Сёньня ў Горадні ў 13.50 быў затрыманы Андрэй Кусяльчук, дарадца Аляксандра Мілінкевіча. Вядома, што яго затрымалі, калі ён вёз у машыне «друкаваную прадукцыю». Паводле афіцыйнай вэрсіі, агучанай у РУУС, гэта газэта «Свабода». Цяпер Кусельчука дапытваюць, ягоную машыну даглядаюць.

Сёньня ж міліцыянты маніліся ператрэсьці хату Юліі Коцкай, супрацоўніцы прэсавай групы А. Мілінкевіча. Аднак хата была замкнёная. Міліцыянты паведамілі суседзям, што нібыта быў сыгнал, што з дому вывозяць сьпірт. Пасьля гэтага міліцыянты наведалі маму Юліі. Аднак спадарыня адмовілася ехаць адмыкаць хату, пакуль няма санкцыі пракурора. Празь некалькі гадзінаў міліцыянты вярнуліся бяз санкцыі, але з новым падазрэньнем: нібыта ў хаце апроч сьпірту вырабляюць яшчэ і падробныя дакумэнты. Маці па-ранейшаму адмаўляецца адмыкаць хату. Каля хаты Ю. Коцкай дзяжурыць міліцэйская машына.

Налёты на двух памочнікаў Мілінкевіча выглядае як "адказ" уладаў на прысуджэньне Эўрапейскім парлямэнтам лідэру Дэмакратычных сілаў ганаровай прэміі імя Сахарава.

Паводле словаў прэс-сакратара Мілінкевіча Паўла Мажэйкі, Кусяльчук знаходзіцца ў спэцпрымальніку-разьмеркавальніку. Яму інкрымінуюць артыкул 156 «Дробнае хуліганства». Суд адбудзецца заўтра, 30 кастрычніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0