Гэта час роздуму і ўспамінаў. У гэты дзень беларусы традыцыйна наведвалі сямейныя сядзібы й могілкі, парадкавалі іх перад зімой і ўспаміналі продкаў. Вясною тое робіцца на Радуніцу, восеньскае памінаньне называюць «Дзяды».

Ці прылятаюць душы нашых продкаў у нашы бэтонныя дамы? Ці вяртаюцца яны туды, дзе нішто не нагадвае пра той сьвет, у якім яны былі людзьмі? Ніхто не адкажа нам. Але чакаць дзядоў трэба. Гэтак ужо павялося, і ня намі заведзены гэты парадак. І мы кажам: Сьвятыя Дзяды, ляцеце сюды!

Што робяць на Дзяды

Перад Дзядамі заўжды мылі вокны начыста. З аднаго боку гэта – сакральны акт адкрываньня шляху сьвятлу й душам. З другога – цалкам практычная завядзёнка: па Дзядах зазвычай прыходзяць маразы.

На стале мусіць быць багата страваў. Традыцыйна яны ўвасаблялі спрадвечныя мары беларускія пра сытасьць – сыры, кілбасы, сальцісоны, кумпякі, яечня з салам. Куцьцю запраўлялі салам або маслам, варылі халадзец, пяклі бліны або варылі клёцкі «з душамі», – то бок з кавалачкамі сала, мяса або фаршу ўсярэдзіне. Кавалачак такога бліна ці клёцкі кладзём на асобную талерку дзядам.

Хіба не абысьціся бяз чаркі. Але абавязкова й для дзядоў.

Трэба й сьвечка. Добра, калі з храму.

Некалі спраўлялі Дзяды Масьленыя, Мясаедныя, Стаўроўскія, Стрэчанскія, Поставыя (перад Вялікім постам). На Палесьсі дзядоў асобна памінаюць у пятніцу, а бабаў – у суботу. Шмат традыцый ужо ня вернеш. Ня кожнага разу ёсьць магчымасьць пад’ехаць на самыя магілы, а нават і на тыя нашы малыя беларускія бацькаўшчыны, родавыя котлішчы. Але заўсёды ёсьць магчымасьць пабыць сам-насам і паразважаць.

Сяргей Харэўскі

Як шануюць беларускія могілкі ў ЗША, расказвае патрыярх беларускай эміграцыі ў ЗША Вітаўт Кіпель тут

Вось што пісала «Наша Ніва» пра Дзяды ў 1920 годзе пяром свайго рэдактара, Антона Луцкевіча:

Антон. Луцкевіч. На Дзяды

Восень – журлiвая пара замiраньня ўсiх благiх i добрых пажаданьняў.

Пара, калi замiраючая прырода выяўляе так магутна сваю ўладу над душой свайго кволага сына – чалавека.

Замiрае прырода, – i на пустых палёх лунае адно сум бязьмежны i журба. I ў тон iм зьвiняць струны душы чалавечай.

Зацiхлi яркiя, поўныя сонечнага бляску i сiлы жывiльныя песьнi жняi. Над зжатай нiвай плывуць такiя знаёмыя, такiя страшэнна жаласьлiвыя i хапаючыя за сэрца тоны i словы восеньскiх песень…

I якiмi ж далёкiмi i чужымi становяцца тады ўсе нашы будныя справы!

У такiя хвiлiны душа шукае супачынку ад гора i бед жыцьцёвых у засьветных прасторах бяз конца, а слухмяная думка творыць другi сьвет – на той бок сьмерцi, насяляючы яго другiмi, бесьцялеснымi iстотамi.

Там, у тым iншым сьвеце, жывуць душы нашых продкаў, нашых «дзядоў». Да iх у днi восеньскiх настрояў, у днi адмогi духовае i тугi зварочваюцца мысьлi народу. У лучнасьцi, у яднаньнi зь iмi знаходзiць душа супакой.

Вось чаму ўвосенi народ наш спраўляе i сьвята «Дзядоў»: стомлены цяжкой працай за лета, захоплены сумам замiраючага жыцьця палёў, ён чарпае новую сiлу, новую моц душы ў глыбокай веры ў несьмяротнасьць iстоты чалавека, у веры ў жыцьцё за гробам i ў неразрыўнасьць духовае сувязi з нашымi нябожчыкамi.

Заўтра – дзень «Дзядоў»...

Памянём жа i мы нашых родных, дарагiх «дзядоў» духовых – сябраў тае сямейкi iдэалiстаў, што ў безупыннай рупнай працы для Бацькаўшчыны, для вялiкае iдэi адраджэньня свайго народу кропля па кроплi пралiлi сваю кроў сардэчную i без пары паляглi ў магiлы! Пабудзьма зь iмi гэты сьвяты вечар думкамi нашымi i ў чыстасьцi i сьвятасьцi родных нам душ пачарпайма сiлу i гарт дзеля далейшае службы сьвятой i вялiкай справе беларускай.

Друкуецца паводле: Наша Ніва. 1920. 1 лiстапада – дзе апублiкавана ўпершыню пад псэўданімам Ант.Навiна

Публікуецца ў скароце. Цалкам гэты артыкул можна прачытаць тут

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0