31.10.2006 / 17:23

Хроніка за 23–29 кастрычніка 1

30 кастрычніка пачаўся суд над Зьмітром Дашкевічам: яго вінавацяць у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі «Малады Фронт»...

Суд над Дашкевічам

30 кастрычніка пачаўся суд над Зьмітром Дашкевічам: яго вінавацяць у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі «Малады Фронт». 31 кастрычніка затрымалі моладзевых актывістаў Івана й Ільлю Шылу з Салігорску, якія прыехалі падтрымаць вязьня. Хлопцы, аднак, здолелі вырвацца.

Галадоўкі

25 кастрычніка пастару пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» Вячаславу Ганчарэнку Вышэйшы гаспадарчы суд прыгразіў штрафам у 200 базавых велічыняў за адмову пакінуць памяшканьне. 26 кастрычніка жонкі галадоўнікаў спрабавалі прайсьці на прыём да менскага мэра Міхаіла Паўлава, але іх не пусьціла ахова гарвыканкаму. Сьвятлану Мацкевіч затрымалі й абвінавацілі ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі. 27 кастрычніка яе аштрафавалі на 5 б.в. 28 кастрычніка галадоўнікі прыпынілі акцыю пратэсту: ім прыйшоў ліст, што старшыня Вышэйшага гаспадарчага суду апратэставаў ранейшае рашэньне пра канфіскацыю маёмасьці.

30 кастрычніка спынілі галадоўку прафсаюзныя актывісты на заводзе «Белшына» ў Бабруйску: мужчыны спаслаліся на тое, што зьнясілелі й ня могуць выконваць сваю працу. Акцыю пратэсту вырашыла працягваць толькі Алена Захожая.

23 кастрычніка: свабода сходаў

Сяргей Гоўша, Віктар Сырыца, Віктар Мязяк атрымалі адмоўны адказ з суду Баранавічаў: яны абскарджвалі, што гарвыканкам адмовіў ім у дазволе на мітынг на 10 верасьня. Разам з тым суд вынес прыватнае азначэньне на адрас гарвыканкаму за тое, што іх адказ заяўнікам быў няпоўным і належным чынам не абгрунтаваны.

24 кастрычніка: Карніенку не выпускаюць

Віктар Карніенка падаў скаргу ў Чыгуначны райаддзел міліцыі Гомелю: яму адмаўляюцца даваць дазвол на часовыя выезды за мяжу.

У віцебскую абласную бібліятэку на сустрэчу зь літаратарамі не пусьцілі распаўсюдніка недзяржаўнай прэсы Барыса Хамайду.

У Сьветлагорску міліцыянты й ваенкамат турбуюць бацькоў моладзевага актывіста Міхаіла Наскова, які навучаецца за мяжой пасьля веснавых акцыяў пратэсту: хлопца шукаюць, каб прыйшоў на вайсковую камісію.

25 кастрычніка: зьдзек з прэсы

Маці актывіста Партыі БНФ Сьцяпана Сьвідзерскага, які навучаецца па праграме Каліноўскага ў Гданьску, атрымала афіцыйнае патрабаваньне сплаціць 65 тыс.руб.: гэтыя грошы ён бы атрымаў, калі б паехаў на летнюю практыку.

Стала вядома, што актывістаў «Моладзі БНФ» без тлумачэньня прычынаў выгналі з кавярні «Супэ Джэкпот» каля сядзібы БНФ: актывісты ў пустым памяшканьні меліся абмеркаваць свае справы. Паскардзіўшыся кіраўніцтву ўстановы, яны атрымалі пісьмовы адказ, што кавярня арандуе памяшканьне галоўнага гаспадарчага кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, а моладзь мелася атрымаць выгаду з сваёй дзейнасьці ў кавярні.

Уладальніку прыватнай крамы ў Слоніме ў райвыканкаме паставілі ўльтыматум: ён спыніць продаж недзяржаўнай «Газеты Слонімскай» альбо яму скасуюць дамову на арэнду памяшканьня.

26 кастрычніка: звальненьне і наганяй

У студэнткі журфака БДУ Дашы Румянцавай кіраўніцтва факультэту ўзяло падпіску, што яна не пакіне межаў Беларусі без дазволу дэкана факультэту й Міністэрства адукацыі: да гэтага дзяўчына зьезьдзіла ў Варшаву на трэнінг для журналістаў.

Актывіста БСДП(Г) Ігара Барысава звольнілі з заводу «Магілёўліфтмаш», перапыніўшы працоўны кантракт «з згоды бакоў».

27 кастрычніка: арышт пікетоўца

Барысаўскага журналіста Алеся Абрамовіча асудзілі на 15 сутак арышту за несанкцыяваны пікет: напярэдадні ён выйшаў да будынку Адміністрацыі прэзыдэнта з плякатам «Свабоду Казуліну і іншым палітвязьням». Разам зь ім затрымалі журналістак Галіну Абакунчык і Ксенію Алімаву, але іх неўзабаве адпусьцілі.

У Сьветлагорску камісія дзяржаўнага індустрыяльнага тэхнікуму пастанавіла адлічыць моладзевага актывіста Сержука Гумінскага за «парушэньне правілаў установы й шматлікія пропускі». Кіраўнік практыкі, якую праходзіць хлопец, прапанаваў правесьці адпрацоўкі, але камісія адмовілася.

28 кастрычніка: канфіскацыі зброі

У гарадзенскага праваабаронцы Віктара Сазонава канфіскавалі паляўнічую зброю, спаслаўшыся на парушэньне, зробленае паўтара году таму. 31 кастрычніка зброю сканфіскавалі таксама ў грамадзкага актывіста Паўла Ляхновіча зь Пінску.

29 кастрычніка: помста мілінкевічаўцам за прэмію Сахарава

У Горадні затрымалі журналіста Андрэя Кусельчука, дарадцу Аляксандра Мілінкевіча: яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве й 30 кастрычніка засудзілі на 3 сутак арышту.

Тым часам гарадзенскія міліцыянты спрабавалі наладзіць ператрус у хаце Юліі Коцкай, супрацоўніцы прэс-службы Мілінкевіча: нібыта маюць сыгнал, што з дому вывозяць сьпірт. Коцкай дома не было, а яе маці адмовілася ехаць і адчыняць міліцыянтам хату.

Актывістаў польскай меншыні Анжаліку Борыс, Тэрэзу Селівончык, Анджэя Лісоўскага затрымалі на памежным пераходзе на літоўскай мяжы й абвінавацілі ў перавозе наркотыкаў.

АШ

0
anjuta / Адказаць
01.11.2006 / 21:06
[web@nn.by: dziakuj, vypraviŭ]
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру