Эксперты АБСЕ прыйшлі да высновы, што журналіст Алег Бябенін скончыў жыццё самагубствам. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні, размешчаным 23 лістапада на афіцыйным сайце АБСЕ.

«Дакументальна пацверджаны агляд месца здарэння, сабраныя на месцы здарэння прадметы, вынікі даследавання і аналіз сабраных матэрыялаў не даюць прычын сумнявацца ў высновах следства. Вусныя сведчанні, уключаныя ў матэрыялы справы, у тым ліку сваякоў, сяброў і калег, не далі ніякіх дадатковых фактаў ці доказаў», — гаворыцца ў паведамленні АБСЕ.

Паводле меркавання экспертаў, вынікі анатаміравання і рэчавыя доказы, сабраныя на месцы здарэння,

«ясна сведчаць, што прычынай смерці стала самагубства праз павешанне».

«Ацэнка і аналіз экспертаў такія, каб на падставе доказаў і даступнай для іх інфармацыі яны прыйшлі да высновы, што няма прычын думаць, што Бябеніна павесілі пасля смерці», — адзначаецца ў дакуменце.

Эксперты таксама ўказваюць на некаторыя кірункі магчымага далейшага тэхнічнага аналізу, якія могуць быць прынятыя да ўвагі кампетэнтнымі органамі Беларусі.

У той жа час у паведамленні адзначаецца: АБСЕ прасілі забяспечыць «тэхнічную ацэнку, а не поўнае расследаванне гэтай трагічнай смерці».

«Эксперты выканалі свае задачы строга ў рамках мандата і падрыхтавалі незалежны даклад, — падкрэсліваецца ў паведамленні. — Увесь адпаведны матэрыял па гэтай справе быў даступны для экспертаў. Матэрыялы былі перакладзеныя з рускай на англійскую мову нанятым АБСЕ незалежным перакладчыкам да прыбыцця экспертаў».

***

Алег Бябенін у 1990-х гадах працаваў намеснікам галоўнага рэдактара недзяржаўнай газеты «Имя». У 1998 годзе заснаваў сайт www.charter97.org і быў яго кіраўніком. Яго цела, якое вісела ў пятлі, было знойдзена 3 верасня прыкладна ў 19.00 у яго дачным доме ў вёсцы Пярхурава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. Органы пракуратуры правяраюць версію аб забойстве і інсцэніроўцы самагубства журналіста. Тэрмін правядзення праверкі па факце гібелі журналіста працягнуты да 3 снежня.

4 лістапада ў інтэрв’ю польскім журналістам Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць у тым, што справа аб смерці Бябеніна будзе раскрыта. «Я лічу, што тое, што гэта злачынства крымінальнае, высветліцца, і хтосьці там будзе вельмі дрэнна выглядаць, тыя, хто сёння кідае цень на ўладу. Як кажуць, на злодзеі і шапка гарыць. Я вінаваты ў тым, што гэта адбылося ў маёй краіне», — заявіў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?