Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі дзеліцца ўражаннямі пра выступ кандыдата ў прэзідэнты ад партыі БХД Віталя Рымашэўскага.

«Выступ не правальны. Я б сказаў, ён добра справіўся з задачай прасоўвання брэнда БХД, але вось наколькі прасунуў свой асабісты брэнд — гэтае пытанне застаецца адкрытым. Тут варта ўлічваць, што бальшыня кандыдатаў проста невядомая шырокай публіцы. І элементарны прыём — паўтарыць сваё імя некалькі разоў — не быў выкананы. Не было прамоўлена некалькі разоў «я — Віталь Рымашэўскі». Я ўпэўнены, што не ўсе простыя выбаршчыкі, абывацелі запомнілі яго прозвішча.

Паколькі ў Віталя адной з ключавых задач была прапаганда ідэяў БХД, то гэта было зроблена дастаткова ўдала. Аднак, па‑мойму, быў троху перагін, таму што сам кандыдат заставаўся ў цені. Вось ёсць партыя, ёсць такая сіла, якая прапагандуе такія вось ідэі. Аднак гэта ж канкрэтна Віталь Рымашэўскі прэтэндуе на вышэйшую пасаду, за яго павінны аддаваць ці не аддаваць свой голас. Вось акурат аргументацыі на карысць персанажа гэтых выбараў, мне здаецца, бракавала.

Ведаеце, Меркель таксама ў Германіі ўзначальвае хрысціянскіх дэмакратаў, аднак падобную лексіку з партыйнай праграмы і словы пра хрысціянскія прынцыпы яна ўжывае значна радзей.

Я не здзіўлюся, калі просты рабацяга потым жонцы скажа: святар, мусіць, выступаў па тэлебачанні! Канечне, трошкі ўтрырую, аднак, па‑мойму, варта ўлічваць, што электарат, і не толькі беларускі, як кажуць палітолагі, думае страўнікам (гэта не абраза, а канстатацыя).
Вось такіх рэчаў, нейкіх пераканаўчых жыццёвых, побытавых аргументаў было малавата. Напрыклад, што гэтыя партыйныя прынцыпы дадуць дзеля дабрабыту, дзеля таго каб лепей жыў канкрэтны чалавек — вось гэтага бракавала.

Праўда, другая частка выступу, яна была ў добрым сэнсе болей папулісцкаю. Усё ж такі пэўная канкрэтыка эканамічна‑сацыяльнага кшталту прагучала.

Тэзы прывабныя. Напрыклад, абяцанне зрабіць эканоміку, як у Германіі. Аднак казаць, што грошы на рэформы мы знойдзем за кошт таго, што выкаранім карупцыю, — гэта схема, напэўна, праставатая.

Да плюсаў можна аднесці тое, што Віталь трымаўся ў кадры досыць упэўнена, была жэстыкуляцыя, была наглядная агітацыя. Падаецца, што ў камандзе добра вывучылі хрэстыматыйны выступ Казуліна 2006 года.
Ва ўсякім разе, гэтае разрыванне ілюстрацыяў: Казулін рваў газету «Советская Белоруссия», а Рымашэўскі — партрэты дыктатараў. Гэты ход скапіяваны з Казуліна. І гэта сведчыць пра тое, што каманда Рымашэўскага рыхтавалася, вывучылі вопыт папярэднікаў, тэхналогіі адпаведныя піяраўскія. Гэта выглядала пісьменна.

Хачу падкрэсліць, не варта ў прынцыпе перабольшваць магчымасці такой кароткачасовай агітацыі ў такім няўдзячным жанры, як «гаваркія галовы». Тое, што гэта маналог, што няма ўнутранай драматургіі — гэта рэзка звужвае магчымасці кандыдатаў. 15‑20 хвілін — далей глядач папросту стамляецца.

Калі параўнаць з выступам Міхалевіча: той не надта ўпэўнена трымаўся, асабліва напачатку, але Алеся выратавала, што ён пабудаваў выступ у выглядзе пытанняў і адказаў. Нягледзячы на прыдуманыя пытанні, яму ўдалося драматызаваць выступ.

Паўтару, «гаваркія галовы» — вельмі няўдзячны жанр. На жаль, тут цудаў не даводзіцца чакаць, бо калі на экране няма апазіцыі ад выбараў да выбараў і няма сюжэтаў палітычнага жыцця, то цяжка ў такіх выступах «гаваркіх галоваў» зрабіць нейкую рэвалюцыю у мазгах людзей.

Трэба яшчэ сказаць, што кандыдаты рваліся ў жывы эфір, аднак гэта жорсткая рэч і яна сапраўды распранае чалавека. Трэба мець вялікі досвед, каб трымацца ў кадры, каб не бегалі вочы. У Міхалевіча было яшчэ горай, чым у Рымашэўскага, бо ён чытаў у кадры. Мне так падалося, што і з грымам і са святлом папрацавалі ў абодвух выпадках не вельмі добра.

І эксперты пра гэта папярэджвалі: не трэба думаць, што перад кандыдатамі хтосьці будзе шчыраваць і старацца зрабіць выйгрышны малюнак. Ніхто спецыяльна нейкіх выйгрышных камфортных умоваў у студыі не ствараў і не будзе ствараць, таму трэба, відаць, рыхтаваццца камандай да такіх выступаў. Нават аж да таго, каб нехта з каманды вазіў з сабой пудру і рабіў адпаведны макіяж перад эфірам. Будзем спадзявацца, што наступныя кандыдаты пра гэта паклапоцяцца.

Запомніўся выдатны афарызм Рымашэўскага, які напэўна цяпер усе будуць цытаваць: «Абіралі прэзідэнта — абралі цара».
На падобных афарызмах у 2006 годзе грунтаваўся выступ Казуліна. Людзі такое запамінаюць, гэта чапляе. Выступ Рымашэўскага мог бы меней грунтавацца на хрысціянскіх лозунгах, а мець паболей такіх цвікоў‑афарызмаў. Гэта сыграла б на карысць».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?