Расійская кампанія «Юнімілк», якая аб’ядноўвае больш за тры дзясяткі прадпрыемстваў Расіі, Украіны і Беларусі і стварыла дзве даччыныя фірмы ў Пружанах і Шклове, купіла завод фруктовых напояў «ВДХ» на Брэстчыне — у горадзе Высокае Камянецкага раёна.

Асноўнае поле дзейнасці кампаніі — вытворчасць малочных прадуктаў і дзіцячых сокаў пад брэндам «Цёма». Выпуск сокаў для дзіцячага і школьнага харчавання на новым прадпрыемстве ТАА «ВыСоковое» пераводзіцца на іншую тэхналогію, якая патрабуе карэннай мадэрнізацыі вытворчасці.

«ВыСоковое» мае намер выпускаць не менш за 150 тон сокаў на суткі, аднак беларусы не ўбачаць іх, бо ўся прадукцыя будзе пастаўляцца на расійскі рынак.

«Юбілейка» у абдымках «Алсема»

У кастрычніку па Брэсце папаўзлі трывожныя чуткі. Маўляў, спыніў дзейнасць знакаміты гандлёвы цэнтр «ААТ» Брэст-Юбілейны», названы ў народзе» Юбілейкай»: зачыненыя рэстаран і крама, а яго рынак — на мяжы ліквідацыі.

У канцы 2009 года ў Брэсце адбыўся аўкцыён, на які былі выстаўленыя актывы ААТ «Брэст-Юбілейны» — па рашэнні гарвыканкама. Акцыі былі рэалізаваныя з прадажнай цаной на 5% вышэйшай за стартавую, або за 7 млрд 230 млн рублёў. Фірма, якая набыла кантрольны пакет акцый (97,7%), дала слова інвеставаць у гарадскі гандаль не менш за 3 млрд рублёў. Новым уласнікам гандлёвага комплексу ААТ «Брэст-Юбілейны» стала расійскае ТАА «АЛСЕМ», якое ўваходзіць у структуру кампаніі «Алмі», шырока прадстаўленай на рынку Расіі і Беларусі, дзе яна мае разгалінаваную сетку буйных крамаў.

Гандлёвая сетка кампаніі «Алмі» належыць бізнэсоўцу Аляксандру Зарыбку, суўладальніку аднаго з найбуйнейшых расійскіх рытэйлераў ГК «Вікторыя», які, уласна, і адкрыў этап скупкі расійцамі крамаў у Беларусі. Сам ён родам з Пінска, дзе вучыўся, а пасля службы ў войску асталяваўся ў Калінінградзе. Цяпер у А. Зарыбкі 11 крамаў пад брэндам «Алмі» і тры — пад брэндам «ЗАКРАМА».

Паводле дамовы куплі-продажу акцый, заключанай паміж Брэйсцкім гарвыканкамам і ТАА «АЛСЕМ», у тэрмін да 1 ліпеня 2011 года мусіць быць праведзеная рэканструкцыя будынка гандлёвага цэнтра з заменай тэхналагічнага абсталявання. Расійскі інвестар таксама павінен захоўваць профіль ААТ «Брэст-Юбілейны» на працягу пяці гадоў і колькасць працоўных месцаў у ім.

Пасля рэканструкцыі на двух паверхах плошчай 2000 кв.м будзе адкрыты сучасны супермаркет, для зручнасці пакупнікоў пачне функцыянаваць эскалатар. З мэтай захавання месцаў грамадскага харчавання ў цокалі плануецца адкрыць рэстаран «Піцэрыя».

Асобным пытаннем стаіць захаванне статусу рынку, дзе 37 ралетных палатак трапілі ў зону будаўніцтва дарогі. У мэтах захавання працоўных месцаў індывідуальных прадпрымальнікаў была створаная сумесная камісія з прадстаўнікоў адміністрацыі ААТ «Брэст-Юбілейны» і рады рынку. Пытанне аб ліквідацыі рынку ААТ «Брэст-Юбілейны» не разглядалася Брэсцкім гарвыканкамам.

«Еўраопт» прыйшоў у Брэст

У канцы кастрычніка і «Еўраопт» адкрыў новую буйную краму ў Брэсце, дзе будзе працаваць каля 80 чалавек. Раней аб гэтай фірме берасцейцы ведалі толькі з інтэрнэту.

Сёння гандлёвы холдынг «Еўраопт» — адзін з найбуйнейшых аператараў харчовага рынку Рэспублікі Беларусь з развітай інфраструктурай, лагістычным цэнтрам і высокакваліфікаваным персаналам. Пацверджанне гэтаму — перамога ў пачатку 2010 года ў прэстыжным конкурсе «Брэнд года — 2009» у прафесійнай намінацыі «Гандлёвыя сеткі і цэнтры».

У кампаніі напрацаваныя сувязі з пастаўшчыкамі і вытворцамі больш чым з 40 краін блізкага і далёкага замежжа. З’яўляючыся адным з лідараў беларускага рынку, «Еўраопт» валодае ў Беларусі трыма дзясяткамі крамаў. Развітая рознічная сетка ва ўмовах усё большай канкурэнцыі дазваляе зніжаць выдаткі звароту і асвойваць новыя тэхналогіі продажаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?