Сойм Літвы прыняў 24 кастрычніка рэзалюцыю «Пра візавую палітыку ЭЗ», у якой, у прыватнасьці, заклікаў Брусэль зьнізіць тарыфы на атрыманьне шэнгенскіх візаў для грамадзянаў краін, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз.
У дакумэнце гаворыцца, што сябры ЭЗ, Эўрапарлямэнт і Эўракамісія мусяць «актыўна праводзіць эўрапейскую палітыку добрасуседзтва і як мага хутчэй пачаць абмеркаваньне спрашчэньня візавага рэжыму з Арменіяй і Азэрбайджанам, шукаць спосабы і сродкі, у тым ліку аднабаковыя, як палегчыць візавы рэжым грамадзянам Беларусі і Калінінградзкай вобласьці».
Нагадаем, што з 1 студзеня 2007 году для грамадзянаў краін, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз, цана шэнгенскай візы павышаецца да 60 эўраў.
Паводле БЕЛТА
❏
А тым часам:
Толькі Славенія ўвойдзе ў Шэнген у 2007 годзе?
Толькі Славенія ўвойдзе ў шэнгенскую зону ў 2007 годзе, – піша штодзёньнік «International Herald Tribune» з спасылкай на словы камісара ЭЗ па ўнутраных пытаньнях Франка Фратыні.
— Магу шчыра сказаць, што на сёньня толькі Славенія будзе ў стане тэхнічна выканаць тэрміны і датрымацца графіку, – сказаў Фратыні ў панядзелак.
Сьпярша плянавалася, што ў кастрычніку 2007 году да шэнгенскай зоны меліся далучыцца ўсе новыя дзяржавы ЭЗ, у тым ліку і Польшча.
Эўракамісія, аднак, паведаміла, што яны ня здолеюць увайсьці ў Шэнген у наступным годзе з-за праблемаў з запускам новай кампутарнай сыстэмы базы дадзеных, а таксама іншых прававых ды тэхнічных складанасьцяў.
Некаторыя новыя члены ЭЗ, тым ня менш, бачаць у гэтым выключна палітычныя прычыны, нібыта «старыя» дзяржавы ЭЗ папросту ня хочуць пашыраць шэнгенскую зону на ўсход.
Фратыні заявіў, што астатнія новыя члены ЭЗ увойдуць у шэнгенскую зону да чэрвеня 2008-га.
Паводле Gazeta.pl