16.11.2010 / 11:33

Дыялогі з Васілём Быкавым 2

і іншыя навінкі кніжнай серыі «Кнігарні пісьменніка».

Новыя выданні ў аднайменнай кніжнай серыі.

Праўда як рэлігія / Юрась Залоска; Гутаркі з Васілём Быкавым. — Мінск: Медысонт, 2010. — 192 с.


Гэта гутаркі з народным пісьменнікам, датаваныя першай паловай 1990-х. Думкі аўтара і пісьменніка аб тым, што адбывалася навокал. Гэта пашыранае выданне кнігі «Дыялогі з Васілём Быкавым», што выходзіла пятнаццаць гадоў таму. Для чаго стваралася кніга? «Прычыны дзве: па-першае, інтэлектуалізм яго публіцыстыкі, асабліва часу перабудовы і, пазней, адраджэнскай; па-другое, прыцяжэнне самой яго асобы», — адзначае сп. Залоска, сёння — праваслаўны святар.

Вуліца добрай надзеі / Міхась Андрасюк; Апавяданні. — Мінск: Медысонт, 2010. — 304 с.


Зборнік апавяданняў беларускамоўнага пісьменніка з Польшчы Міхася Андрасюка. За сваю прозу аўтар сёлета быў адзначаны прэміяй «Залаты апостраф-2009», што ўручаецца часопісам «Дзеяслоў».

Мост Святога Францішка / Данута Бічэль; Успаміны. — Мінск: Медысонт, 2010. — 290 с.


Гэта працяг кнігі Дануты Бічэль «Хадзі на мой голас», што выйшла два гады таму. Аўтарка «апавядае пра людзей духоўна прыгожых, якія жылі для саміх сябе, для сваіх блізкіх і для Радзімы, — у тым сэнсе, як яны разумеюць паняцце Радзімы». Гэта асобы вядомыя, як Чэслаў Нёман, Зоська Верас, Кастусь Тарасаў, так і нязнаныя шырока, але блізкія для Дануты Бічэль, — муж, брат. Кнігу пісьменніца прысвяціла Ларысе Геніюш.

Сакрамэнта / Галіна (Галіна Багданава); Апавяданні, аповесці. — Мінск: Медысонт, 2010. — 192 с.


Аўтарка, вядомая дзіцячай паэзіяй і мастацтвазнаўчымі артыкуламі, на гэты раз выдала кнігу прозы.

КМ

0
aleks_nesterow / Адказаць
16.11.2010 / 13:41
Магу сказаць адно. За такія вокладкі трэба адрываць рукі па самыя каленкі. "У" у выглядзе "ігрэк", белы на жоўтым, абсалютна не чытабельныя выверткі, адсутнасць прагалаў у радках, набратых вялікімі літарамі, абгарэлы мужык замест Быкава...
0
Мікалай / Адказаць
16.11.2010 / 14:52
Вокладкі сапраўды жахлівыя. Прычым не адна нейкая, а ўсе чатыры - бачна адна рука. А з Быкава зрабілі не толькі абгарэўшага, але і ўзлахмачанага мужыка.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру