Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае пастаўку азербайджанскай нафты ў Беларусь па своп-схеме. Пра гэта ён паведаміў 19 лістапада ў Мінску падчас сустрэчы з прэзідэнтам Дзяржаўнай нафтавай кампаніі Азербайджана Раўнагам Абдулаевым.

«Мы разглядаем любыя варыянты супрацоўніцтва з Азербайджанам па вуглевадароднай сыравіне. Я маю на ўвазе пастаўкі ў Беларусь азербайджанскай нафты па своп-схеме (замяшчаючы венесуэльскую нафту, якая будзе прадавацца на амерыканскім рынку)», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

«Я думаю, пакуль мы пабудуем у сябе заводы па разрэджванні прыроднага газу, Азербайджан будзе на ўзбярэжжы Грузіі ці Расіі звадкоўваць гэты прыродны газ, як гэта робіць Катар. І мы з задавальненнем будзем атрымліваць у вас прыродны газ», — зазначыў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што гэта больш выгадна, чым купляць у «Газпрома».

«Мы сёння вядзем нашы перамовы не супраць кагосьці, а развіваем супрацоўніцтва па эканамічна выгадных праектах, — сказаў прэзідэнт. — Я маю на ўвазе пастаўкі ў Беларусь, на нашы нафтаперапрацоўчыя заводы, азербайджанскай нафты, мы гэта не ўтойваем, перш за ўсё, па своп-схеме. Вы выйграяце дзясяткі долараў на адной тоне, мы таксама выйграем. Я думаю, гэта цалкам натуральна. Размова ідзе аб прапампоўванні вашай нафты на нашы заводы па нафтаправодзе Адэса — Броды з выхадам на «Дружбу».

Пры гэтым Лукашэнка падкрэсліў, што беларускі бок гатовы разглядаць любыя варыянты супрацоўніцтва з Азербайджанам па вуглевадароднай сыравіне. Гэтая тэма, паводле яго слоў, неаднаразова абмяркоўвалася з прэзідэнтам Азербайджана. «Ільхам Гейдаравіч нармальна да гэтага ставіцца, і, думаю, надышоў той час, калі мы павінны зрабіць некалькі крокаў наперад», — мяркуе беларускі прэзідэнт.

На яго думку, такое супрацоўніцтва будзе выгаднае і Азербайджану. «Але калі не дамовімся, мы ўсё роўна будзем купляць нафту на такіх жа ўмовах у басейнах Міжземнага, Чорнага мораў, яшчэ дзесьці і па замяшчэнні, па своп-схеме, будзем пастаўляць у Беларусь, — сказаў Лукашэнка. — А для сваёй нафты, якую мы здабываем у Венесуэле і якую купляем, знойдзем кампанію, якая будзе на рынкі Амерыкі, Паўночнай Амерыкі пастаўляць». «Але мы хацелі б, каб мы гэта рабілі са сваімі сябрамі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Раўнаг Абдулаеў зазначыў, што пытанні павелічэння тавараабароту і паставак па схеме свопа ўжо абмяркоўваліся азербайджанскім бокам. «Мы добра папрацавалі і знайшлі рашэнне», — цытуе кіраўніка нафтавай кампаніі прэс-служба беларускага прэзідэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0