06.11.2010 / 16:04

Стан трох пацярпелых ад выбуху ў Пінску застаецца цяжкім

Стан трох пацярпелых ад выбуху на заводзе «Пінскдрэў-ДСП», якія знаходзяцца ў рэанімацыі Брэсцкай абласной бальніцы, застаецца стабільна цяжкім. Як паведамілі ў клініцы, яны па-ранейшаму падключаны да апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Яшчэ трое пацярпелых знаходзяцца ў Рэспубліканскім апёкавым цэнтры ў Мінску. Паводле слоў галоўнага лекара Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Віктара Сірэнкі, іх стан ацэньваецца як стабільны, сярэдняй ступені цяжкасці. Усе трое пераведзены з рэанімацыі ў саматычнае апёкавае аддзяленне.

Нагадаем, у выніку выбуху, які адбыўся на заводзе «Пінскдрэў-ДСП» 25 кастрычніка, загінулі 14 чалавек. Целы двух былі знойдзены ратавальнікамі пад заваламі, астатнія памерлі ў бальніцах ад моцных апёкаў.

Паводле звестак МНС, меркаваная прычына НЗ — «выбух адкладаў драўнянага пылу ў выніку парушэння рэжыму эксплуатацыі абсталявання па вытворчасці драўняна-паліўных гранул».

Па факце выбуху пракуратура Брэсцкай вобласці распачала справу па ч. 2 арт. 302 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правілаў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны, правілаў бяспекі на выбухованебяспечных прадпрыемства або ў выбухованебяспечных цэхах або правілаў бяспекі выбухованебяспечных работ). На гэтым тыдні справа перададзена для расследавання ў Генеральную пракуратуру.

На ўзроўні Савета бяспекі Беларусі створана камісія па расследаванні прычын НЗ, якая 15 лістапада павінна праінфармаваць Савет бяспекі аб выніках расследавання. Акрамя таго, уласную камісію па расследаванні прычын трагедыі стварыла кіраўніцтва кампаніі «Пінскдрэў».

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру