Пачалося пробнае прапампоўванне нафты па трубаправодзе Адэса — Броды ў аверсным рэжыме на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, паведамілі ў кампаніі «Укртранснафта».

Танкер з 80 тысячамі тон расійскай нафты маркі Urals прыбыў на марксі нафтавы тэрмінал «Паўднёвы» вечарам 17 лістапада. Наступныя двое сутак нафту перагружалі ў рэзервуары, пасля чаго былі праведзеныя неабходныя мытныя працэдуры.

Прапампоўванне пачалося 20 лістапада. З веткі нафтапровада Адэса — Броды нафта будзе перапампоўвацца па магістральным нафтаправодзе «Дружба» на Мазырскі НПЗ.

Чакаецца, што чарговы танкер з 78 тысячамі тон нафты для Беларусі прыбудзе ва Украіну 25 лістапада, паведамілі ў кампаніі «Укртранснафта».

Беларуска-ўкраінскі кантракт аб транзіце нафты па трубаправодзе Адэса — Броды ў аверсным рэжыме быў заключаны ў Мінску ў канцы кастрычніка на тэрмін да канца 2013 года.

Як паведаміў 8 лістапада віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка, пастаўкі плануецца ажыццяўляць на ўмовах своп з выкарыстаннем нафты з розных краін. «Па нафтаправодзе будзе прапампаваная іншая, не венесуэльская, нафта», — падкрэсліў ён.

19 лістапада на сустрэчы з прэзідэнтам Дзяржаўнай нафтавай кампаніі Азербайджана Роўнагам Абдулаевым Аляксандр Лукашэнка прапанаваў пастаўляць у Беларусь азербайджанскую нафту па своп-схеме.

«Мы разглядаем любыя варыянты супрацоўніцтва з Азербайджанам па вуглевадароднай сыравіне. Я маю на ўвазе пастаўкі ў Беларусь азербайджанскай нафты па своп-схеме (замяшчаючы венесуэльскую нафту, якая будзе прадавацца на амерыканскім рынку)», — сказаў Лукашэнка.

«Вы выйграеце дзясяткі долараў на адной тоне, мы таксама выйграем. Я думаю, гэта натуральна. Гаворка ідзе аб прапампоўванні вашай нафты на нашы заводы па нафтаправодзе Адэса — Броды з выхадам на «Дружбу», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Як паведамлялася раней, Украіна не дазволіла расійскай кампаніі «Транснафта» назіраць за пробным прапампоўваннем нафты для Беларусі па трубаправодзе Адэса — Броды.

«Мы накіроўвалі афіцыйныя лісты Украіне і Беларусі з просьбай дапусціць назіральнікаў. Украінскі бок адказаў, што справімся самастойна», — заявіў афіцыйны прадстаўнік «Транснафты» Ігар Дзёмін.

Між тым, у расійскай кампаніі апасаюцца, што запуск «Адэса — Броды», які з’яўляецца часткай адзінай сістэмы трубаправодаў, у аверсным рэжыме можа негатыўна адбіцца на ўсёй сістэме, у тым ліку на пастаўках расійскай нафты па нафтаправодзе «Дружба» ў Еўропу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?