Вечарам 25 кастрычніка знойдзена цела яшчэ аднаго загінулага ў выніку выбуху на заводзе «Пінскдрэў-ДСП».

Як паведаміў прэс-сакратар Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Машноў, ратавальнікі знайшлі загінулага, а шостай гадзіне вечара пад абваленымі элементамі сцен будынка. «Гэта мужчына, работнік прадпрыемства. Іншых звестак пра яго пакуль няма», — дапоўніў Машноў.

Паводле ўдакладненых даных на вечар 25 кастрычніка,

у выніку НЗ загінулі два чалавекі, 19 работнікаў прадпрыемства шпіталяваныя.

Пацярпелыя змешчаны ў Пінскую цэнтральную бальніцу.

Паводле звестак на 15.00 у гэтай бальніцы знаходзілася 18 пацярпелых. З іх 14 чалавек — у рэанімацыйным аддзяленні з апёкамі. Іх стан застаецца цяжкім. Чацвёра з пераломамі рознай лакалізацыі знаходзяцца ў хірургічным і траўматалагічным аддзяленнях бальніцы. Іх стан ацэньваўся медыкамі як сярэдняй цяжкасці.

Пракуратура Брэсцкай вобласці па факце выбуху на заводзе «Пінскдрэў-ДСП» 25 кастрычніка

распачала справу па ч. 2 арт. 302 Крымінальнага кодэкса

(парушэнне правіл вытворча-тэхнічнай дысцыпліны, правіл бяспекі на выбухованебяспечных прадпрыемствах або ў выбухованебяспечных цэхах альбо правіл бяспекі выбухованебяспечных прац). Падчас яго расследавання будзе ўстанаўлівацца прычына выбуху, якая на гэты час яшчэ невядомая.

Як паведамлялася раней, інфармацыя пра выбух у цэху прадпрыемства паступіла ў цэнтр аператыўнага ўпраўлення Пінскага гаррайаддзела па НЗ 25 кастрычніка ў 13.08. Пажар удалося ліквідаваць у 15.14. На тушэнні было задзейнічана больш за 10 пажарных разлікаў.

Усяго ў цэху, паводле папярэдніх звестак, было 29 чалавек.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?