Услед за трыма былымі салісткамі папярэдняга складу «Топлес» знайшла свой шлях і чацвертая — са знакавым у Беларусі прозвішчам Лукашэнка. Беларуская красуня з'явіцца аголенай у расійскай версіі часопіса Maxim.


Як вядома, Вольга Вайніловіч і Лера Бацякова пакуль абралі шлях хатніх гаспадыняў, выйшаўшы замуж за шоўмэна Вадзіма Галыгіна і бізнэсоўца Уладзіміра Каяву адпаведна. Ганна Гоманава піша і прадае ўласныя карціны. Вызначылася з родам дзейнасці і Таццяна Лукашэнка — таксама самастойная творчая адзінка.

Спачатку яе можна будзе ўбачыць у расійскай версіі часопіса Maxim, у раздзеле «Хто гэтая дзяўчына?» Сімвалічна, што беларуска з прозвішчам Лукашэнка з’явіцца менавіта ў снежаньскім нумары глянцу — у месяц, калі на радзіме будуць праходзіць прэзідэнцкія выбары.

— У гэтай рубрыцы друкуюцца фотасесіі дзяўчат, якія з’яўляюцца тварамі рэкламных ролікаў, — расказала «Салідарнасці» Таццяна. — Я знялася ў рэкламе шакаладных батончыкаў «Nuts» у ролі вавёркі.
Гэты ролік можна ўбачыць у Беларусі, Казахстане, Расіі. Вось мяне і запрасілі. Злётала, знялася, вярнулася…

На пытанне пра ўмовы здымак суразмоўніца адказваць не захацела.

Мы прапануем выбранае з інтэрв’ю Тані Лукашэнка для MAXIM.

— Раскажы, калі ласка, сцэнар роліка. Раптам не ўсе чытачы яго бачылі.

— Я бягу з велізарным арэхам і на поўнай хуткасці ўразаюся ў натоўп гіганцкіх сініх амерыканскіх футбалістаў. І ў выніку ў мяне ад гэтага арэха атрымаўся вось такі сіняк! Праўда, ім потым рэжысёр растлумачыў, што яны ўсё ж павінны расступацца хоць неяк, інакш я проста аб іх заб’юся. І далей было ўжо не так балюча.

— Гэта быў твой дэбют ці ты ветэран рэкламы?

— Не тое каб ветэран, але рэкламавала я многае. Напрыклад, паясы для пахудзення. Гэта калі спачатку паказваюць поўную жанчыну, а потым яе ж, але добра схуднелую. Я заўсёды паказвала ўжо схуднелую.

— А наконт уласнай фігуры і вагі ў цябе ёсць нейкія комплексы? Проста вельмі часта нават тыя жанчыны, што выглядаюць ідэальна, спрабуюць худзець ныюць, што яны вельмі тоўстыя.

— Ну не ведаю. Мяне ў сабе ўсё задавальняе. Ніколі не сядзела на дыетах і нават хачу крыху паправіцца.

— Раней ты спявала ў групе «Топлес». Вы сапраўды выступалі топлес?

— Вядома, не! Але прадусар лічыў, што назва мусіць прыцягваць публіку, а на дыскі і кліпы грошай шкадаваў. Вельмі стамлялі суцэльныя гастролі і пераезды. У выніку нашая галоўная бландынка выходзіла на сцэну перад велізарным натоўпам на плошчы і крычала: «Прывітанне, Баранавічы!» Хоць гэта былі не Баранавічы, а Бабруйск. Уяўляеш, як гэты натоўп рэагаваў?

— Галоўнае, што жывая засталася. І якія далейшыя планы?

— Я пішу песні і хачу зрабіць свой сольны праект. Пакласці іх на музыку і выканаць пад фартэпіяна. Толькі прадусара няма.

— Каму патрэбны прадусар, калі ёсць Youtube? Калі ты геніяльная, народ гэта тут жа разашле адно аднаму, і да цябе прыйдзе слава.

— Праблема ў тым, што я вельмі самакрытычная. Мне трэба спачатку самой пераканацца, што ў мяне атрымліваецца добрая музыка, і толькі потым выносіць на суд гледачоў.

Па словах Таццяны, пытанне з уласным развіццём як самастойнай творчай адзінкі — сапраўды толькі пытанне часу.

— Выкласці свае песні на youtube.com — гэта добрая ідэя. Цяпер стаіць пытанне, як гэта прадставіць гледачу. Так што гэта справа часу, — сказала Лукашэнка «Салідарнасці».

Больш за тое, дзяўчына падзялілася найбліжэйшымі планамі на будучыню, якія выявіліся не менш цікавымі.

Ужо пачынаючы ад гэтых выходных прыхільнікі змогуць бачыць Таццяну ў эфіры тэлеканала «РТР-Беларусь» — у ролі вядучай прагнозу надвор’я пасля суботняга выпуску навін.

Мы ўжо было паспадзяваліся, што дзеля павышэння рэйтынгаў гэты тэлеканал будзе пераймаць нямецкі досвед, дзе транслююць пікантны прагноз з дыктаркамі у сэксуальным адзенні… Але не.

Як запэўніла нас Таццяна Лукашэнка, у эфіры яна будзе з’яўляцца вельмі нават адзетай. Праўда, на яе думку, невялікае дэкальтэ ў блузцы будзе ўсё-ткі дазволена.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?