Большасць подпісаў, пададзеных у падтрымку вылучэння кандыдатам на пасаду прэзідэнта Уладзіміра Правальскага, прызнаныя несапраўднымі. Пра гэта паведаміў член Першамайскай раённай выбарчай камісіі Віцебска Аляксандр Ганчароў.

Нагадаем, за індывідуальнага прадпрымальніка з Віцебска Уладзіміра Правальскага было сабрана 109 тыс. 338 подпісаў, прычым практычна ўсе ў адным — Першамайскім — раёне гэтага абласнога цэнтра.

Ганчароў паведаміў, што большасць падпісных лістоў, здадзеных у камісію ініцыятыўнай групай Правальскага, — ксеракопіі. «Для мяне гэта было бачна няўзброеным вокам, але мы ўсё ж накіроўвалі іх на экспертызу ў органы ўнутраных спраў», — зазначыў ён.

Кіраўнік раённай выбарчай камісіі не стаў называць, якая канкрэтна колькасць подпісаў у падтрымку Правальскага прызнана несапраўднай, бо на абнародаванне гэтых звестак яму неабходны дазвол старшыні камісіі. Разам з тым, паведаміў Ганчароў, сапраўдных подпісаў недастаткова для рэгістрацыі Правальскага кандыдатам на пасаду кіраўніка дзяржавы.

Як паведамлялася раней, 5 лістапада старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына заявіла журналістам, што ва Уладзіміра Правальскага толькі 700 рэальных подпісаў. Паводле яе слоў, астатнія подпісы — гэта ксеракопіі гэтых сямісот подпісаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?