На 2011–2015 гады Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі запланаваў выданне шматтомнай «Гісторыі Беларусі»,

паведаміў 24 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Мінску выканаўца абавязкаў дырэктара дзяржаўнай навуковай установы, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вячаслаў Даніловіч.

Паводле яго слоў, неабходна з новых пазіцый на грунце нацыянальна-дзяржаўнай ідэалогіі паглядзець на айчынную гісторыю ад старажытнасці да сучаснасці. Гаворка ў тым ліку ідзе і пра формы дзяржаўнасці, якія існавалі на тэрыторыі Беларусі на працягу стагоддзяў — ад Кіеўскай Русі, Полацкага і Тураўскага княстваў, Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі да нацыянальных форм дзяржаўнасці, уключаючы Беларускую Народную Рэспубліку, БССР і Рэспубліку Беларусь, сказаў навукоўца. Уключэнне беларускіх земляў у склад Расійскай імперыі спыніла паланізацыю, якая адбывалася ў часы Рэчы Паспалітай, што паспрыяла крышталізацыі беларускага народа і беларускай нацыянальнай ідэі, якая пачала развівацца ў часы знаходжання Беларусі ў складзе Расійскай імперыі, лічыць Даніловіч.

Вучоны выказаў спадзяванне,

што на пачатку 2011 года выйдзе ў свет двухтомная калектыўная праца айчынных даследчыкаў «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці. Канец XVIII — пачатак XXI стагоддзяў»,

у якой прааналізаваныя перадумовы фарміравання беларускай нацыянальнай ідэі і этапы станаўлення беларускай дзяржаўнасці.

Паводле яго слоў, у сувязі з тым, што ў 2011 годзе будзе адзначацца 20-годдзе Рэспублікі Беларусь, кіраўніцтва навуковай установы разам з аддзяленнем гуманітарных навук і мастацтваў НАНБ ініцыявала правядзенне 29–30 чэрвеня наступнага года міжнароднай навуковай канферэнцыі «Рэспубліка Беларусь. 20 год незалежнасці». Плануецца, што ў мерапрыемстве возьмуць удзел не толькі гісторыкі, але і філосафы, эканамісты, сацыёлагі, палітолагі, культуролагі і іншыя зацікаўленыя спецыялісты, што дазволіць усебакова разгледзець і прааналізаваць найноўшую гісторыю краіны, сказаў Даніловіч.

Падчас прэс-канферэнцыі працавала выстава навуковых выданняў — зборнікаў, манаграфій і энцыклапедый па тэме «Беларуская дзяржаўнасць і ваенная гісторыя ў даследаваннях вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?