Большую частку ўдзельнікаў штогадовага шэсьця сёлета склала моладзь.

Удзельнікаў дазволенага нядзельнага шэсьця ў Курапаты на ст.м. «Парк Чалюскінцаў» сустракалі людзі ў цывільным ды міліцыянты зь мінашукальнікамі. Сем чалавек былі схопленыя наўпрост на станцыі. Калёна, што гатовая была ўжо рушыць, пэўны час стаяла, чакаючы на вызваленьне схопленых дэманстрантаў. Неўзабаве затрыманых адпусьцілі, сканфіскаваўшы ў іх сымболіку.

Нягледзячы на гэтае дэманстрацыйнае запалохваньне, настрой удзельнікаў быў цьвёрды. Над калёнай луналі нацыянальныя штандары, партыйная сымболіка і сьцяг Менску. Транспаранты перасьцерагалі жыхароў Менску пра тое, што «Саюз Беларусі і Расеі – гэта вайна й галеча», а банэр незарэгістраванага «Маладога фронту» запрашаў запісацца ў сьведкі на карысьць Зьмітра Дашкевіча на суд. Моладзі на гэтай акцыі было шмат. Маладзёны дэманстравалі саколкі з надпісам «Малады фронт» не спыніць!» Моладзі і сапраўды было не ўтрымаць: арганізатары некалькі разоў спынялі калёну, каб людзі сталага веку ў хвасьце шэсьця маглі яго здагнаць.

Людзі на вуліцах па-рознаму рэагавалі на шэсьце, але часьцей прыхільна. Кіроўцы вітальна сыгналілі, праяжджаючы паўз шэсьце. А дзеці ў турысцкім «Ікарусе» паўскоквалі зь месцаў і замахалі рукамі дэманстрантам.

У Курапатах, дзе ў 1930-я гады сталіністы расстралялі дзясяткі тысячаў грамадзянаў Беларусі, людзі расклалі па крыжох прынесеныя кветкі, запалілі зьнічкі. Неўзабаве рапачаўся мітынг. Вядоўца Валер Буйвал падзякаваў усім удзельнікам шэсьця і адзначыў, што сёлета як ніколі шмат моладзі. Зачыталі ліст Зянона Пазьняка, натхнёна выступіў Юры Беленькі – намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, што арганізавала шэсьце.

Дзень скончыўся ўсталяваньнем дванаццаці новых крыжоў.

Фота photo.bymedia.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?