Калі пераконваеш сіценцаў, што яны здольныя наладзіць сваё жыцьцё па-людзку, па-беларуску й па-эўрапейску, большасьць абыякава пацепае плячыма: «А мы і так дажывем. Хіба што маладыя...»

Што ж маладыя? У Сітне іх ня надта й мала – чалавек трыццаць пяць ад 15-ці да 30-ці гадоў веку.

Вось Аляксей, лясьнік са зламаным у вясковай бойцы носам, лічыць, што сапраўдны беларускі сьцяг – бел-чырона-белы, але апазыцыі ня верыць; быў моцна піў, але закадзіраваўся, каб зарабіць на сатэлітную талерку (далёкая мэта – францускі легкавік).

Вось Лявон, электрык з Чарнобыльскай зоны, прысланы сюды на разьмеркаваньне. Калісьці ў сёмай клясе праз фонд «Дзецям Чарнобылю» пабываў у Нямеччыне й ведае, што «там» жывуць на парадак лепш. Лявон кажа, што нам трэба хутчэй дамаўляцца з Эўропай ды Амэрыкай, «інакш мусульмане ды кітайцы пабяруць нас голымі рукамі».

Вось Віктар, стропальшчык, які ў 1996-м служыў ва ўнутраных войсках, стаяў у кардонах супраць маніфэстантаў Чарнобыльскага шляху; прызнаецца, што было вельмі страшна; цяпер просіць у мяне значку. На танцах б’е першым.

Вось Надзея, што нядаўна скончыла школу; нарадзіла дзіця ад сужыцеля, працуе на эстакадзе. Калі Надзея зацяжарыла ізноў, брыгада ўмаўляла яе ісьці ў адпачынак, кідаць паліць ды піць, ды дарма: тая надарвалася на працы і ў выніку – выкідыш. Галасавала супраць Лукашэнкі: «так далей нельга».

Вось Стасік, сірата, мастак-самавук, аўтар акварэлі ў леспрамгасаўскай сталоўцы й усіх надпісаў у Алёшчы – ад «ня ўлазь – заб’е» да інвэнтарных нумароў; робіць у лесе скурарубам і як пагарэлец жыве ў інтэрнаце з «хімікамі». Хваліць часы Шушкевіча, якога бачыў жыўцом, як служыў у Менску.

Вось Вікторыя, наша майстрыца, каталічка й змагарка з «максімкам»; разам з мужам-лесьніком хочуць навесьці ў вёсцы парадак. Наракаюць: народ нічога ня хоча! – але шторазу пачынаюць усё зноў.

А вось і Воля, працуе на абутковай фабрыцы ў Віцебску; дахаты прыяжджае хіба пару разоў на месяц. Узімку Воля зьбірала подпісы ў ініцыятыўнай групе Мілінкевіча; цяпер слухае беларускі рок, чытае на памяць Хадановіча і, вядома, носіць «крылца» «За свабоду!».

Сіценская моладзь жывая, адкрытая й яшчэ поўная сілаў – нягледзячы на адчайнае асяродзьдзе. «Калгас назаўжды» не ўспрымаецца імі як наканаваньне. Воля марыць арганізаваць на сіценскіх азёрах люксовую турбазу. Віка з Раманам усё больш абмяркоўваюць мясцовае самакіраваньне ў вёсцы. Стасік прымерваецца да кіраўніцтва майстрэні, якая б вырабляла драўляныя сувэніры, тыя ж кошыкі й рыштунак для агратурызму. Віктар мог бы зрабіцца шэрыфам усяго сіценскага памежжа; Лявон – фэрмэрам, Надзея – шматдзетнай маці ды паважанай хатняй гаспадыняй; Аляксей – першарадным эколягам.

У адрозьненьне ад старэйшых сіценская моладзь ня хоча гніць у дрыгве да таго самага дня, калі прыйдзе час адказваць чарговаму залётнаму агітатару: «А мы і так дажывем. Хіба што маладыя...»

Два мільёны сёньняшніх маладых беларусаў працуюць, мараць, вераць, кахаюць, хварэюць – і няўхільна сталеюць. І зь імі падымаецца, фармуе прастору, усё больш выяўнай робіцца новая Беларусь, у якой няма месца ані прывідам камунізму, ані гасударсьцьвеннай ідэалёгіі, ані масавым галадоўкам. Гэты малады фронт накатвае магутным узроставым валам і не пакідае ніякага гістарычнага шанцу застойнай старасьці. Кожная нацыя ад часу да часу адчувае такі прыліў маладое сілы – і тады глыбінныя межы ламаюць пакаленьні, і пасьля краіна не пазнае сябе.

У сакавіку на плошчы Каліноўскага малады фронт давёў, што не задаволіцца, як старэйшыя таварышы, працэсам або прамежкавымі міні-вынікамі, а будзе змагацца да перамогі. Давёў, што не зьбіраецца сьпівацца ад роспачы, а будзе займаць вуліцы й плошчы аж да тае пары, пакуль ня зойме ўсю краіну. Вось гэты настрой, гэты дух, гэтая маладая вера і спалохалі рэжым. Вось за гэта карная машына і абрынулася на лідэраў-маладафронтаўцаў. За гэта сядзіць Фінькевіч, за гэта высоўваюць жахлівыя абвінавачаньні Красоўскаму, за гэта рэпрэсуюць братоў ды бацькоў Шылаў, за гэта ўрэшце судзяць Дашкевіча.

Але спроба спыніць маладосьць, спыніць гісторыю сам час бессэнсоўная. Турмы, прапагандовыя ролікі й закрытыя суды робяць з маладафронтаўцаў нацыянальных герояў. Дзясяткі тысячаў падлеткаў, юнакоў, студэнтаў у пад’ездах, унівэрсытэцкіх аўдыторыях ды за кампутарамі абмяркоўваюць падзеі гэтае восені: «Ці чуў пра «Малады фронт»? Во крутыя хлопцы!» Карнікі сьсякаюць адну галаву, а замест яе вырастае тысяча.

Які б прысуд ні абвесьцілі Зьмітру Дашкевічу – немагчыма адтэрмінаваць нацыянальнае абуджэньне.

в.Малое Сітна

[скарочана]

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?