыкамі з каньяком. Чым бліжэй да канца матча, тым іх каментарыі становяцца больш экспрэсіўнымі. Апошнія тры хвіліны мат з іхнага боку ў дачыненні да беларускіх футбалістаў і беларусаў не сціхае.

Фінальны свісток — і стаўленне з іх боку кардынальна мяняецца.

Яны віншуюць нас з перамогай, прапануюць выпіць за БАТЭ (нам нельга, мы пры выкананні:)), абяцаюць прыехаць у Мінск 4 лістапада.

Пасля гульні адразу выязджаем аўтобусамі ў аэрапорт Кішынёва. Той жа КПП. Пашпарты нешта доўга не прыносяць. Нехта жартуе: «Толькі б не пад’ехалі фаны БАТЭ і не кінулі ў КПП фаер, інакш завіснем мы надоўга».

Нарэшце прыязджаем у аэрапорт. Такое уражанне, што рэйсаў столькі ж, колькі ў мінскім.

Самы папулярны рэйс — на Бухарэст — тры разы на дзень.

Нарэшце загружаемся ў самалёт, камандзір экіпажу віншуе БАТЭ з перамогай (персанальна Сяргеяў Сасноўскага і Верамко) і за 1 гадзіну 20 хвіліну далятаем да Мінска, які сустракае нас +1 градусам цяпла. У Ціраспалі ў сераду было +18–20.

Бывай, Прыднястроўе! Краіна, дзе не рэкамендуецца гуляць па вуліцах з фотаапаратам і, крый божа, здымаць будынкі дзяржустаноў, вакзала,

бо можна нарвацца на цікавасць супрацоўнікаў міліцыі і дзяржслужбаў. Не рэкамендуецца здымаць будынкі МУС і мясцовага КДБ.

Большасць прыднястроўчанаў маюць расійскае, украінскае ці малдоўскае грамадзянства. Бо нават у «братняй Расіі», грамадзянства ПМР няважнае.

Малдова нядаўна была прызнаная справаздачай Global Wealth самай беднай краінай Еўропы.

Сярэдні памер даходу жыхара Малдовы складае 2,5 тыс. даляраў (ва Украіне — 2 700, Беларусі — 6 тыс., Расіі — 10 тыс., у Венгрыі — 12 тыс.). Праўда, згодна са справаздачай банка за апошнія 10 гадоў сярэдні жыхар Малдовы павялічыў свае багацці ў 4 разы.

Прыднястроўе выглядае яшчэ больш бяднейшым, чым Малдова.

Тут мала людзей з мабільнікамі на вуліцах, у тралейбусе на Бендэры так ніхто па тэлефоне не загаварыў.

Кішынёўская прэса піша, што з 730 тыс. жыхароў ПМР па стане на 1990 г., засталіся 380 тыс. Астатнія бягуць, хоць у не нашмат багацейшую Украіну. Сярэдні заробак у Прыднястроўі — -150-200 даляраў.

За кошт чаго выжывае краіна? За кошт субсіцый з боку Расіі, тут дзейнічае адзяленне «Адзінай Расіі», а таксама нізкіх — калі наогул такія ёсць — мытаў. Згаданы вышэй журналіст з «Новага рэгіёна» расказаў, што вельмі шмат машын з прыднястроўскімі нумарамі ездзіць па Кіеве. Танней купіць і аформіць машыну ў Ціраспалі, дзе цэннік у паўтара-два разы меншы. Дый бензін тут у паўтара разы таннейшы, чым у Кішынёве. Так, 98-ы каштуе менш, чым даляр (9,90 прыднястроўскіх рублёў).

Рэспубліка так і засталася ў канцы 1980-х, а кіраўніцтва прыкладае высілкі, каб гэтую ўладу не страціць.

Па-малдаўску і ў англійскім варыянце Прыднястроўе - гэта Трансністрыя. Вельмі трапнае значэнне, краіна так і застыла ў трансе і перабывае ў ім ужо 20 гадоў.

***

Аўтар дзякуе ФК «БАТЭ» за дапамогу ў стварэнні матэрыяла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?