07.11.2010 / 16:21

Нацболы прайшлі шэсцем па Мінску і заклікалі да свабодных выбараў 7

Удзельнікі праведзенага ў Мінску мітынгу левых сіл запатрабавалі правесці ў Беларусі свабодныя і справядлівыя выбары.

Нагадаем, 7 лістапада ў сталіцы прайшлі шэсце і мітынг з нагоды святкавання Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Прыкладна 50 чалавек сабраліся на пляцоўцы каля будынка прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, а затым прайшлі па вуліцы Сурганава на плошчу Бангалор, дзе ў парку Дружбы народаў і прайшоў мітынг.

Выступаючы на мітынгу, лідар аргкамітэта па стварэнні Нацыянал-бальшавіцкай партыі Беларусі Яўген Контуш заявіў што, сённяшняя сітуацыя ў Беларусі падобная на сітуацыю ў Расіі 1917 года. «Тады ўся ўлада належала кучцы людзей, якую змёў народ. Сёння ў нас тое ж самае: чыноўнікі прымаюць законы, не звяртаючы ўвагі на пратэсты грамадства. Яны не выконваюць волю народа, не рэгіструюць арганізацыі, палітычныя партыі, якія складаюцца з людзей — уласна, народа. Яны ўзурпавалі ўладу», — заявіў Контуш.

«Нам патрэбныя свабодныя выбары. Хай выбаршчык сам вырашыць, якая ідэалогія яму бліжэйшая
 — сацыялістычная, камуністычная ці нацыянал-бальшавіцкая. Хай народ сам скажа, што яму трэба», — заявіў Контуш.

Лідар міжнароднага грамадскага аб’яднання «За Саюз і камуністычную партыю Саюза» Леанід Школьнікаў адзначыў, што выбары павінны прайсці таксама без умяшання звонку. «Пакуль мы бачым, што працягваецца грубае ўмяшанне ЗША, Еўрасаюза і алігархічнай Расіі ва ўнутраныя справы Беларусі. Гэта робіцца з мэтай адарваць Беларусь ад брацкага народа Расіі, уцягнуць Беларусь у НАТО. Гэта недапушчальна, і Беларусь павінна сама абраць свайго прэзідэнта», — заявіў Школьнікаў.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што Беларусь засталася адзінай дзяржавай на постсавецкай прасторы, дзе Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі адзначаецца на дзяржаўным узроўні.

Пасля заканчэння мітынгу прысутныя прынялі рэзалюцыю, у якой адзначаецца, што «сёння няма ў чалавецтва іншага шляху выжыць і жыць годна, акрамя сацыялізму». «Вялікі Кастрычнік адкрыў рэальны і адзіны шлях да яго беларускаму і ўсяму савецкаму народу, усім народам і дзяржавам планеты», — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Акцыя, нагадаем, была санкцыянаваная Мінгарвыканкамам. За ёй назіралі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Яна прайшла без эксцэсаў.

0
Мікола былы кулак / Адказаць
07.11.2010 / 18:20
На ўсю РБ назьбіралася 50 недабітых чырвоных фашыстаў, гэта добры вынік дэкамунізацыі народу - засталося павыкідаці на сьметнік усіх Ленінаў і іншых камуністычных катаў беларускага народу разам з камуністычнай атрыбутыкай. Усялякіх гліняных ленінаў трэба адвязці ў маскву на цягніку, а бронзавых на пераплаўку. Спадзяемся новы прэзыдэнт не будзе такім лёкаем Расеі, бы Хросны бацька і прачысьціць усю Беларусь ад бальшавіцкага сьмецьця.
0
Aleś Jurkaviec / Адказаць
07.11.2010 / 19:57
Няма нічога больш абсурднага, чым тое, што людзі, якія называюць сябе "бальшавікамі", нешта кажуць пра "свабодныя выбары". Больш за 70 гадоў былі пры ўладзе на аграмаднай тэрыторыі - і ніводных хоць бы больш-менш нармальных не правялі. А цяпер змагаюцца... Парадокс. :)
0
Libertarian / Адказаць
07.11.2010 / 20:37
сацыялістычная, камуністычная ці нацыянал-бальшавіцкая? Libertarian!!!
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру