Не этнічным чысткам у Расеі! Не распальваньню новай вайны на Каўказе!

Зварот расейскіх дзеячоў культуры

Расея перажывае дні ганьбы. Людзей дыскрымінуюць, зьняважліва перавяраюць і затрымліваюць паводле іхнай этнічнай прыналежнасьці. Перасьледуюцца ўсе грузіны, незалежна ад іхнага грамадзянства, веку і сацыяльнай прыналежнасьці. Аддзяленьні МУС сабралі сьпісы школьнікаў з грузінскімі прозьвішчамі, патрабуючы ад дзяцей зьвестак пра месца жыхарства іхніх сямей.

Даручэньне Пуціна да расейскага ўраду адрэгуляваць прысутнасьць замежных работнікаў на гандлёвых рынках прывяло да этнічных чыстак. Міліцыя зладзіла перапіс прыхаджан праваслаўнай грузінскай царквы ў Маскве. Учыняюцца абсурдныя спробы сфабрыкаваць справы проці дзеячоў культуры грузінскага паходжаньня.

Усе транспартныя шляхі ў Грузію перакрытыя, грашовыя пераказы забароненыя. Пачалася мусовая дэпартацыя грамадзян Грузіі з Расеі, руйнуюцца зьмяшаныя сем’і.

Гэтыя дзеі, улучна з тэрміновай эвакуацыяй расейскіх дыпляматаў з Тбілісі і пагрозы расейскіх уладаў адлучыць Грузію ад газу і электраэнэргіі, нагадваюць падрыхтоўку да вайны. Вайна ж сілкуецца чалавечымі жыцьцямі. Годзе слаць на бойню моладзь Расеі, якая і так страціла многія тысячы хлопцаў у бессэнсоўнай чачэнскай вайне.

Урады Расеі і Грузіі абавязаныя даваць рады сваім канфліктам празь мірныя дыпляматычныя мэтады. Праблемы з Абхазіяй і Паўднёвай Асэтыяй можна вырашыць толькі за сталом перамоваў. Незамірэнчая палітыка кіраўнікоў Грузіі і Расеі гэтую мажлівасьць адкідае і стварае ўмовы для ўзнаўленьня збройных канфліктаў у гэтых рэгіёнах.

Мы ўважаем цалкам недапушчальным распальваньне міжнацыянальнага канфлікту, сьмяртэльна небясьпечнымі гульні на нізкіх нацыяналістычных інстынктах натоўпу. Галоўнай каштоўнасьцю расейскага народу заўсёды было ягоная міралюбнасьць.

Дзеі расейскіх уладаў б’юць не па крыміналітэце, які заўсёды знойдзе мажлівасьць адкупіцца, але па простых людзях, па тых, хто вучыцца і працуе ў Расеі, мае тутака сем’і. Супраць нянавісьці да грузінскага народу, што нам навязваецца, мы мусім проціпастаўляць нашую шматвекавую дружбу, якую ня змогуць панішчыць ані разбэшчаная палітыкі, ані генэралы, зацікаўленыя адно ў разьдзіманьні вайсковага бюджэту.

Зварот падпісалі:

Лія Ахеджакава

Артур Арыстакісян

Леанід Баткін

Сяргей Гандлеўскі

Ала Гербер

Вадзім Жук

Міхаіл Златкоўскі

Зоя Масьленікава

Юры Нарштэйн

Натальля Траўберг

Арцемі Троіцкі

Іна Чурыкава

Сяргей Юрскі

Алена Камбурава

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?