Грамадзкае аб’яднаньне «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» віншуе Вас з выдатнай падзеяй – 100 гадоў таму выйшаў першы нумар беларускай газэты «Наша Ніва».

Зь яе старонак на ўсю моц загучэў голас самабытнага народу, багатага сваёй гісторыяй і культурай.

Сваёй дзейнасьцю супрацоўнікі рэдакцыі выхоўвалі пачуцьцё нацыянальнай годнасьці і спрыялі самаўсьведамленьню беларускага народу. Для кожнага беларуса выданьне «Нашай Нівы» (1906–1915 гады) – прыклад самаадданага служэньня Бацькаўшчыне.

Мы заклікаем супрацоўнікаў выданьня, якое сёньня носіць сьвятую для кожнага сьвядомага беларуса назву, не выракацца традыцыяў і ідэалаў сваіх папярэднікаў, найвыбітнейшых «нашаніўцаў» пачатку мінулага стагодзьдзя – братоў Луцкевічаў, Купалы, Ластоўскага ды многіх іншых.

Віншуем усіх супрацоўнікаў «Нашай Нівы» зь вялікім Юбілеем, жадаем ім творчага плёну, а таксама заўжды любіць і адстойваць Беларушчыну ва ўсіх праявах нашага жыцьця.

Заклікаем таксама ўсіх чытачоў «Нашай Нівы» і надалей падпісвацца на гэтае ды іншыя беларускамоўныя выданьні, а таксама заахвочваць да гэтага сяброў, сваякоў, знаёмых. Бо калі не вы, дык хто? І калі ня сёньня, дык калі?..

Жыве беларуская справа!

Жыве беларускае Слова!

Жыве Беларусь!

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?