Сваёй бяздзейнасцю кіраўнік ЦВК выдае індульгенцыю правакатарам і фальсіфікатарам, лічыць былы міліцыянт.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына назвала сенсацыйную заяву падпалкоўніка міліцыі Мікалая Казлова аб фальсіфікацыі на парламенцкіх выбарах 2008 года старой правакацыяй. Афіцэр ёй адказаў: «Трэба было не ўпадаць у шок, а патрабаваць правядзення дбайнай аб’ектыўнай праверкі». Ён прапануе Ярмошынай зрабіць гэта цяпер. І нагадвае, што ў выкладзеных ім фактах двухгадовай даўніны відавочна прысутнічаюць прыкметы складу злачынства, прадугледжанага арт. 192 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

На нядаўняй прэс-канферэнцыі журналісты пацікавіліся ў кіраўніка Цэнтрвыбаркама, якая была яе рэакцыя на гэтае ў сенсацыйнае паведамленне: бо пра тое, што сябры выбарчай камісіі ўкідваюць бюлетэні ў апячатаныя скрынкі, калі ўчастак зачынены, расказаў не прадстаўнік апазіцыі, а падпалкоўнік міліцыі, які нёс дзяжурства на гэтым выбарчым участку.

Лідзія Ярмошына: «Гэта старая правакацыя, проста паднятая на інфармацыйнае поле ў апошнія дні»

— Да нас ён не звяртаўся, — заявіла Лідзія Ярмошына. — Як вы ведаеце, публікацый — іх шмат, досыць… Што ж датычыць спадара Казлова, я думаю, што гэта старая правакацыя, проста паднятая на інфармацыйнае поле ў апошнія дні проста за адсутнасцю іншых навін і правакацый. Можна было падзяліцца і гэтай… І я памятаю гэтую інфармацыю вельмі добра, яна прайшла ў дзень парламенцкіх выбараў два гады таму.

І, натуральна, гэта быў шок для мяне і для тых, хто арганізоўваў выбары.
На месца, у дадзеную выбарчую камісію, тут жа былі накіраваныя правяральнікі ад Цэнтральнай камісіі. Увечары ўсе назіральнікі, міжнародныя у тым ліку, мясцовыя, нацыянальныя, усе сабраліся на дадзеным выбарчым участку. І ніякіх пытанняў пасля падліку галасоў і па выніках назірання ні ў адной назіральнай місіі не было. Больш за тое, гэты выпадак, пра які было вядома ў тым ліку назіральнай місіі АБСЕ, не ўвайшоў у заключную справаздачу місіі АБСЕ.

Спадар Лябедзька, які цяпер пра гэта кажа, звяртаючыся са скаргай аб прызнанні вынікаў выбараў несапраўднымі, нічога пра гэты факт нават і не паведаміў. Па-мойму, гэта з’яўляецца найлепшым доказам таго, што ў 2008 годзе гэтая інфармацыя ніяк не пацвердзілася, але цяпер усё ўжо прызабылася, яе можна дастаць і другі раз. Таму няма сэнсу яе разглядаць другі раз, таму што ў 2008 годзе ўсялякае рэагаванне, якое магло адбыцца ў гэтыя дні, у кастрычніку 2008 года, яно было, яно адбылося.

Мікалай Казлоў: «Трэба было не ўпадаць у шок, а патрабаваць правядзення дбайнай аб’ектыўнай праверкі»

Вось адказ падпалкоўніка міліцыі Мікалая Казлова Лідзіі Ярмошынай:

— Грамадзянка Ярмошына, я вымушаны звярнуцца да вас праз газету, бо вы публічна дазволілі сабе ўсумніцца ў дакладнасці выкладзеных мною ў «Народнай Волі» фактаў аб фальсіфікацыі вынікаў датэрміновага галасавання ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў верасні 2008 года на ўчастку № 463 Старавіленскай акругі № 105 у горадзе Мінску, сведкам чаго я быў.

Наўпрост абвінаваціць мяне ў мане вы не наважыліся, таму як мінімум дапускаеце, што ўсё, пра што я расказаў, — праўда.
Але ў той жа час гэтыя падзеі вы акрэслілі як правакацыю. І вось тут я з вамі згодны. Але з адным удакладненнем: у дадзеным выпадку правакатарам з’яўляецца асоба (ці асобы), ад якой зыходзіла ініцыятыва, падбухторванне і, я мяркую, сур’ёзны ціск на сябраў выбарчай камісіі, якім давялося ўкінуць бюлетэні ў скрынкі пасля таго, як участак быў зачынены, а скрынкі для галасавання апячатаныя. Высвятленне асобы гэтага (або гэтых) правакатара і мусіць быць нашай агульнай мэтай. (Бо старшыня камісіі з кім-небудзь з гэтых правакатараў каардынавала свае дзеянні па тэлефоне).

Грамадзянка Ярмошына, вы часцяком пазіцыянуеце сябе адукаваным чалавекам і кваліфікаваным юрыстам, у сувязі з гэтым хочацца звярнуць увагу на некалькі простых ісцін.

