Міністр унутраных спраў Беларусі Анатоль Куляшоў заявіў журналістам, што падчас акцыі на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску міліцыя будзе паводзіць сябе карэктна, але ў межах закону.

Ён адзначыў: «Ёсць устаноўка, каб міліцыя паводзіла сябе карэктна і з павагай да людзей».

«Разам з тым я хачу нагадаць, што людзі, якія заклікаюць прыйсці на плошчу, маюць не толькі пэўныя правы, але і пэўныя абавязкі перад законам. Таму мы будзем дзейнічаць выключна ў межах закону. Разам з тым аналіз падобных падзеяў паказвае, што сярод тых, хто збіраецца на плошчы, заўжды ёсць група людзей, якая хоча справакаваць супрацоўнікаў праваахоўных органаў на меры жорсткага рэагавання.

І таму мы будзем дзейнічаць у залежнасці ад стуацыі.

Міліцыя будзе адказваць адэкватна, але ў межах закону», — сказаў Куляшоў.

Падчас прэзідэнцкай кампаніі, паводле міністра, яго падначаленыя ня ўмешваюцца ў справы кандыдатаў у прэзідэнты. Аднак яны пратакалююць кожнае парушэнне парадку і дасылаюць адпаведныя дакументы ў Цэнтравыбаркам. У якасці прыкладу Анатоль Куляшоў прывёў учорашнія дзеянні даверанай асобы кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага Паўла Севярынца, які праводзіў у Бабруйску акцыю ў недазволеным месцы. Супрацоўнікі міліцыі не затрымлівалі Севярынца і не перашкаджалі яму дзейнічаць. Аднак яны склалі адпаведны пратакол і накіравалі яго на рэагаванне ў ЦВК.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?