«Свабодны тэатар» прэзэнтуе спэктакаль «Тэхніка дыханьня ў беспаветранай прасторы».

Стваральнікі тэатру ў найбліжэйшы час маюць намер зьвярнуцца да забароненых у Беларусі тэмаў. Сярод іх — «мова», «гісторыя», «вайна». Усяго — сем спэктакляў, дзе драматургі будуць акторамі, акторы — драматургамі-імправізатарамі, а гледачы — удзельнікамі. Першая пастаноўка –— «Сэкс, парнаграфія, гомасэксуальнасьць».

Што будзе са «Свабодным тэатрам» гадоў празь дзесяць — калі забароны спадуць, а сярэдняя кляса будзе бавіць час у экстрымных клюбных шоў? «Свабодны тэатар» можа стаць авангардам для абраных. Але магчыма й іншае разьвіцьцё. Уявіце сабе тэатар, у якім акторы вывучаюць пэўнага гледача зь ня меншай пільнасьцю, чым тэкст п’есы: звычкі, комплексы, фразы, глыбінныя жарсьці. Сам спэктакль скіраваны на аднаго гледача, улічвае ягоную рэакцыю.

У карціне «Гульня» Дэйвіда Фінчэра сваякі падаравалі герою ўдзел у адмысловай гульні. Чалавек нечакана трапляў у прыгоды, якія пісаліся з апорай на ягоную біяграфію — а ўдзельнікі гульні былі нанятымі падстаўнымі акторамі. Чаму такое немагчыма ў тэатры? Першым аўтарам «Тэатру аднаго гледача» быў шэксьпіраўскі Гамлет. Дацкі прынц ставіў «Пастку на мышы» з разьлікам на рэакцыю караля. Спэктакль быў дэтэктыўнай пасткай і псыхааналізам адначасова.

У адрозьненьне ад «каралеўскага», прыватны тэатар аднаго гледача зьвяртаецца да кожнага канкрэтнага чалавека. Але прыватная п’еса для аднаго чалавека — справа складаная й не заўжды танная. Для шматлікіх заўзятараў тэатар аднаго гледача здольны працаваць маскамі. Замест драматурга й актора на першы плян у тэатры аднаго гледача выходзіць маска. Так ужо было ў камэдыі дэль артэ: маскі П’еро, Доктара, Калямбіны — у кожнай свае якасьці, звычкі й фразы, але кожны раз п’еса ствараецца наноў — з улікам аўдыторыі. Маскі тэатру аднаго гледача разнастайнейшыя — яны ўлічваюць прыватныя густы, масавыя штампы й грамадзкія супярэчнасьці. Верка Сярдзючка — маска тэатру аднаго гледача. Маска са сваім норавам і сольнымі здольнасьцямі. Але, апроч узмацненьня прыватных кантэкстаў, тэатар аднаго гледача яшчэ заглыбляе маскі ў экстрым. Для любога інтэрактыўнага відовішча характэрна павелічэньне дозы шокавага й эратызацыя. «Свабодны тэатар» інтуітыўна гэта адчуў. Падпольныя спэктаклі для вузкай аўдыторыі не маглі ня стаць «псыхознымі.

Падобная якасьць яшчэ ўзмацніцца, але гэта будзе патрабаваць і большай адказнасьці ад удзельнікаў такога тэатру. Непазьбежны крызіс эпічных апавяданьняў, нараджэньне сярэдняе клясы, пашырэньне клюбнага адпачынку ствараюць глебу для «прыватнага» тэатру. Праз 10 гадоў тэатар набудзе нечуваныя раней формы, адной зь іх стане тэатар аднаго гледача.

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?