28 кастрычніка на сьвяце паэзіі ў Гарошкаве паэт Міхась Скобла прызнаўся, што падрыхтаваў да друку кніжку выбранага Анатоля Сыса.

«Гэтая кніга мелася выйсьці яшчэ два гады назад, менавіта тады я пачаў над над ёй працу, — кажа Міхась Скобла. – Але па шэрагу прычын зрабіць тады яе не атрымалася. Затое цяпер ізноў зьявілася магчымасьць выдаць зборнік, знайшліся адпаведныя фінансавыя сродкі. Апошнія два тыдні цэлыя дні я праводжу ў Нацыянальнай бібліятэцы, каб у кнігу ўвайшлі ўсе вядомыя Сысовы вершы».

Кніга будзе мець назву «Лён», акурат, як хацеў яе яшчэ пры жыцьці назваць Анатоль Сыс. «Гэта будзе няпоўны збор твораў Анатоля, але паэзія, спадзяюся, выйдзе ўся. Гэта і першыя вершы, якія Сыс уласнаручна адмёў пры падрыхтоўцы сваіх зборнікаў, як слабыя і непрафэсійныя, і больш позьняя паэзія, якая літаральна нідзе не друкавалася. — кажа Скобла. – Сыс ня толькі пісаў вершы, у яго ёсьць цэлы шэраг цудоўных артыкулаў пра Крошын і Паўлюка Багрыма, ён вельмі захапляўся гэтым гістарычным пэрсанажам, выйдуць і іншыя артыкулы. Таксама тут будуць гутаркі з Сысом, якія ў розныя гады друкаваліся на старонках айчынных газэт. Яшчэ ў кнізе будуць зьмешчаныя 30 Анатолевых фатаздымкаў, якія раней абсалютна нідзе не друкаваліся».

Мастацкім афармленьнем кнігі займаецца знаны беларускі графік Уладзімер Вішнеўскі. Зборнік «Лён» яшчэ сёлета мусіць зьявіцца ў сьвет у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Пакуль што не ў «залатой» сэрыі, але Міхась Скобла кажа, што неўзабаве выбранае Сыса можа зьявіцца і ў ёй. Кніжка будзе мець 320 старонак. Ужо на гэтым тыдні карэктура кнігі будзе здадзена ў друк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?