Сёння ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры адкрываецца беларуска-нямецкая сустрэча «Мінскі форум» на тэму «Беларусь і Еўразвяз пасля крызісу: выклікі і шанцы ў сферах палітыкі, эканомікі і грамадства». З гэтай нагоды ў Мінск прыяжджае кіраўнік ведамства федэральнага канцлера Нямеччыны, федэральны міністр па асаблівых даручэннях Рональд Пофала.

Пасля міністраў замежных справаў Польшчы і Нямеччыны Радаслава Сікорскага і Гіда Вэстэрвэле ў Менск прыбывае адзін з самых галоўных міністраў нямецкага ўраду Рональд Пофала. Ён мае намер сустрэцца з прадстаўнікамі апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і патэнцыйнымі кандыдатамі ў прэзідэнты. Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель ухваліла гэты візіт спадара Пофалы і ўдзел у «Менскім форуме».

Дарадца-пасланьнік амбасады Нямеччыны Петэр Дэтмар адзначыў:

«Мы спадзяемся, што візыты абодвух міністраў паспрыяюць не толькі новаму прагрэсу ў дачыненнях паміж Нямеччынай і Беларуссю, але і ў стасунках Беларусі з Еўразвязам. Мы, прадстаўнікі амбасады, з надзеяй назіраем за сітуацыяй і чакаем, што перамовы і прысутнасць абодвух міністраў прывядуць да станоўчых вынікаў для абодвух бакоў».

Старшыня «Мінскага форуму» доктар Райнэр Лінднэр адзначыў, што «Мінскі форум», які праводзіцца ўжо 13-ы раз, гэта сёлета добрая магчымасць напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў «абмеркаваць напружаныя пытанні палітычнага, эканамічнага і грамадскага характару». У тым ліку дачыненні Беларусі з Еўразвязам і Расіяй. Паводле спадара Лінднэра, супрацоўніцтва аб’яднанай Еўропы з Беларуссю будзе залежаць ад правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў:

«Таксама абмяркоўваецца пытанне візавага рэжыму і чакаецца яго спрашчэнне, перагляд гэтага рэжыму. І просьба да Брусэлю ня ўвязваць вынікі выбараў і пытанне візаў. Бо спрашчэньне візавага рэжыму — гэта для насельніцтва Беларусі, для любога чалавека ў гэтай краіне. Бо ў тым, як праводзяцца выбары, не вінаватыя выбарцы».

Адной з падзеяў «Мінскага форуму» стане прэзентацыя беларуска-нямецкага слоўніка на 70 тысяч словаў і выразаў, які выйшаў накладам тысяча асобнікаў. Спадар Лінднэр сказаў, што паспрабуе атрымаць пацьверджанне Міністэрства адукацыі Беларусі, што слоўнікам будуць карыстацца ў навучальных установах. Адзін з яго аўтараў Лявон Баршчэўскі паведаміў, што праца над слоўнікам пачалася ў 1992 годзе і ў апошні час ён быў дапоўнены сучаснай эканамічнай лексікай. Слоўнік надрукаваны з дапамогай нямецкага боку: «Гэта базавы слоўнік. Кожнае наступнае перавыданне можна дапрацоўваць, папраўляць. Але ўжо ёсць база, слоўнік беларуска-нямецкі, які будзе шмат гадоў выкарыстоўвацца і служыць. На жаль, беларуская дзяржава гэтымі рэчамі не цікавіцца. І ніякага ўкладу яна не рабіла».

На вокладцы слоўніка два сцягі: нямецкі і нацыянальны беларускі — бел-чырвона-белы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?