Плануецца, што ў наступным годзе жыхары Беларусі будуць аплачваць да 34% кошту жыллёва-камунальных паслуг. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 25 кастрычніка ў Мінску паведаміў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі (ЖКГ) Мікалай Ліпень.

Сёння, паводле яго слоў, беларусы кампенсуюць каля 25% кошту паслуг ЖКГ. На працягу гэтага года тарыфы на камунальныя паслугі не павышаліся, і да канца года іх павелічэнне не плануецца,

дадаў Ліпень.

«Прапрацоўваецца пытанне аб павелічэнні кампенсацыі насельніцтвам затрат на вытворчасць паслуг ЖКГ у наступным годзе. Гэта залежыць ад кошту энергарэсурсаў, узроўню заработнай платы насельніцтва», — сказаў намеснік міністра.

Ён зазначыў, што кожны год у сферы ЖКГ распрацоўваюцца мерапрыемствы па аказанні платных паслуг насельніцтву, і гэта «дазваляе часткова пакрываць кошт паслуг ЖКГ».

Ліпень таксама нагадаў, што з 2010 года былі адменены безнаяўныя жыллёвыя субсідыі на аплату камунальных паслуг для малазабяспечаных сем’яў. Зараз, паводле яго слоў, такую дапамогу сем’ям аказвае Міністэрства працы і сацабароны праз сацыяльныя дапамогі, якія ў тым ліку могуць быць патрачаныя і на аплату паслуг ЖКГ. «Але гэтая сума значна ніжэйшая ў параўнанні з той, якая даецца праз субсідыі», — прызнаў намеснік міністра.

Паводле яго слоў, прымаюцца захады па ўдасканаленні гэтай працы для таго, каб мэтанакіравана аказваць дапамогу малазабяспечаным сем’ям. Прадугледжваецца, у прыватнасці, весці справаздачнасць, каб ведаць, якая частка сацыяльных дапамог затрачваецца сем’ямі на аплату жыллёва-камунальных паслуг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?