Дыягназ «СНІД» менскія мэдыкі ў 2010 годзе паставілі 28 жыхарам Менску, зь якіх 9 памерлі.

Пра гэта паведаміла на прэс-канфэрэнцыі ў сераду загадчыца аддзяленьня прафіляктыкі ВІЧ/СНІД Менскага гарадзкога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Марына Варакса.

Яна ўдакладніла, што агульная колькасьць выпадкаў СНІДу за пэрыяд статыстычнага назіраньня ў Менску складае 150 чалавек, зь іх памерлі 83, перадае Інтэрфакс.

Агульная колькасьць выяўленых у Менску выпадкаў ВІЧ паводле стану на 1 лістапада 2010 году склала 1611, з гэтага ліку 553 жанчыны і 1058 мужчын.

У выніку іньекцыйнага ўжываньня наркатычных рэчываў інфікавана ВІЧ 48 чалавек. Паводле яе слоў, большасьць ВІЧ-інфікаваных знаходзяцца ва ўзроставай групе 20–34 г.

Паводле намесьніка галоўнага лекара Гарадзкой інфэкцыйнай клінічнай бальніцы, «на сёньняшні дзень Менск займае трэцюю пазыцыю ў краіне паводле ўзроўню распаўсюджанасьці і чацьвёртую — паводле ўзроўню захворваньня на ВІЧ-інфэкцыю».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?