Адзін Сабака абвясьціў галадоўку. Граждан, даведаўшыся пра гэта, сказаў: «Ну, цяпер мухі і катлеты будуць разьдзельна пітацца...»

* * *

Адзін Сабака на Дзяды схадзіў у Курапаты і выступіў на мітынгу. А Граждан увесь дзень тэлефанаваў у міліцыю і казаў, што ў курапацкім лесе няма грыбоў.

* * *

Граждан, пераапрануты ў аднаго Сабаку, паехаў на сьвята паэзіі Сыса. Усю дарогу думаў пра тое, ці будзе там выпіць і закусіць, і, прыехаўшы, запытаўся: «А ці ёсьць у вас тут каму танцы танцаваць і рыбу глушыць...»

* * *

Адзін Сабака падышоў да магілы Сыса і заплакаў. Граждан, пераапрануты ў Сабаку, сказаў: «Харошы быў пацан! Шкада, што Шніпу пісьмы пісаў...»

* * *

Адзін Сабака абвесьціў, што шукае аўтараў для анталёгіі паэзіі ў перакладзе на кітайскую мову. Праз тыдзень Гражданоў-паэтаў у нас стала, як кітайцаў.

* * *

Адзін Сабака раздаваў чамаданы. Граждан набраў чамаданаў як панесьці і на вакзале абмяняў іх у другога Граждана на квіток у тундру, дзе яшчэ ніхто ня бачыў дзікіх абізьян.

* * *

Аднаго Сабаку дэпартавалі з блізкага замежжа. Граждан сустрэў Сабаку на вакзале з плякатам «Пазор дзецям Паўліка Марозава!».

* * *

Адзін Сабака быў на доўгім ланцугу. У Граждана быў кароткі ланцужок, але з крыжыкам і залаты.

Іншыя гісторыі з жыцьця Сабакі і Граждана чытайце тут, тут і тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?