07.11.2010 / 16:24

Кілер сеў за падроблены пашпарт

Алексінскі гарадскі суд Тульскай вобласці Расіі вынес прыгавор кілеру марозаўской банды, якая дзейнічала ў Гомельскай вобласці ў 90-х — пачатку 2000-х гадоў.

Як паведамляе прэс-служба Алексінскага гарсуда, Ігар Кулеўскі прызнаны вінаватым у падробцы пашпарта і прыгавораны да года пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. На судзе беларус поўнасцю прызнаў сябе вінаватым і адмовіўся ад давання паказанняў.

Матывам прынятага рашэння суд прызнаў тое, што Кулеўскі прыцягнуты ў якасці абвінавачанага па ч. 2 арт. 285 і п. 1,15 ч. 2 арт. 139 КК Беларусі і ў дачыненні да яго 14 студзеня 2005 года абрана мера стрымання ў выглядзе змяшчэння вад варту. Кулеўскаму інкрымінуюцца дзеянні, што з’яўляюцца злачынствам як на тэрыторыі Беларусі, так і на тэрыторыі Расіі.

Паводле звестак прэс-службы Алексінскага гарсуда,

Кулеўскі — «прафесійны кілер па мянушцы Тхор, у 90-я гады ўваходзіў у гомельскую арганізаваную злачынную групу, члены якой ўчынілі дзясяткі забойстваў на тэрыторыі Беларусі».

Верхавод банды быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання і расстраляны. Некалькім бандытам удалося збегчы, у тым ліку Кулеўскаму.

Падазроны быў затрыманы 6 жніўня 2010 года ў Алексінскім раёне Тульскай вобласці з-за падробленага пашпарта.

Цяпер у вытворчасці Генпракуратуры Беларусі знаходзіцца крымінальная справа па абвінавачанні Кулеўскага ва ўчыненні злачынстваў у складзе банды, незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі, учынення забойстваў, крадзяжоў, незаконным пазбаўленні волі, наўмысным знішчэнні ў складзе банды маёмасці і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі.

Тэрміны даўнасці прыцягнення Кулеўскага да крымінальнай адказнасці не скончыліся. Раней у Генпракуратуру Расіі паступіла пацвярджэнне з Генпракуратуры Беларусі аб намеры патрабаваць выдачы Кулеўскага.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру