4 лістапада ў памяшканні Ліцэя БДУ адбыўся сход упаўнаважаных жыхароў Ленінскага раёна, на якім выбіралі дэлегатаў на Агульнанацыянальны сход.У сходзе удзельнічалі жыхары раёна, якіх, паводле афіцыйнай версіі, папярэдне вылучалі на лакальных сходах. Узяць удзел у мерапрыемстве пажадаў і адзін з патэнцыйных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта — Уладзімір Някляеў.
Дэлегатаў падвозілі групамі.
Ідэалагічная вертыкаль.
Сход у Ліцэі БДУ меў распачацца, а 15.30. Да брамы навучальнай установы адна за адной пад’язджалі машыны і мікрааўтобусы, з якіх выходзілі пераважна жанчыны за сорак у пампезных строях, ды з яшчэ больш пампезнымі фрызурамі. Былі і мужчыны. У прыватнасці, перад журналістамі чынна прадэфіляваў дырэктар Нацыянальнага музея Уладзімір Пракапцоў.
Някляеў спазніўся. З’явіўся ля ганку ліцэя на пяць хвілін пазней. Яго там ужо чакала прадстаўнічая дэлегацыя, якая складалася з членаў аргкамітэта па правядзенні сходу Ленінскага раёна Менску ды дзясятка моцных мужчын у аднолькавай чорнай вопратцы. Дэлегацыю узначальваў спадар Павел Піскуноў. Ён жа і заявіў Някляеву, што той не можа прысутнічаць на сходзе, бо не выканаў усіх неабходных працэдур.
«Мясцовы з’езд, на якім вас нібыта выбралі, быў праведзены не адпаведна з патрабаваннямі. У нас ёсць звесткі, што у ім прыняло удзел не 302 чалавекі, як вы пішаце (неабходная колькасць — 300 чалавек), а 70–80.Таму мы не можам вас лічыць прадстаўніком Ленінскага раёна», — заявіў чыноўнік. Свайго начальніка адразу ж падтрымалі іншыя члены аргкамітэту, пераважна жанчыны:
«Няправільна высунуты, вы няправільна высунуты». «Мы адмовілі не толькі вам», — у адзін голас сцвярджалі жанчыны.Някляева гэта не спыніла і ён, забыўшыся на папярэдняга суразмоўцу, пераключыў сваю увагу на жанчын: «Дарагія мае прыгожыя жанчыны! Чаму вы мяне не хочаце папусціць?». Адказ быў жалезным: «Мы вас вельмі паважаем, але мы члены аргкамітэта».
Спрэчкі працягваліся. Някляеў, разам з прадстаўнікамі свайго штабу, патрабаваў прапусціць яго на сход, прадстаўнікі аргкамітэта адмаўлялі, а моцныя мужчыны целамі закрывалі ўваход у будынак. Разнастайнасць у ход падзей унёс дэпутат Генадзь Давыдзька, які акурат накіроўваўся на мерапрыемства, працісківаючыся праз натоўп. «Гена, Гена, падыдзі сюды!», — загукаў Някляеў, пабачыўшы добрага знаёмага. Той ігнараваць паэта не стаў і ўвязаўся ў спрэчку.
«Валодзя, я не ведаю, якая тут структура, якая працэдура», — заявіў ён. «А як ты сам трапіў на сход?» — запытаў Някляеў. «Мне запрашэнне даслалі, я і прыйшоў. Так было», — адказаў дэпутат.На пытанне журналістаў, ці праводзіўся нейкі сход па яго вылучэнні, спадар Давыдзька адказаць не змог, што выклікала вялікі шум сярод прыхільнікаў Някляева, пад які спадар дэпутат паспяшаўся ўцячы з месца падзей.
Атмасфера тым часам накалялася. Прадстаўнікі аргкамітэту адводзячы вочы тлумачылі Някляеву і журналістам, якім чынам спадар Давыдзька змог трапіць на сход, калі ніякіх мерапрыемстваў па высоўванні яго кандыдатуры не праводзілася. У выніку жанчыны з аргкамітэту заявілі:
«Аргкамітэт вырашае, каго запрашаць, а каго -- не». Аднак крытэры выбару запрошаных асоб ўсё ж назваць не змаглі.
Паспрачаўшыся яшчэ хвілін пяць, Някляеў здаўся пры ўмове, што прадстаўнікі аргкамітэту возьмуць у яго тэкст заявы і агучаць яе удзельнікам. Спадар Піскуноў неахвотна пагадзіўся зварот узяць, аднак зачытаць яго не паабяцаў.
На гэтым і разышліся. Развітваючыся з журналістамі і сябрамі свайго штабу, Някляеў заявіў, што «сёння мы пабачылі, я к насамрэч будуць адбывацца прэзідэнцкія выбары». Дасталася ад паэта і замежным гасцям Лукашэнкі.
«Прэзідэнты прыязджаюць, міністры, абяцаюць тры мільярды. А тут усё па тым жа коле. Будуць фальсіфікацыі, потым людзі выйдуць на плошчу, затым іх адтуль разгоняць», — з сумам у голасе гаварыў Някляеў.Таксама ён выказаў упэўненасць, што Захад выбары па такім сцэнары не прызнае, але фактычна працягне супрацоўніцтва з Лукашэнкам. Гэтай не самай аптымістычнай заявай скончылася спроба патэнцыйнага кандыдата трапіць на Усебеларускі сход.