Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што зробіць усё, што ад яго залежыць, каб маючыя адбыцца прэзідэнцкія выбары прайшлі ў строгай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і сусветнымі стандартамі.

На гэтым ён акцэнтаваў увагу, прымаючы сёння даверчыя граматы паслоў замежных дзяржаў.

Звяртаючыся да дыпламатаў, кіраўнік дзяржавы адзначыў што для іх адкрыта палітычнае і дзелавое жыццё краіны. «Вы ўсё зможаце ўбачыць на свае вочы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы выказаў надзею,

што паслы будуць «добразычлівымі і непрадузятымі наглядальнікамі працэсаў, што адбываюцца ў краіне».

«Давайце разам працаваць на збліжэнне народаў і ўмацаванне доўгатэрміновых адносін паміж нашымі краінамі», — сказаў ён.

«Наша краіна дынамічна развіваецца. Асабліва актуальнымі цяпер сталі лібералізацыя эканомікі, разняволенне творчай і прадпрымальніцкай ініцыятывы, — падкрэсліў ён. — Мы актыўна працуем над стварэннем спрыяльнага інвестыцыйнага клімату. Сёння Беларусь імкнецца авалодаць новымі тэхналогіямі, атрымаць доступ да ноу-хау».

Паводле яго слоў, супрацоўніцтва ў навуковай сферы і галіне сучасных прамысловых распрацовак — адзін са складальнікаў дыялога з сусветнай супольнасцю.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што «гэты дыялог будзе развівацца ў канструктыўным ключы на прынцыпах добрасуседства і згоды». Беларусь адкрытая для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з усімі краінамі свету. «Мы зацікаўлены ў эканамічным партнёрстве, гатовы ініцыіраваць сумесныя праекты, усяляк падтрымліваць любыя добрыя пачынанні», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?