У чарговай квартальнай справаздачы кампаніі Turkcell зафіксаваныя гіганцкія адтокі абанентаў у двух аператараў — украінскага і беларускага Life:). Беларуская кампанія страціла 300 тысяч абанентаў, а ўкраінскі «Астэліт» паменшыўся на 1,7 мільёна SIM-картак.
Маштабныя змены адбыліся праз новую методыку падліку абанентаў, уведзеную Turkcell. Раней абанент лічыўся «актыўным», калі папоўніў рахунак на працягу апошніх 13 месяцаў, цяпер гэты перыяд скарочаны да паўгоду.
Такім чынам, у беларускага life:) налічваецца 1,2 мільёна кліентаў замест 1,5 мільёна ў папярэднім квартале. Раней кіраўнік Life:) Азджан Эрміш планаваў да канца года давесці абаненцкую базу да 2 мільёнаў.