12.38

Выйшаў адвакат Зьмітра Дашкевіча Аляксандар Галіеў і паведаміў, што паседжаньне суду скончылася. На ім адбыўся допыт Зьмітра.

Заўтра (31 кастрычніка) а 10-й раніцы паседжаньне мае аднавіцца. Яго весьціме тая ж судзьдзя – Булаш Ала.

Маладафронтаўцы перадалі ў суд лісты з подпісамі ахвотных выступаць сьведкамі.

Пакуль моладзь сыходзіла, людзі ў цывільным узяліся абражаць іх лаянкай. Адна жанчына паспрабавала тых супакоіць, але атрымала мацюкі і на свой адрас

Стала вядома, што Зьміцер Дашкевіч меў магчымасьць цягам нейкіх 10-ці хвілінаў назіраць акцыю падтрымкі. Яму гэта дазволілі ахоўнікі.

Перш чым скончыць акцыю і разысьціся, моладзь заклікала ўсіх падтрымаць Зьмітра і назаўтра.

***

12.18

Адвакат Зьмітра паабяцаў недзе а 13-й гадзіне выйсьці ды паведаміць першыя зьвесткі з працэсу.

Да людзей ля суду далучыўся лідэр камуністаў Сяргей Калякін. Дарэчы, учора пленум ЦК ЛКСМБ выказаў сваю салідарнасьць з Дашкевічам.

Прысутныя ля будынку распачалі супольную малітву. Усяго ля суду сабралася ўжо каля сотні чалавек.

***

11.53

Усіх дапытаных у справе Зьмітра Дашкевіча маладафронтаўцаў выклічуць заўтра (31 кастрычніка) у суд як сьведак, – паведамляе адзін з дапытаных сяброў МФ.

*

Аляксандар Мілінкевіч пагутарыў з бацькам Зьмітра, выказваючы падтрымку. Але Вячаслаў Дашкевіч кажа, што ня цешыцца ілюзіямі наконт выніку.

*

Адна з маці «партнэраўцаў» трымае у рукох абраз.

***

11.45

Людзі, што пашыхтаваліся ля ўваходу з партрэтамі ды кветкамі, ужо недзе 10 хвілін запар скандуюць «Дашкевічу свабоду!», адбіваючы крок на месцы і падыходзячы бліжэй да прыступак.

Тым часам дыпляматы пачынаюць ад’яжджаць зь месца падзеяў (нямецкі ды польскі).

***

11.35

Да клюбу палітвязьняў дадаліся таксама Зьміцер Касьпяровіч, Мікіта Сасім, Вячаслаў Сіўчык.

Прысутныя таксама бацькі «партнэраўцаў», стаяць разам.

Маладафронтаўцы стаяць паўколам ля прыступак суду, трымаюць партрэты, кветкі, скандуюць «Дашкевічу свабоду!».

Зьявілася таксама група ўдзельнікаў нядаўняй акцыі ў «Новым жыцьці». Моладзь зь іх далучылася да кола, астатнія проста стаяць у натоўпе.

11.22

Агулам людзей у ланцугу блізка 80. Яшчэ недзе 20 чалавек з кветкамі стаяць побач.

Асьвятляюць гэтую падзею карэспандэнты каналаў РТР, “ТВ-центр” (Расея), радыё «Свабода», польскаг агенцтва ПАП, а таксама шматлікіх беларускіх выданьняў.

Ланцуг спыняецца, крочыць на месцы і скандуе «Свабоду!».

Ля будынку стаяць Зьмітроў бацька Вячаслаў, Аляксандар Мілінкевіч і ягоная жонка Іна Кулей, Павал Красоўскі зь нявестай, пісьменьнікі Ўладзімер Арлоў, Вольга Іпатава, лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка, праваабаронца Алесь Бяляцкі, замежныя дыпляматы, сярод іх паслы ЗША і Нямеччыны.

Людзі трымаюць партрэты Дашкевіча.

Нейкі нягеглы мужчынка пачаў вязацца да кагось з ланцуга. Але як выйшлі 2 крэпкія маладафронтаўцы, той уцёк пад крыкі «Ганьба!». Цяпер скандуюць «Дашкевіч!» і «Свабоду!»

***

11.08–11.13

Маладафронтаўцы (якія маюць саколкі паверх швэдраў) ходзяць колам, трымаючы рукі за галавамі.

Кола пашыраецца. Туды далучаецца Іна Кулей, кіраўніца Камітэту абароны рэпрэсаваных "Салідарнасьць".

Прысутныя паслы віншуюць Аляксандра Мілінкевіча з прэміяй.

Вячаслаў Дашкевіч кажа, што не заўсёды падтрымліваў сына ў ягонай палітычнай дзейнасьці, але цяпер папросту ня мае словаў, каб аддзячыць тым хлопцам і дзяўчатам, якія прыйшлі падтрымаць ягонага сына.

Тым часам кола ператвараецца ў ланцуг і скандуе: «Дзіма! Радзіма цябе не забудзе!».

