КУП «Мінская спадчына» накіравала ў Гаспадарчы суд Мінска пазоў аб скасаванні дагавора арэнды памяшкання ў будынку на вул. Рэвалюцыйнай, 15 са «Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына». Фактычна ж гэтую міжнародную арганізацыю выгналі на вуліцу яшчэ ў жніўні. Архівы, дакументы, найбольш каштоўныя кнігі разнеслі па прыватных кватэрах сябры ўправы, мэблю ды менш каштоўныя рэчы — захоўваюць па гаражах іх сваякі і знаёмыя.

У жніўні па патрабаванні КУП “Мінская спадчына” «Бацькаўшчына» вызваліла памяшканне, каб не замінаць правядзенню рэканструкцыі будынка. Рэканструкцыя так і не распачалася, а балансаўтрымальнік рэгулярна выстаўляе рахункі за арэнду і нават за выкарыстанне электраэнергіі ў верасні. У суме за два месяцы «нагарэла» 600 тысяч рублёў. Але пакуль у «Бацькаўшчыны» ёсць юрыдычны адрас.

— Скасаванне дзеючай дамовы арэнды цягне за сабой пазбаўленне Згуртавання юрыдычнага адрасу. Пазбаўленне юрыдычнага адрасу, у сваю чаргу, можа прывесці да скасавання юрыдычнай рэгістрацыі. А гэта не толькі ўскладніць дзейнасць, але можа прывесці і да крымінальнай адказнасці за дзеянні ад імя незарэгістраванай арганізацыі, — патлумачыла «Салідарнасці» намеснік старшыні арганізацыі Ніна Шыдлоўская.

Па яе словах, па рашэнні Савета Міністраў Згуртаванне мае права карыстацца памяшканнем да 2018 года. Але настойлівае патрабаванне скасаваць дамову арэнды азначае, што дзяржава і не думае выконваць свае абавязкі перад “Бацькаўшчынай”.

— Цягам гэтага часу мы шукаем памяшканне. Абыйшлі ўжо дзесьці каля 80 адрасоў. Часцей за ўсё, даўшы па тэлефоне згоду, падчас сустрэчы будынкаўтрымальнікі паведамляюць, што знайшліся іншыя арэндатары альбо што самі раптам адчулі патрэбу ў гэтым памяшканні, — гаворыць Ніна Шыдлоўская.

Па усім відаць, вельмі непажаданымі лічаць тутэйшыя ўлады стасункі паміж грамадзянамі Беларусі і дыяспарамі за мяжой. Выпраўляюць «Бацькаўшчыну» у свет.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?