25.11.2010 / 15:00

Пасол Расіі: Мы сыходзімся, што Лукашэнка пераможа 33

Мы наступстваў не чакаем і не збіраемся ўмешвацца ў выбарчы працэс.

Аляксандр Сурыкаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расеі ў Беларусі, падчас свайго візыту на Алтай, свой родны рэгіён, у інтэрвію газэце «Свободный курс» падзяліўся сваім меркаваньнем наконт прычынаў узаемных абвінавачваньняў паміж кіраўнікамі Беларусі і Расеі.

«Свободный курс»: Як прасоўваецца праца па стварэнні адзінай эканамічнай прасторы, Мытнага саюзу?

Сурыкаў: Самае галоўнае — саюз створаны, зараз ідзе працэс прыціркі. Інтэграцыйныя працэсы разьвіваюцца: тавараабарот расьце, каапэрацыйныя працэсы ў эканоміцы таксама. Вядома, не абыходзіцца без шурпатасьцяў. Часам бывае, на жаль, шмат шуму. Напрыклад, Беларусі хацелася б, каб мы зьліквідавалі мытныя пошліны на нафту і нафтапрадукты. Мы кажам, што гатовыя гэта зрабіць, калі створым адзіную эканамічную прастору, каб умовы працы ў нафтавай і газавай плоскасьці былі раўнапраўнымі. Ідзе абмеркаваньне — пакуль часам стварэньня адзінай эканамічнай прасторы называецца 1 студзеня 2012 году, хацелася б раней.

«Свободный курс»: Як праходзіць абмеркаваньне гэтага пытаньня?

Сурыкаў: Дастаткова плённа, хоць мы яшчэ чакаем складанасьцяў. Таму што, напрыклад, у Казахстане і Расеі эканомікі больш рынкавыя, чым у Беларусі, дзе ў большай ступені пераважае дзяржуласнасьць. Я думаю, што з выхадам на адзіную эканамічную прастору цяперашнія спрэчкі, сьведкамі якіх зьяўляюцца ў тым ліку тэлегледачы Расеі, асабліва каналу НТВ, будуць зьнятыя. Краіны выдатна суседнічаюць, сябруюць, усе сфэры дзейнасьці нармальна інтэгруюцца, але не бяз трэньняў, якія часам выліваюцца ў такія ўсплёскі.

«Свободный курс»: Ці чакаеце вы сур’ёзных наступстваў гэтага супрацьстаяньня двух лідэраў?

Сурыкаў: Мы наступстваў не чакаем і не зьбіраемся ўмешвацца ў выбарчы працэс. І мы, і Эўразьвяз, і ЗША сыходзімся ў прагнозах, што адзін галоўны кандыдат — Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка — пераможа аб’ектыўна, прадказальна і зь вялікім адрывам. Калі ж беларускі бок пачаў нагнятаць інфармацыю, запрасіў парадку сотні друкаваных і электронных СМІ, пачаў гаварыць ня вельмі прыемныя рэчы, мы таксама пачалі гаварыць ня вельмі прыемныя рэчы. Таму што двухбаковыя пытаньні варта абмяркоўваць як належыць, у міждзяржаўным фармаце. Трэба сядаць за стол перамоваў і вырашаць. А ня скардзіцца журналістам.

«Свободный курс»: Чаму ж так не атрымліваецца?

Сурыкаў: Мабыць, таму, што ў кожнага чалавека свой характар: у аднаго больш экспансіўны, у іншага больш спакойны. Ёсьць крыўды: дзесьці мы не задавальняем жаданьне беларускага боку. Мы сапраўды ня можам заўсёды іх задавальняць. Узаемаадносіны павінны будавацца на ўзаемавыгаднай, раўнапраўнай і рынкавай аснове. Але адзін бок часам патрабуе выгаду толькі для сябе. Так быць ня можа.

«Свободный курс»: Як адбіўся на вашай дзейнасьці пэрыяд абвастрэньня адносін?

Сурыкаў: Амбасада не прымае рашэньняў у тых ці іншых дамоўленасьцях. Гэта справа прэзыдэнта, прэм’ера ці ўраду. Мы толькі даводзім свой пункт гледжаньня. А ці будзе наша або беларуская ўлада прытрымлівацца гэтага пункту гледжаньня — гэта пытаньне такое…

«Свободный курс»: Ці была размова пра магчымае ваша адкліканьне зь Менску Масквой…

Сурыкаў: Пра гэта размовы не было. Хтосьці думае: раз такія заявы былі, то паслоў адклічуць. Але мы не настолькі далёка зайшлі. Расейска-беларускія адносіны, калі не лічыць зьедлівасьцяў у выступах, шмат у чым добрыя.

«Свободный курс»: Але ўсё ж вам няпроста давялося ў гэты пэрыяд?

Сурыкаў: Прыемнага мала. Калі ў Беларусі глядзяць па расейскіх каналах фільмы пра «бацьку»… Я думаю, што гэта таксама не вельмі добра з пункту гледжаньня давядзеньня думкі.

«Свободный курс»: Заяву нашага прэзыдэнта ў відэаблогу як там успрымалася?

Сурыкаў: Нармальна. Разумею крыўды беларускага боку. Але яно было адказам на прэс-канфэрэнцыю Аляксандра Рыгоравіча расейскім журналістам, дзе было сказана шмат непрыемнага ў адрас нашага кіраўніцтва. Абмяняліся зьедлівасьцямі, цяпер стала спакайней.

«Свободный курс»: Ці надоўга?

Сурыкаў: Можа, і назаўсёды. Калі паўстане разуменьне ў абодвух бакоў аб правілах вырашэньня разыходжаньняў. Мне здаецца, яно пачынае ўзьнікаць.

0
Віталь Z / Адказаць
25.11.2010 / 15:11
Адкуль таварышч Суріков ведае вынікі выбараў? Бо дыктатар агучыў іх за 2 месяцы да выбараў? ТОЛЬКІ НАРОДНЫ БАЙКОТ!!!
0
Кот / Адказаць
25.11.2010 / 15:39
Ну, чаму вы зьдзiўлены так сп. Вiталь, Сурiков проста агучыў сакрэт полiшынэля, якiя заключаецца ў тым, што Расея вельмi зацiкаўлена ў чацьвёртым i апошнiм тэрмiне клiента. Менавiта на iм плануецца зьняць усе беларускiя сьлiўкi, а гэтаксама шчэ за прызнанiе ашуканства. Такая схема.
0
wint / Адказаць
25.11.2010 / 16:44
Не, Кот, ён агучыў тое, што ўсе разумеюць і так. І ЗША, і ЭЗ (Грыбаўскатэ пра гэта таксама казала), і Расея, і беларусы, і нават, кандыдаты. Толькі марыянэткі лічыць, што нешта зь сябе ўяўляюць і надзьмухаюць шчокі, "разлічваючы" на перамогу і расказваючы, што "ў лыжах на асфальце стаяць ня будуць". Будуць, загадаюць - будуць стаяць. :) Бо атрымаў бабкі, дык адпрацоўвай. Гэты кандыдат ня толькі стаяць у лыжах будзе, а шчэ і польку паспрабуе ў тых лыжах станцаваць. :) Бо - марыянэтка, а самастойным ужо ня стаць, нават адзін раз - ужо 321. "І мы, і Эўразьвяз, і ЗША сыходзімся ў прагнозах, што адзін галоўны кандыдат — Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка — пераможа аб’ектыўна, прадказальна і зь вялікім адрывам."
Паказаць усе каментары/ 33 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру