«БХД збудуе ў Беларусі сапраўдную еўрапейскую эканоміку, заснаваную на працаёмістай вытворчасці, транзіце, сэрвісе, інфармацыйных тэхналогіях, бізнесе»,

— заявіў кандыдат у прэзідэнты сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Віталь Рымашэўскі ў прамым эфіры першага канала Беларускага радыё раніцай 24 лістапада.

Ён адзначыў, што

апошнія гады ўлада «займалася толькі тым, што душыла тых людзей, каторыя хочуць зарабляць грошы».

«Не даюць нават прадаваць газеты пенсіянерам, якія стаяць у пераходах метро.

Падатковая інспекцыя дзейнічае як рэпрэсіўная машына. Мы гэта спынім», — паабяцаў Рымашэўскі.

Падчас выступлення па радыё ён ў асноўным паўтарыў свой зварот да выбаршчыкаў па тэлебачанні 22 лістапада. Ён больш падрабязна спыніўся на некаторых тэмах, скараціў другія і ўнёс стылістычныя праўкі ў трэція. У прыватнасці, Рымашэўскі не стаў казаць пра адміністрацыйную рэформу (павелічэнне колькасці абласцей с шасці да 23).

«Усю моц дзяржавы накіруем на падтрымку сям`і,

— паабяцаў Рымашэўскі. — Дапамога па наглядзе за дзіцем будзе ў памеры сярэдняга заробку на кожнае дзіця да пяці год і паловы сярэдняга заробку на дзіця да дзесяці год. Толькі так можна спыніць выміранне беларусаў».

Будзе скасавана прымусовае размеркаванне студэнтаў, «якіх часта накіроўваюць працаваць у чарнобыльскія зоны, — маладых людзей, якім трэба будзе заводзіць сем`і, нараджаць дзяцей».

«Сённяшняя ўлада труціць проста, забівае», — лічыць кандыдат.

«Мы створым свабодныя прафсаюзы, дадзім магчымасць кантраляваць, куды ідуць заробленыя грошы. У Беларусі засталося толькі некалькі прадпрыемстваў, дзе гэтыя свабодныя прафсаюзы ёсць. Як паказвае практыка, на тых прадпрыемствах у паўтара-два разы заробкі вышэй, таму што людзі могуць бараніць адзін аднаго, могуць кантраляваць дырэкцыю завода», — адзначыў кандыдат.

Рымашэўскі раскрытыкаваў пенітэнцыярную сістэму:

«Сёння ў турму садзяць людзей за дробныя парушэнні закону, а тыя, хто крадуць мільёны, на свабодзе.

Сістэма пакарання не выпраўляе людзей, а робіць з іх бандытаў. Улада робіць амністыю перад выбарамі, а потым зноў гэтых усіх людзей садзіць на „зону“, дзе і там людзей абкрадаюць, не даюць ім чалавечых умоў для жыцця». «Турма павінна выпраўляць чалавека, а не калечыць, як сёння», — заявіў кандыдат.

Паўтарыўшы, што абавязковая служба ў войску будзе заменена зборамі да шасці месяцаў, Рымашэўскі паабяцаў, што кожны, хто пажадае,

«будзе мець магчымасць альтэрнатыўнай службы»,

а вайскоўцы не будуць накіроўвацца ў гарачыя пункты.

На думку палітыка, беларускія ўлады не зацікаўлены ў тым, каб грамадзяне краіны наведвалі Еўропу, і таму не падпісвае пагадненне з Польшчай аб малым прыгранічным руху. «Ім нявыгадна, каб мы з вамі ездзілі за мяжу і бачылі, як там жывуць людзі. Хто б тады сёння прагаласаваў за дзеючую ўладу? — запытаўся Рымашэўскі. — 

З экранаў тэлебачання нам паказваюць, што ў Еўропе, маўляў, жывецца горш. Гэта проста хлусня. Мы павінны адкрыць Беларусь для Еўропы».

Рымашэўскі паўтарыў, што перадвыбарчая праграма БХД прадугледжвае змену ўсёй сістэмы, што будзе патрабаваць незалежнага расследавання смерці вучонага Івана Нікітчанкі, які трапіў у ДТЗ. Палітык зноў заклікаў выбаршчыкаў прыйсці 19 снежня на Кастрычніцкую плошчу Мінска.

«Для мяне Беларусь — найперш гэта свабода», — падкрэсліў кандыдат у прэзідэнты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?