На гэтым тыдні рада па пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры зацьвердзіла праект будаўніцтва ў Бабруйскай крэпасьці лядовага палацу. Але пры ўмове, што гістарычны помнік, якому хутка будзе 200 гадоў, захаваецца. А ў гэтым ёсьць сумневы.

— На жаль, аўтары праекту зрабілі падыход да палацу так, што зьнішчаецца гістарычная архітэктура валоў, – расказаў «Камсамолцы» Армен Сардараў, дэкан архітэктурнага факультэту БНТУ. – Як архітэктар я сьцьвярджаю, што новы будынак можна лёгка ўпісаць у наяўнае архітэктурнае асяродзьдзе. Мы будзем дамагацца, каб прыгажосьць фартыфікацыйных падубоваў захавалі. Новыя памяшканьні Луўра былі пабудаваныя ў двары гэтага гістарычнага помніка. Усё зроблена настолькі далікатна, што не парушае архітэктуру Луўра. Лядовы палац у Бабруйску плянуецца ў хай-тэкавым стылі. Будынак не выклікае ні глыбокіх пачуцьцяў, ні агіды.

— А навошта будаваць палац у крэпасьці?

— Каб атрымаць грошы на рэстаўрацыю. Такія праекты, як лядовы палац, добра фінансуюцца. Каб выратаваць спадчыну, трэба знаходзіць кампрамісы. Пакуль рада па абароне гістарычных помнікаў раілася, як захаваць Бабруйскую крэпасьць, будаўніцтва лядовага палацу пачалося.

— Яшчэ на «Дажынках» кіраўнік дзяржавы заклаў капсулу ў падмурак будучага палацу, – расказаў «Камсамолцы» начальнік аддзелу па фізычнай культуры, спорце і турызьме бабруйскага гарвыканкаму Міхаіл Сьвістуноў. – У першым паўгодзьдзі 2008 году мы ўжо адкрыем палац. Ужо заганяюць па́лі, замоўлены каркас з мэталаканструкцый.

— У палацы будуць праводзіць чэмпіянат Эўропы па хакеі?

— Палац будзе вельмі сучасны і ўмяшчальны – больш за 7 тысяч чалавек. Вядома, мы будзем прэтэндаваць на правядзеньне спаборніцтваў самага высокага рангу.

— Месца вольнага ў Бабруйску багата. Чаму будуюць у крэпасьці?

— Усё прайшло ўзгадненьне ў міністэрстве архітэктуры. Групы зь Менску ня раз сюды прыяжджалі. Калі б былі якія-кольвек праблемы, нам не ўзгаднялі б праект.

ГІСТАРЫЧНАЯ ДАВЕДКА

У свой час Бабруйская крэпасьць была найбуйнейшай у Эўропе. Яе плошча перавышала 120 гектараў. Будаўніцтва крэпасьці пачалося ў 1810 годзе на месцы сярэднявечнага замчышча. «Ніводная крэпасьць у Расеі не была такой карыснаю, як Бабруйская ў 1812 годзе», - пісаў генэрал-маёр Міхайлоўскі ў кнізе «Героі айчыннай вайны». Больш за 4 месяцы ейны гарнізон стрымліваў націск 20-тысячнага францускага войска.

Пазьней крэпасьць ператварылі ў палітычную катаргу. Першымі вязьнямі сталі дзекабрысты. Герцэн пісаў: «Хай Сыбір, хай што заўгодна, абы ня гэтая страшэнная турма на рацэ Бярэзіне!»

Ад умацаваньняў Бабруйскай крэпасьці захавалася толькі некалькі фартоў, фрагмэнты валаў, Рагачоўская брама. У самым цэнтры крэпасьці вылучаецца барочнымі формамі будынак былога езуіцкага касьцёлу, пабудаванага ў 1732-1747 гг.

Фота fortress.grodno.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?