Кандыдат у прэзідэнты Беларусі Віталь Рымашэўскі папярэджаны Генеральнай пракуратурай аб неправамернасці правядзення акцыі на Кастрычніцкай плошчы Мінска 24 лістапада.

Пра гэта 23 лістапада паведаміў начальнік упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Генпракуратуры Павел Радзівонаў.

Паводле яго слоў, Генпракуратура ўжо падрыхтавала афіцыйнае папярэджанне на адрас кандыдата ў прэзідэнты, якое будзе ўручана Рымашэўскаму пасля яго вяртання з Бабруйска.

Нагодай для пракурорскага рэагавання стала заява Рымашэўскага па беларускім тэлебачанні 22 лістапада аб намеры правесці 24 лістапада ў 18.00 сустрэчу з выбаршчыкамі на Кастрычніцкай плошчы.

Радзівонаў нагадаў, што, згодна з рашэннем Мінгарвыканкама ад 11 лістапада гэтага года, сустрэчы з выбаршчыкамі не могуць праходзіць на Кастрычніцкай плошчы, плошчах Незалежнасці, Перамогі і Якуба Коласа, а таксама ў падземных пераходах, на станцыях метро і шэрагу іншых аб`ектаў.

«Гэтыя рашэнні мясцовых улад скіраваны на арганізацыю грамадскай бяспекі і правапарадку і не ўшчамляюць правы кандыдатаў у прэзідэнты на правядзенне агітацыйных мерапрыемстваў», — заявіў Радзівонаў.

За арганізацыю і правядзенне несанкцыянаваных мерапрыемстваў кандыдатам у прэзідэнты пагражае не толькі адміністрацыйная, але і адказнасць у адпаведнасці з Выбарчым кодэксам, папярэдзіў ён.

Прадстаўнік Генпракуратуры ўхіліўся ад адказу на пытанне, ці можа быць пазбаўлены Рымашэўскі статусу кандыдата ў прэзідэнты, калі акцыя на Кастрычніцкай плошчы ўсё ж адбудзецца. Паводле яго слоў, рашэнне па гэтым пытанні будзе прымаць Цэнтрвыбаркам. Акрамя таго, адзначыў Радзівонаў, многае будзе залежаць ад акалічнасцяў учынення правапарушэння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?