У грамадскай прыёмнай кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі, якая сёння адчынілася ў Мінску, у былым Доме літаратара (Фрунзе, 5) адбыўся стыхійны мітынг.

 Валер Маліноўскі прыехаў на прыём да кандыдата Аляксандра Лукашэнкі з Рагачова.

Валер Маліноўскі прыехаў на прыём да кандыдата Аляксандра Лукашэнкі з Рагачова.

 Не сустрэўшыся з кандыдатам, людзі падзяліліся сваімі праблемамі з журналістамі.

Не сустрэўшыся з кандыдатам, людзі падзяліліся сваімі праблемамі з журналістамі.

А 8-й раніцы

туды прыйшло больш за паўсотні чалавек з скаргамі на несправядлівыя рашэнні судоў, чыноўніцкае самаўпраўства
і іншымі праблемамі. Людзі прыехалі з усёй краіны,
яны патрабавалі сустрэчы з кандыдатам Лукашэнкам.
Былі і транспаранты. «Господин президент, когда будет задержана кореличская банда, убившая мою несовершеннолетнюю дочь!» — такі плакат трымаў адзін з удзельнікаў.

У прыёмнай відавочна не чакалі такога ажыятажу. «Вам каго, таварышы? Вы ў якім пытанні?» — пытае малады чалавек на ўваходзе. Адказваем, што прыйшлі пабачыць працу адчыненай сёння грамадскай прыёмнай. Малады чалавек супакойваецца. У фае некалькі дзясяткаў чалавек, пераважна жанчыны сталага веку. Некаторыя з іх раней былі заўважаныя на акцыях групы жанчын — сваячак асуджаных, а таксама не згодных з рашэннямі судоў.

Да просьбітаў выйшаў сябра ініцыятыўнай групы Лукашэнкі Васіль Казак і паведаміў, што асабістага прыёму не будзе.
У адказ наведнікі прыёмнай склалі заяву, у якой запатрабавалі паведаміць, калі і дзе адбудзецца сустрэча з кандыдатам А. Лукашэнкам, а таксама патлумачыць прычыну адмовы сустрэцца з імі асабіста. Заяву падпісалі 34 чалавекі.
Яшчэ раніцай каля 70 чалавек падпісалі калектыўную заяву, у якой выказалі пратэст супраць беззаконня з боку чыноўнікаў, суддзяў і работнікаў праваахоўных органаў.
Заявы былі перададзеныя ў прыёмную.

Не дачакаўшыся сустрэчы з кандыдатам, людзі пачалі дзяліцца сваімі праблемамі з журналістамі.

«Нас з’яднала бяда», — кажа Лілія Уварава з Гомеля, якая дабіваецца перагляду справы свайго сына. Паводле словаў жанчыны, усе гэтыя людзі пазнаёміліся ў чэргах у дзяржаўныя установы, дзе спрабавалі дабіцца праўды: падтрымлівалі адно аднаго, дапамагалі складаць скаргі.

«Я прыехаў з Брэста, а ён з Гомеля. А ўсё чаму? Бо паўсюль беззаконне і падман»,
— кажа мужчына. Ягоны калега з Гомеля працягвае:
«І самае крыўднае, што гэта ўсё сыходзіць ад судовых органаў і пракуратуры — тых, хто мусіць бараніць нашы інтарэсы».

Валер Маліноўскі з Рагачова прапануе прагуляцца да ягонага аўто. Ён праходзіць па крымінальнай справе ў якасці пацярпелага, з ягонай гісторыяй азнаёмілася каля сарака суддзяў, а рашэння ад 2007 года так і няма. Бярэ ў салоне легкавіка канверт, паказвае.

«Два гады хаджу па судах, страшэнна стаміўся. Але паўсюль адны адпіскі ды фармальнасць. Нібы не людзі, а нейкія робаты».
Валер шэсць месяцаў спрабуе трапіць на прыём да старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы: «Па тэлефоне званю цэлы дзень — не здымаюць, а потым возьмуць слухаўку ды скажуць, што на сёння прыём заяў скончыўся. Добра, прыехаў сам. Зайшоў у прыёмную, напісаў заяву. Вярнуўся ў Рэчыцу і неўзабаве прыходзіць адказ — у прыёме заявы адмоўлена, бо ў ёй не ўказаная нагода для сустрэчы з суддзёй».

«Мы патрабуем толькі асабістай сустрэчы з Лукашэнкам! Хіба ён не бачыць, што робяць ягоныя падначаленыя, суддзі і пракуроры?» Людзі заявілі, што застануцца ў грамадскай прыёмнай кандыдата да яе закрыцця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?