Калі вы лічыце сябе юрыстам, то як мінімум разумееце, што ў выкладзеных мною фактах двухгадовай даўніны відавочна прысутнічаюць прыкметы складу злачынства, прадугледжанага арт. 192 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Значыць, тады, 28 верасня 2008 года, трэба было не ўпадаць у шок, у які, па вашых словах, вы ўпалі, не чакаць, ці заўважаць назіральнікі фальсіфікацыю (а мне думаецца, укінутыя бюлетэні былі ідэнтычнымі па колеры, памеры і афармленні ўсім астатнім), а як службовая асоба, кіраўнік ЦВК, юрыст і, нарэшце, сумленны чалавек запатрабаваць правядзення ў тэрміновым парадку дбайнай аб’ектыўнай праверкі. Бо тады ў інтэрнэце з’явілася наступная інфармацыя: «Сёння, 28 верасня, спадар Казлоў быў выкліканы да кіраўніцтва РУУС Цэнтральнага раёна Мінска, дзе ад яго запатрабавалі адмовіцца ад сваіх намераў, пагражаючы негатыўнымі наступствамі. Пасля таго як супрацоўнік міліцыі адмовіўся ад „прапановаў“ начальства, кіраўніцтва РУУС звязалася з участковай камісіяй. Разам яны вырашылі скласці адпаведныя дакументы аб парушэнні падпалкоўнікам парадку на выбарчым участку і стварэнні перашкодаў у працы камісіі. Чым скончыцца гэты скандальны выпадак — пакуль невядома».

Гэта значыць, маё прозвішча, званне і месца працы былі вам вядомыя. І калі, як вы кажаце, на дадзены ўчастак тут жа «былі накіраваныя правяральнікі ад Цэнтральнай камісіі», то ў мяне лагічна ўзнікае пытанне:

як і што яны правяралі, чаму не зрабілі ласкі маёй сціплай персоне і не задалі мне шэраг пытанняў? Я б з задавальненнем на іх адказаў. Ці, можа быць, гэта і былі тыя самыя правакатары?

Аднак тады, мяркуючы па ўсім, вы хутка акрыялі ад шоку і цалкам спакойна, з уласцівай вам абыякавасцю ўсё абверглі. Хоць, паўтараю, як можна было нешта аспрэчваць без праверкі? Паведамленне аб факце фальсіфікацый на ўчастку № 463 Старавіленскай акругі № 105 на сайце «Хартыя '97» з’явілася ў 12 гадзін 29 хвілін 28 верасня 2008 года. А ўжо ў 15.27 таго ж дня на сайце «СБ Беларусь Сегодня» была размешчаная інфармацыя наступнага зместу.

«Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына абвяргае інфармацыю АГП пра нібыта наяўныя парушэнні падчас галасавання.

Па словах Лідзіі Ярмошынай, прычынай распаўсюджання негатыўнай інфармацыі з боку АГП можа быць тое, што „выбары праходзяць занадта дабратворна“. „Звесткі ў дачыненні да палкоўніка (менавіта так было напісана ў інфармацыі на сайце „СБ Беларусь Сегодня“), які нібыта быў сведкам укіду бюлетэняў у скрыню, правераныя МУС і цалкам аспрэчаныя“, — заявіла Л. Ярмошына».

Упэўнены, даведацца праўду вы маглі б цяпер, калі б, вядома, палічылі патрэбным. У вашых сілах запатрабаваць ад органаў пракуратуры правесці аператыўнае і аб’ектыўнае расследаванне, адхіліўшы на час праверкі ад выканання службовых абавязкаў усіх асобаў, якія маюць дачыненне да інцыдэнту.

Грамадзянка Ярмошына, даводжу да вашага ведама, што праз 20 дзён пасля публікацыі ў газеце «Народная Воля» і 17 з дня звароту ў пракуратуру Лябедзькі са мной ніхто не знайшоў часу нават пагаварыць. Вам як юрысту гэтая акалічнасць павінная здавацца абуральнай, калі не сказаць больш.

Акрамя таго, на мой погляд, не варта вам крычаць аб тым, што, маўляў, два гады таму спадар Лябедзька, звяртаючыся ў Цэнтрвыбаркам са скаргай аб прызнанні вынікаў выбараў несапраўднымі, аб гэтым факце нічога не сказаў. Наяўнасць альбо адсутнасць рэакцыі з гэтай нагоды з боку кандыдатаў, якія ўдзельнічалі ў парламенцкіх выбарах, нельга аднесці да доказаў, як вы сцвярджаеце, і тым больш ніяк не павінна ўплываць на выкананне вамі службовых абавязкаў, звязаных з забяспечаннем сумленных выбараў.

Вы абмежаваліся сёння, на першы погляд, нейтральным каментаром, а па сутнасці адмовіліся прыкласці хоць крыху намаганняў для забяспечання сумленных выбараў. Сваёй бяздзейнасцю тады і цяпер вы выдаяце індульгенцыю не толькі былым, але і будучым правакатарам і фальсіфікатарам, цяпер ужо на выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Не магу ўтрымацца і не папрасіць вас да блізкіх выбараў паспрабаваць выкараніць прававы нігілізм сярод сябраў выбарчых камісій.

Ну растлумачыце падначаленым, што любая фальсіфікацыя выбараў — гэта крымінальнае злачынства, за якое прадугледжанае пакаранне да 5 гадоў пазбаўлення волі.
Можа, гэта дазволіць людзям, у большасці сваёй прыстойным, захаваць самапавагу, бо з’явіцца стымул без усялякай боязі за наступствы для сябе і сваёй сям’і сказаць не фальсіфікацыям!

І апошняе. Вы кажаце: «…няма сэнсу яе (інфармацыю) разглядаць другі раз, таму што ў 2008 годзе ўсякае рэагаванне, якое магло адбыцца ў гэтыя дні, у кастрычніку 2008 года, яно было, яно адбылося».

З усяго вамі сказанага я ўбачыў толькі рэагаванне вашага арганізму ў выглядзе шоку, а хацелася б прававога рэагавання і адпаведнай ацэнкі.
Дарэчы, старымі правакацыі, а па-мойму — фальсыфікацыі, стануць, калі скончыцца тэрмін пазоўнай даўніны. Каму пра гэта ведаць, як не вам?! Але ў дадзеным выпадку гаварыць аб заканчэнні тэрміну пазоўнай даўніны рана.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?