Праблема зьлічэньня часу стаяла з моманту зараджэньня цывілізацыі. Доўгія стагодзьдзі людзі жылі паводле мясцовага часу, вызначалі яго па сонцы. І тое, што кожны горад пры гэтым жыў па ўласным часе, да пэўнага моманту асаблівых нязручнасьцяў не выклікала.

Але разьвіцьцё чыгунак паставіла сьвет перад неабходнасьцю адзінага часазьлічэньня. У канцы ХІХ стагодзьдзя быў уведзены паясны час. Зямны шар падзялілі па экватары на 24 гадзінавыя паясы. Розьніца між суседнімі паясамі складае адну гадзіну. За кропку адліку быў прыняты Грынвіцкі мэрэдыян – цэнтар нулявога гадзінавага поясу.

Паўсюдная электрафікацыя зноў зрабіла актуальным пытаньне рацыянальнага выкарыстаньня сьветлавога дня. Для эканоміі электраэнэргіі ў дваццатыя гады ЗША і краіны Заходняй Эўропы (за выняткам Ісьляндыі) увялі летні час. Ад красавіка да верасьня стрэлкі гадзіньнікаў пераводзяць на гадзіну наперад, а ўзімку вяртаюцца да звычайнага паяснога часу.

Галоўнымі ініцыятарамі й адвакатамі існаваньня «летняга» і «зімовага» часу былі энэргетыкі, якія чакалі значнай эканоміі. Аднак эканамічнай карысьці заўжды супрацьпастаўлялася шкода, якую зьмена часу наносіць чалавечаму здароўю.

Вясной і ўвосень нават без часавага зруху арганізм чалавека пераносіць стрэс дзеля сэзоннай перабудовы, і менавіта ў пераходныя сэзоны абвастраюцца хранічныя захворваньні, як саматычныя, так і псыхічныя. Штогод у момант пераводу гадзіньнікаў зь «летняга» на «зімовы час» і наадварот, нэўролягі рэгіструюць павелічэньне колькасьці пацыентаў. Паток хворых зьмяншаецца толькі празь месяц.

Паводле матэрыялаў шэрагу дасьледваньняў, з-за зрухаў стрэлак падае вытворчасьць працы. Прымяненьне рэжыму «летняга і зімовага» часу вядзе да павышэньня захворваемасьці насельніцтва, павелічэньню колькасьці ДТЗ, павышэньню траўматызму на вытворчасьці, узрастаньню зваротаў па мэдычную дапамогу ў сувязі з абвастрэньнем хранічных захворваньняў, росту спробаў суіцыдаў і да т.п. Апроч усяго іншага, навукоўцы даказалі, што з-за гэткай сыстэмы зьлічэньня часу падае нараджальнасьць.

Высьветлілася, што ў першую пяцідзёнку пасьля «пераводу гадзіньнікаў» выклікі «хуткай» павялічваюцца на 10%, самгубстваў становіцца болей на 60%, ад інфарктаў паміраюць на 70% болей. Прыкладна на траціну павялічваецца колькасьць няшчасных выпадкаў. І толькі пры канцы трэцяга тыдня пасьля зруху стрэлак паказьнікі вяртаюцца да зыходных. Апроч таго, маніпуляцыі з стрэлкамі павялічваюць агульную сьмяротнасьць.

На думку нэўролягаў, найболей шкоды перавод стрэлак прыносіць дзецям школьнага веку. Увечары школьнікі ня могуць нармальна заснуць, а ўраньні, наадварот, устаюць з капрызамі. Ад 30% да 50%. ранішняй часткі сну дзяцей складаюць самую здаровую яго фазу – «хуткага сну», зьмена часу нэгатыўна ўплывае на фармаваньне іх нэрвовай сыстэмы, разьвіцьцё мозгу. Поўная адаптацыя да новага часавага рэжыму ў школьніка трывае каля двух тыдняў. Перамена часу адбіваецца і на здольнасьці вучняў нармальна сачыць за тлумачэньнямі настаўніка ў клясе. Першыя два ўрокі ў гэты час практычна прападаюць дарма. Настаўнікі не заўсёды прымаюць да ўвагі зьмяненьне часу і здольныя ўляпіць няўважліваму вучню двойку, і нанесьці тым самым дадатковы ўдар па сьвядомасьці школьніка.

Нямала турботаў перамена часу прыносіць і жывёлаводам. Каб перайсьці на новы рэжым, напрыклад, прыходзіцца паступова мяняць час кармленьня парасятаў. За тры дні да пераходу кармленьне пачынаюць пасоўваць на пазьнейшы час.

І ў якасьці эпілёгу. Самая высокая працягласьць жыцьця – у Японіі, дзе гадзіньнікі ніколі не пераводзяць. Мо, і эўрапейскім прыхільнікам «зімовага» і «летняга» часу варта прыслухацца да ўсходняе мудрасьці?

Паводле Радыё Прага

Грузія сёлета адмовілася пераводзіць стрэлкі

Грузія больш ня будзе пераходзіць на зімовы і летні час. Гэткае рашэньне прынятае прэзыдэнтам і ўрадам яшчэ леташняй восеньню.

Адпаведны ўказ «Пра адлік часу, які дзейнічае на тэрыторыі Грузіі» быў падпісаны 20 кастрычніка 2005 году. Адпаведна, у Грузіі ў апошнюю нядзелю кастрычніка стрэлкі гадзіньнікаў больш не пераводзяцца на гадзіну назад.

Як раней заяўлялі прадстаўнікі ўраду Грузіі, гэта дазваляе зьнізіць аб’ёмы спажываньня электраэнэргіі. Апроч таго, летні час найлепш спрыяе біярытмам насельніцтва краіны.

Паводле ЛігаБізнесІнформ

Як ходзяць цягнікі ў ноч зьмены часу?

Звычайна пры пераходзе на зімовы час, калі стрэлкі вяртаюцца на гадзіну назад, цягнікі проста спыняюцца і чакаюць, пакуль міне «лішняя» гадзіна, або даўжэй стаяць на станцыях, каб прыйсьці на канцавую станцыю па раскладзе. У некаторых выпадках пры пераходзе на зімовы час ім прызначаюць адмысловы расклад, асабліва экспрэсным цягнікам. Адмыловага раскладу цягнікі вымушаныя прытрымлівацца і пры пераходзе на летні час, калі ноч становіцца на адну гадзіну меней. Тыя цягнікі, якія па раскладзе мусяць адпраўляцца з пачатковай станцыі між 2-й і 3-й гадзінамі ночы, звычайна адпраўляюцца па новым часе. Перавод стрэлак адбываецца ня першы год, і ў чыгуначнікаў ёсьць напрацаваны досьвед.

Паводле інфармагенцтваў

Глядзі яшчэ:

Сьпіс краінаў, якія не пераводзяць стрэлкі (па-ангельску).

Мапа краінаў і рэгіёнаў, якія пераводзяць стрэлкі"
колерамі пазначаныя краіны і рэгіёны:
блакітным – якія пераводзяць стрэлкі
памаранчавым – якія некалі пераводзілі стрэлкі, а цяпер — не
чырвоным – якія ніколі не пераводзілі стрэлкі

Спыніць летні час!
Расейскамоўны праект супраць датрыманьня летняга часу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0