Надта холадна, людзі прыносяць тэрмасы з гарачай кавай.

***

11.00

Да будынку суду пад’яжджаюць пасольскія машыны.

Маладафронтаўцы ладзяць паслам жывы калідор.

Прыехалі паслы Нямеччыны ды ЗША, даюць інтэрвію.

Моладзь у саколках ды з кветкамі ўтварылі жывы ланцуг да будынку. Сьпяваюць «Магутны Божа».

Увесь час падцягваюцца людзі з кветкамі.

Зьявіліся лідэр Аб'яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч. У гэты момант ён размаўляе з паслом Нямеччыны Марцінам Хекерам.

Юнакі і дзяўчаты вітаюць бацьку Зьмітра ды выказваюць яму словы падтрымкі.

***

10.40–10.55.

Пакуль народу небагата. Збольшага гэта журналісты (блізка 10 чалавек), праваабаронцы (сярод іх Алесь Бяляцкі). Тут ёсьць таксама бацька Зьмітра. Ён меў сустрэчу з судзьдзём і прасіў таго, каб той дазволіў прысутнічаць на судзе. Але судзьдзя, спасылаючыся на тое, што працэс закрыты, паведаміў бацьку, што гэта выключана.

Бацька Зьмітра кажа, што ня згодны з абвінавачаньнямі, лічыць іх незаконнымі.

Адвакат Зьмітра пакуль ня можа паведаміць чагось вартага і кажа, што нейкія навіны могуць зьявіцца толькі каля першае гадзіны.

Людзей з МФ пакуль мала, у асноўным гэта журналісты ды праваабаронцы.

Пачынае падцягвацца моладзь з бел-чырвона-белымі шалікамі і парасонамі; адна дзяўчына трымае ў рукох белыя і чырвоныя гвазьдзікі. На гэта пачынаюць рэагаваць людзі ў цывільным – патроху выходзяць з машын на стаянцы.

У дворыку стаіць МАЗ-аўтазак і колькі спэцмашын.

Як паведамляюць журналісты, якія прыйшлі раней, Зьмітра яны ня бачылі, але яго, як выясьнілася, прывезьлі раней праз задні дворык.

Зь цягам часу надыходзіць усё болей моладзі ў саколках «Малады фронт не спыніць». Зьявіліся бацькі «партнэраўцаў». Прыйшла Жанна Літвіна, Віктар Карніенка. З «партнэраўцаў» таксама зьявіўся сп.Шалайка, які ўжо дае інтэрвію.

СП

***

10.03

Сёньня ў судзе Кастрычніцкага раёну Менску за зачыненымі дзьвярыма будуць судзіць сустаршыню “Маладога Фронту” Зьмітра Дашкевіча. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Ад 15 верасьня ён сядзіць на Валадарцы, у суд прывязуць пад аховай.

Сябры Зьмітра разгарнулі актыўную кампанію ў ягоную абарону. Ліст у падтрымку Дашкевіча падпісаліся вядомыя грамадзкія дзеячы, палітыкі, сярод якіх Аляксандар Мілінкевіч — ён узначаліў Каміэта у абарону Дашкевіча, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, у тым ліку Ўладзімер Арлоў, усяго 1 350 асобаў. Каля сотні сьведкаў пагадзіліся даваць паказаньні ў справе.

Справу Маладога Фронту вёў аддзел КДБ па барацьбе з тэрарызмам. У сьпіс падазраваных, апроч Зьмітра, трапілі Сяржук Лісічонак, Павал Красоўскі, Алег Корбан, Барыс Гарэцкі. Раённыя пракуратуры, згодна з распараджэньнем КДБ, дапыталі дзясяткі людзей як сьведкаў. Усе крымінальныя справы спынілі, аднаго Зьмітра пацягнулі ў суд. Як сказала актывістка Камітэту ў абарону Дашкевіча Наста Палажанка, "адзін Зьміцер мае адказаць за ўсіх".

Суд над Зьмітром Дашкевічам пачнецца аб 11 раніцы ў судзе Кастрычніцкага раёну, што ў Доме правасудзьдзя на вуліцы Сямашкі. Гэта будзе больш чым суд над асобай — гэта будзе спроба сымбалічнае расправы з ідэяй масавай арганізацыі моладзі, незалежнай ад кантролю дзяржавы. Арганізацыя, якую ўзначальваў Дашкевіч, мела дзьве мэты: абарону незалежнасьці Беларусі і адраджэньне беларускай культуры на аснове хрысьціянскіх каштоўнасьцяў. Арганізацыя, якая перадусім супрацьстаяла асыміляцыі моладзі ў нэасавецкую культуру.

Сябры Зьмітра Дашкевіча заклікалі ўсіх грамадзянаў прыйсьці сёньня да будынку Дома правасудзьдзя, каб прадэманстраваць сваю салідарнасьць з лідэрам “Маладога фронту” і ягонай справай.

Мікола Бугай

Фота Андрэя Лянкевіча, НН

Больш фатаграфіяў глядзеце ў блогу Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0