У Брэсце рыбакі дапамаглі выбрацца з ракі жанчыне з пяцімесячным дзіцём, за якім яна скочыла ў ваду.

Як паведаміў начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Брэсцкага аблвыканкама Віктар Васілеўскі, гэта адбылося 9 лістапада прыкладна ў 12.30 на набярэжнай ракі Мухавец, недалёка ад прычала.

«Паводле слоў 23-гадовай маці, яна гуляла са сваім пяцімесячным сынам, які ляжаў у калясцыі. Каля парапета дзіця заплакала.

Маці, узяўшы немаўля на рукі, спатыкнулася. Малы выпаў з яе рук і ўпаў у раку. Пасля чаго яна прама ў адзенні кінулася за сынам».

Жанчына паспела схапіць у вадзе дзіця і паплыла з ім у бок мужчын, якія лавілі рыбу з лодак.

Адзін з іх забраў у лодку малога з рук жанчыны, а двое іншых — дапамаглі выбрацца з вады яго маці. У гэты час яна з дзіцём была прыкладна за 20 метраў ад берага.

Супрацоўнікі МНС даставілі хлопчыка ў Брэсцкую абласную дзіцячую бальніцу, яго маці — у Брэсцкую цэнтральную гарадскую бальніцу.

Паводле інфармацыі медыкаў, на раніцу 10 лістапада іх стан не выклікае апасенняў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?