Удзел кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага ў акцыі на Кастрычніцкай плошчы 24 лістапада можа пацягнуць прымяненне санкцый з боку Цэнтрвыбаркама, заявіў БелаПАН сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік.

Паводле яго слоў, у дачыненні да кандыдатаў у прэзідэнты выбарчае заканадаўства прадугледжвае два віды санкцый — папярэджанне і адмена рэгістрацыі.

«Усё будзе залежаць ад таго, у што выльецца акцыя. Калі Рымашэўскі спыніцца на этапе закліку да ўдзелу ў акцыі і не стане парушаць выбарчае заканадаўства, то і рэакцыя Цэнтрвыбаркама будзе мяккай. Калі ж ён стане свядома штурхаць грамадзян на парушэнне заканадаўства, то і санкцыі могуць быць прымененыя сур’ёзныя», — сказаў Лазавік.

Пры гэтым сакратар Цэнтрвыбаркама адзначыў, што калі парушэнне заканадаўства будзе грубым, адразу можа быць прымененая санкцыя ў выглядзе адмены рашэння аб рэгістрацыі кандыдата ў прэзідэнты без папярэдняга вынясення папярэджання.

Як паведамлялася раней, 23 лістапада Генпракуратура вынесла Рымашэўскаму афіцыйнае папярэджанне аб неправамернасці правядзення акцыі на Кастрычніцкай плошчы. Падставай для пракурорскага рэагавання стала заява Рымашэўскага, зробленая па Беларускім тэлебачанні 22 лістапада, аб намеры правесці 24 лістапада сустрэчу з выбаршчыкамі.

Начальнік упраўлення па нагляду за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Генпракуратуры Павел Радыёнаў паведаміў, што, згодна з рашэннем Мінгарвыканкама ад 11 лістапада гэтага года, сустрэчы з выбаршчыкамі не могуць праводзіцца на Кастрычніцкай плошчы, плошчах Незалежнасці, Перамогі і Якуба Коласа, а таксама ў падземных пераходах, на станцыях метро і шэрагу іншых аб’ектаў.

У інтэрв’ю БелаПАН Рымашэўскі заявіў, што «не мае маральнага права не прыйсці на сустрэчу з выбаршчыкамі».

Рымашэўскі не баіцца пагрозы магчымай адмены яго рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты: «Нам 16 гадоў пагражаюць. Прыйшоў час адмовіцца ад страху. Трэба перастаць іграць у спектаклі, у які ператварылі выбары, па правілах улад. Беларусі неабходныя сапраўдныя дэмакратычныя выбары».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?