Блогер Віктар Малішэўскі расказвае пра свае ўражанні ад выступу кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча.

«Зразумела, складана ацэньваць Міхалевіча, не згадваючы таго, хто перад ім выступаў. Калі параўноўваць з папярэднім кандыдатам, то Рымашэўскі глядзеўся больш цікава. Напэўна, праблема Міхалевіча была ў тым, што ён другі. Невядома, як бы выступіў не першым Рымашэўскі. Цяжка вытрымаць паўгадзіны аднаго чалавека, а потым паўгадзіны іншага, які пра штосьці там вяшчае па тэлевізары — на такое здольныя толькі людзі, якім гэта вельмі цікава. Ну, можа, яшчэ хвілін 15‑-20, калі ён нешта цікавае кажа, а потым хочацца выключыць, ці пераключыць на музыку.

Міхалевіч быў цікавы тым, што ён абраў незвычайную форму падачы адказаў на пытанні, якія яму даслалі людзі на сайце. Калі параўноўваць, то Рымашэўскі больш цікава казаў, але пасля 15 хвілін ужо трошкі паплыў і яго можна было выключаць.
Потым ён зноў узяў нейкую цікавую тэму і зноўку ўзяў ўвагу. У Міхалевіча, нягледзячы на цікавую форму падачы, пытанні былі нейкія нялюдскія. Мова, на якой ён адказваў на гэтыя пытанні, таксама нялюдская.

Мне ў адзін момант здалося, што гэта нейкая размова чыноўніка, але ён жа увогуле не чыноўнік. Гэта для мяне было дзіўна. Зразумела, што ён трошкі згубіўся перад камерай. Але ён казаў не на той мове, на якой мае зносіны са звычайнымі людзьмі.

Ён размаўляў на мове чыноўнікаў, якіх збіраецца скарачаць,
і з якім заклікае змагацца. Другая дзіўная рэч, калі ён расказваў сваю біяграфію. Там было столькі шмат гэтых дат, што ў агульным пасля гэтых дат можна было выключаць. Мне цалкам пофіг, у якім годзе ён чаго скончыў штосьці там.
Я думаю, не вельмі выйгрышна было, калі ён сказаў: «У маёй праграме вы не знойдзеце пустых абяцанняў». Гэта значыць, што гэтых абяцанняў наогул як бы і няма. Вельмі дзіўная рэч. Зразумела, што далей ён нейкія абяцанні прамаўляў.
Але ўвогуле, а што тады ў яго праграме ёсць? Я неяк не зразумеў.

Мне падалося, што гэта была не размова з гледачом, а размова з працадаўцам. Міхалевіч прыйшоў уладкоўвацца на нейкую працу, яму патрэбна пакінуць пра сябе ўражанне як пра разумнага чалавека, які можа адказаць на любыя пытанні. Ён так і адказваў, на гэтай складанай мове на складаныя пытанні працадаўцы. Яшчэ адна праблема. Ён задаваў сам сабе пытанні і я ў нейкі момант злавіў сябе на думцы, што ён гэтыя пытанні ўпершыню чытае. Ён нібыта не ведае як на іх адказваць і нават спрабуе сысці ад адказаў. Напрыклад, пытанне: «Ці глядзеў ён «Хроснага бацьку». Любы чалавек, які чуе такое пытанне, чакае, што вось цяпер яму нешта пра фільм скажуць. А Міхалевіч сказаў: «Глядзеў, але не ўражаны» — гэта быў адказ на пытанне?

Мне спадабалася, што ён развеяў страхі. Напрыклад, пра войска — «армія застанецца». Ёсць у выбаршчыкаў падобныя страхі, і Міхалевіч згуляў таксама як і наш прэзідэнт. Пенсійны ўзрост змяншацца не будзе — і вось зніклі страхі.
Замест таго, каб нешта там абяцаць, чалавек прагаворвае, што не будзе чапаць. Гэта, канечне, падмена абяцанняў, але ў такіх сітуацыях, глядзіцца нават выйгрышна.
Калі мяне спытаць цяпер, што было ў гэтых пытаннях Міхалевіча самым галоўным, я не скажу. Напэўна і Міхалевіч сам не скажа. А павінны быць нейкія кручкі, якія ўсё гэта разаграваюць і не даюць астыць цікавасці да таго інтэрв’ю, якое бярэ сам у сябе Міхалевіч. Такіх кручкоў у Алеся не было. Напрыклад, у Рымашэўскага, былі. Напэўна, у апазіцыі кручкамі выступаюць іх спрэчкі з уладамі. Калі ў Рымашэўскага такое было, то ў Міхалевіча наогул не.
Наогул было незразумела, можа, Міхалевіч прыйшоў уладкоўвацца на працу да гэтай улады? Ён прадстаўляе сваю праграму, якая дапамагае гэтай уладзе штосьці там змяніць, мадэрнізаваць. Вось на што гэта было падобна. Але я не ведаю, сыходзячы з гэтай размовы, якая ў Міхалевіча была мэта.
Добрая пара атрымалася: Міхалевіч і Рымашэўскі. Бо яны розныя. Я думаю, калі б Рымашэўскі і Саннікаў — гэта глядзелася б даволі аднолькава.

Яшчэ я думаю, трэба мяняць структуру ўсёй гэтай справы і не гаварыць усе 30 хвілін. Можа, не распавядаць ўсе гэтыя 30 хвілін сваю праграму аб усім, нават пра самыя драбніцы? Можа, гэтага не трэба, можа больш выгадна ўзяць два нейкія моманты, самыя супярэчлівыя ці два самыя балючыя для народа? І пра гэта пагаварыць? Але трэба неяк змагацца з гэтымі 30 хвілінамі. Добра Някляеву, ён можа вершы пачытаць. Астатнім варта падумаць над гэтай задачкай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?