Мяркуючы па апублікаваных сёньня выніках дасьледваньня Doing Business 2011, бравурны лібэлізацыйны крок беларускіх уладаў спатыкнуўся аб падаткаабкладаньне. Менавіта па гэтым яскрава няўдачным паказчыку найбольш чакаліся хоць нейкія паляпшэньні, якіх так і не адбылося.

Беларусь была і застаецца краінай з найгоршай у сьвеце падатковай сыстэмаю.

Паводле Ўсясьветнага банку, поўная стаўка падаткаў у Беларусі складае неверагодныя 80,4% ад прыбытку ў параўнаньні з 43% у разьвітых краінах і асабліва 41,2% у краінах Усходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі. Да гэтага дадаецца колькасьць часу, які прадпрымальнікі вымушаныя траціць на выплату падаткаў (798 гадзін у год у параўнаньні з у сярэднім 313,9 г. у іншых краін нашага рэгіёна) ці колькасьць плацяжоў (82 супраць 41,7 у суседзяў).

Прыярытэтам для ўладаў застаецца напаўняльнасьць бюджэта і фінансаваньне непад’ёмных сацыяльных праграмаў — а значыць яна будзе працягваць выціскаць сокі з прадуктыўнай часткі грамадзтва, то бок з прадпрымальнікаў. А значыць, што намеціўся пэўны псыхалягічны (ці ня вельмі псыхалягічны) бар’ер на шляху рэформаў.

Паўнавартасная лібэралізацыя разумее пад сабою скарачэньне дзяржаўнага ўмяшальніцтва ў жыцьцё краіны, што, падобна, яўна супярэчыць ладу мысьленьня сёньняшніх беларускіх чыноўнікаў.

Ня так складана скасаваць адміністратыўныя перашкоды для нармалёвага вядзеньня прадпрымальніцкай дзейнасьці: спрасьціць працэдуру рэгістрацыі бізнэса, ліцэнзіяваньне, справаздачнасьць. Менавіта коштам гэтых рэчаў беларускія рэформы атрымоўвалі добрыя ацэнкі ў мінулыя пару гадоў. Цяпер гэты "рэсурс для ўдасканаленьня" вычарпаны, і зьяўляецца бар'ер: куды складаней адмаўляцца ад лішніх паступленьняў у дзяржаўны скарб, для чаго давядзецца адпаведна скарачаць дзяржаўныя выдаткі, ад пэнсій электарату да фінансаваньня сілавых структураў.

Таму ў наступным годзе вялікага прагрэса чакаць не даводзіцца. Хутчэй за ўсё дзяржава менавіта што спрасьціць працэдуру падаткаабкладаньня, скараціць колькасьць падаткаў і пэрыядычнасьць іх узыманьня, але ў фінансавым вымярэньні падатковы прэс на эканоміку наўрад ці істотна аблегчыцца.

На самой жа справе навядзеньне парадка ў падатковай сыстэме моцна назрэла.

Эканоміка Беларусі не нагэтулькі разьвітая, каб дзяржава магла дазваляць сабе браць вялікія падаткі з грамадзян,
пагатоў калі гэтыя падаткі нават больш, чым у вядомай сваёй зарэгуляванасьцю Заходняй Эўропе. Зрэшты, пабачым, што нам прынясе славутая Дырэктыва нумар чатыры.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?