«Я думаю толькі пра адзін прэзідэнцкі тэрмін», — заявіў 28 кастрычніка падчас прэзентацыі сваёй знешнепалітычнай дактрыны прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта, лідар кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў.

«Я хачу, каб да ўлады прыйшла новая, маладая каманда, гатовая да яе прыйсці, але якую туды не пускае Лукашэнка. Таму што яны хочуць рабіць рэформы, яны хочуць рабіць тое, што пагражае Лукашэнку стратай улады», — сказаў Някляеў.

Ён заяўляе, што рэальна ацэньвае свае магчымасці на пасадзе прэзідэнта. «Я дакладна і безумоўна разумею, што я не буду такім „любімым і папулярным прэзідэнтам“, як Аляксандр Лукашэнка», — заявіў Някляеў.

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта адзначыў:

«Мадэрнізуючы эканоміку, а значыць, непазбежна скарачаючы працоўныя месцы ў тых галінах, якія для нас з’яўляюцца бесперспектыўнымі, мы выдатна ўсведамляем, што любы рух нас у гэтым напрамку выкліча пратэст».

Тым не менш, прадоўжыў ён, усе планаваныя рэформы «дбайна разлічаныя». «Узровень жыцця мы наўрад ці зможам павысіць адразу, але ўтрымаць яго на той адзнацы, якая існуе цяпер, магчымасці ёсць», — сказаў Някляеў.

Кіраўнік выбарчага штаба Некляева Андрэй Дзмітрыеў адзначыў, што распрацоўваецца сур’ёзная праграма па прафесійнай пераарыентацыі тых людзей, якія падпадуць пад скарачэнні. «Гэтай праграмы сёння ў краіне проста не існуе. Краіна сёння не гатовая да рэфармавання. Але гэтая праграма прадугледжвае сур’ёзную лібералізацыю ў бізнес-сферы, якая дазволіць ствараць працоўныя месцы, на якія прыйдуць тыя людзі, што падпадуць пад скарачэнне», — заявіў Дзмітрыеў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?